Святло ў вокнах Дзіцячай вёскі

Источник материала:  
Жыццё, бывае, з маленства выпрабоўвае чалавека. У любым грамадстве дзеці па розных прычынах сірацеюць, застаюцца без апекі бацькоў. У Беларусі такіх амаль 26 тысяч. Палітыка дзяржавы вызначана: па магчымасці дзецям шукаюць новую апякунскую ці прыёмную сям’ю. Ствараюцца для іх і дзіцячыя вёскі, гарадкі сямейнага тыпу, а таксама такія паселішчы, як SOS-Дзіцячая вёска. Увогуле, як дапамагчы дзецям, што перажылі жыццёвая трагедыі, не разуверыцца ў людзях? Як зрабіць, каб яны не выраслі жорсткімі, а сталі больш шчаслівымі? Пра гэта мы гутарылі з дырэктарам па развіцці праграм грамадскай арганізацыі “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска” Таццянай Буравай.
Святло ў вокнах Дзіцячай вёскі— Наш фонд пачынаючы з 2004 года акрамя арганізацыі SOS-Дзіцячых вёсак працуе і на ўмацаванне сям'і, змяншэнне ўзроўню сацыяльнага сіроцтва, — гаворыць Таццяна Бурава. — Плён нашых намаганняў — два сацыяльныя цэнтры (у Бараўлянах пад Мінскам і ў Мар’інай Горцы) і кансультатыўны цэнтр у Магілёве. Там мы працуем з сем'ямі, якія па розных прычынах трапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі. У Магілёве ў нас ёсць і прытулак, дзе могуць часова пажыць жанчыны, у тым ліку з дзецьмі, якія пацярпелі ад гвалту ў сям'і. Часта дзякуючы працы нашых псіхолагаў сям’ю ўдаецца захаваць.
— Першая SOS-Дзіцячая вёска, наколькі мне вядома, з'явілася ў Беларусі ў 1995 годзе. За гэты час многія дзеці выраслі. Ці адсочваеце вы далейшы іх лёс?
— Так, абавязкова! Лёсы складаюцца па-рознаму. Прыкладам, сем нашых дзяўчынак ужо самі сталі мамамі, стварылі сем'і, і мы часам дапамагаем ім, калі бываюць складанасці. У асноўным падапечныя атрымліваюць рабочыя прафесіі, трое маюць вышэйшую адукацыю, некаторыя вучацца ў ВНУ.
— Ведаю, што SOS-Дзіцячыя вёскі працуюць па класічнай схеме, яе прапанаваў у 1949 годзе заснавальнік, ідэолаг SOS-вёсак Герман Гмайнер: адна SOS-мама выхоўвае максімальна семярых дзяцей. А ім жа лепш расці ў поўнай сям'і. Ці могуць у вашай праграме працаваць SOS-пары?
— Мы разумеем, што дзіцяці лепш у поўнай сям'і. Але ў Беларусі ёсць шмат сацыяльных праектаў, калі і поўная сям'я можа рэалізаваць сябе ў якасці прыёмных бацькоў. Мы ж толькі пачалі працаваць у гэтым кірунку, у нас пакуль няма SOS-пары, як і SOS-татаў. А на Захадзе такі вопыт ёсць. У Аўстрыі, напрыклад, SOS-тата адзін выхоўвае чацвярых дзяцей, у Фінляндыі SOS-тата выхоўвае семярых. У Беларусі мужчыны да нас не звярталіся з такімі прапановамі.Святло ў вокнах Дзіцячай вёскі
— Сёлета ў арганізацыі “Беларускі фонд SOS-Дзіцячая вёска” — 20-я ўгодкі. З якімі набыткамі сустракаеце юбілей?
— Мы пачыналі з адной SOS-вёскі, цяпер іх тры. Многае змянілася і ў падыходах. Мы цяпер да таго ж працуем комплексна. Хоць праект і называецца “SOS-Дзіцячая вёска”, але цяпер мы імкнёмся не толькі ўратаваць, падгадаваць, падвучыць юных грамадзян, але і падрыхтаваць іх да дарослага жыцця, а часам і “рэстаўраваць” за гэты час чалавеку родную сям’ю, калі яна ёсць, каб ён туды мог вярнуцца.
— Як лічыце, ці магчыма цалкам абысціся без дзіцячых дамоў, інтэрнацкіх устаноў?
— Думаю, што так. Прынамсі, Прэзідэнт паставіў такую задачу, і да 2015 года дзіцячыя дамы ў Беларусі плануецца расфармаваць і цалкам перайсці на сямейныя формы выхавання дзяцей-сірат і тых, што засталіся без бацькоўскай апекі. Вядома ж, ніякі дом не заменіць роднай сям'і, дзе адчуваецца цяпло і клопат родных. Таму мы і надалей будзем працаваць на ўмацаванне сям’і, каб і падлеткі разумелі, што сям’я, сямейныя традыцыі — гэта вялікая каштоўнасць, якую можна захаваць толькі сумеснымі намаганнямі, працай усіх, хто да яе належыць.

Іна Ганчаровіч

←Температура в Беларуси в первый день лета приблизилась к рекордным показателям

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика