Памёр філосаф Уладзімір Конан
06.06.2011 13:09
—
Новости Общества
Памёр філосаф Уладзімір Конан
Уладзімір Конан памёр уноч з 5 на 6 чэрвеня. "Патрыярха беларуская філасофіі" не стала на 78 годзе жыцця.Анатоль Сідарэвіч пра Уладзіміра Конана:
— 26 мая адбыліся "Узвышаўскія чытанні". Мы чакалі на іх і чалавека, які зрабіў нямала для вяртання добрага імя гэтага аб’яднання. Мы чакалі Уладзіміра Конана, але ён не здолеў прыйсці. Даслаў толькі свой выступ.
Я ведаў Уладзіміра Конана з 1969 года, калі працаваў у Капыльскай раённай газеце. Тады спаўнялася 70 гадоў Адаму Бабарэку. Я звярнуўся да Уладзіміра Міхайлавіча, каб ён напісаў артыкул. Ён адгукнуўся. І дзякуючы яму адбылося святкаванне юбілею Бабарэкі афіцыйна на ўзроўні райвыканкама.
У 1972 годзе Уладзімір Конан і Энгельс Дарашэвіч выдалі ў серыі "Гісторыя эстэтычнай думкі СССР" беларускі том. А летась выйшаў першы том "Гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі" — гэта яго капітальная праца, сума таго, што ён даследаваў. І я чакаю другі том. Для мяне важна, ці паспеў ён падрыхтаваць яго да друку.
…Часта ў нас акадэмікамі і членамі-карэспандэнтамі становяцца людзі, пасля смерці якіх няма чаго прад’явіць нашчадкам. У адрозненні ад Уладзіміра Конана, які і не быў ні акадэмікам, ні членам-карэспандэнтам.
***
Уладзімір Конан нарадзіўся 23 красавіка 1934 года ў вёсцы Вераскава Навагрудскага раёна. Беларускі філосаф, літаратуразнаўца, крытык. Выпускнік гістарычнага факультэта БДУ. Доктар філасофскіх навук па спецыяльнасці "эстэтыка". Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі ў 1984 годзе за ўдзел у напісанні цыкла калектыўных манаграфій па гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі (апублікаваны ў 1973-1980). Аўтар прац "Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917-1934 гг.)" (1968), "Ад Рэнесансу да класіцзму" (1978), "Святло для людзей: Родная мова і культура ў эпоху перабудовы" (1989), "Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча" (1991) і іншых.