Дзе прыгажосць – там і сіла

Источник материала:  
Многія, хто знаёмы з плёнам працы Міхася Раманюка, лічаць, што зробленае ім за нядоўгае жыццё — сапраўдны навуковы подзвіг
Дзе прыгажосць – там і сілаЁн нарадзіўся ў вёсцы Кавалі, на Брагіншчыне, 3 студзеня 1944 года, калі святло Перамогі толькі займалася. Пасля вызвалення Беларусі бацька, Фёдар Раманюк, пайшоў на фронт, там і загінуў. Маці ж адной цяжка было гадаваць чатырох малых, і сям’я пераехала ў вёску Старынкі, на Дзяржыншчыну, да сваякоў. Мясцовы калгас дапамог набыць лес, талакою збудавалі Раманюкам хату. Там, у акружэнні маляўнічых краявідаў і добрых людзей, рос, мужнеў Міхась.
Шмат цікавага пра яго жыццё расказалі мне брат Леанід і пляменніца Наталля, якія жывуць у Дзяржынску. Брат згадвае, што Міхась быў дапытлівым, любіў маляваць, добра вучыўся, дапамагаў маці па гаспадарцы. Паважалі яго за мяккі характар, пашану да старэйшых, ветлівасць. Міхась скончыў тэхнікум, адслужыў у арміі, а ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце вывучыўся на мастака-мадэльера. Потым, пасля аспірантуры, чытаў лекцыі па гісторыі касцюма, а з 1989-га і да сыходу загадваў кафедрай у Акадэміі мастацтва, у 1993-м стаў прафесарам. Ён быў галоўным рэдактарам часопіса “Мастацтва Беларусі”, членам Саюза мастакоў СССР. З вялікай павагай ставіўся да нацыянальнай культурнай спадчыны, старанна даследаваў яе, бо лічыў, што менавіта ў прыгажосці чэрпае духоўную сілу наш народ. І па сабе этнограф, мастацтвазнавец, мастак, фатограф Міхась Раманюк пакінуў вялікую спадчыну, якую доўга яшчэ будуць вывучаць нашчадкі.
Ён паспяваў усюды: ствараў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамбля танца, кансультаваў многія работы на “Беларусьфільме”, дапамагаў ладзіць экспазіцыю Заслаўскага музея народных промыслаў і рамёстваў... Пісаў кнігі па матэрыялах этнаэкспедыцый — выйшлі тамы “Песні і строі Піншчыны”, “Народны касцюм Чачэрска і ваколіц”. Раманюк стварыў і серыю буклетаў-плакатаў “Беларускае адзенне”. У Мінску, а затым і ў Парыжы, Ліёне, іншых гарадах Еўропы арганізоўваў выставы, і там дзякуючы гэтаму нанава адкрывалі мастацтва Беларусі.Дзе прыгажосць – там і сіла
А колькі артыкулаў вучонага ў энцыклапедыях, даведніках! Скажам, у томе “Этнаграфія Беларусі” амаль пад усімі артыкуламі пра беларускія строі — яго прозвішча. З нязменным капелюшом, фотаапаратам ён шмат павандраваў па Палессі, Віцебшчыне, Магілёўшчыне. Дарэчы, з 6-гадовага ўзросту падарожнічаў з ім і сын Дзяніс, які стаў мастаком, выдаўцом, фатографам. Я сустрэўся з ім у мінскай майстэрні, што раней належала яго бацьку. Паліцы там застаўлены збанамі, іконкамі, кнігамі, саламянымі вырабамі — сапраўдная скарбніца! Так Раманюкі аб’ездзілі, абышлі многія рэгіёны Беларусі, надаючы асаблівую ўвагу Палессю, дзе зберагліся народныя традыцыі, строі, даўнія прадметы хатняга ўжытку: збаны, абразы, фартухі, дываны, кашулі, куфры. Міхась Раманюк першым на Беларусі пачаў апісваць рэгіянальныя асаблівасці традыцыйнага нацыянальнага адзення.
Асаблівая старонка жыцця даследчыка — экспедыцыі па тэрыторыях, у вёскі, адселеныя пасля чарнобыльскай катастрофы. Ён, як і многія тады, не ведаў, наколькі радыяцыя небяспечная для здароў’я… У выніку тых экспедыцый былі сабраны рэчы, якія маглі быць беззваротна страчанымі. Прайшоўшы неабходную апрацоўку, яны сталі экспанатамі шэрагу музеяў. На жаль, дорага прыйшлося заплаціць за тыя скарбы: Міхась Раманюк цяжка захварэў, і ў 1997-м яго не стала.
За 30 гадоў творчай дзейнасці М. Раманюк сабраў выключна цікавыя матэрыялы і пра беларускія крыжы, надмагіллі, пахавальны абрад беларусаў: такіх поўных звестак не было раней у навуковым ужытку ні ў Беларусі, ні ва ўсім былым Саюзе. А фундаментальную працу бацькі “Беларускія народныя крыжы” Дзяніс выдаў пасля яго смерці. У кнізе звыш трохсот фотаздымкаў, звыш 80 графічных малюнкаў. За шматгранную працу Міхась Раманюк ушанаваны многімі дыпломамі, ён стаў і лаўрэатам Дзяржпрэміі Беларусі 1996 года ў галіне мастацтва.Дзе прыгажосць – там і сіла
Цяпер падзвіжніцкую збіральніцкую, даследчыцкую справу бацькі прадаўжае Дзяніс Раманюк. У прыватнасці, ён выдаў публіцыстычны фотаальбом “Чарнобыль”. Акрамя Дзяніса, аўтары альбома — фотамайстар з газеты “Звязда” Анатоль Кляшчук і арнітолаг, эколаг, кінарэжысёр Ігар Бышнёў. Гэтыя людзі не раз працавалі на забруджанай радыяцыяй тэрыторыі. Сабралі ўнікальны матэрыял: у альбоме звыш 250 высокамастацкіх фотаздымкаў, размешчаных па раздзелах “Прырода”, “Народ”, “Гісторыя”, “Чалавек”. Аўтары змаглі не толькі расказаць пра чарнобыльскую драму, але і ўвекавечыць яе дэталі на фоне багатай культуры мінулага і ўнікальнай прыроды. Дарэчы, фотаальбом “Чарнобыль” — першае такога кшталту выданне на постсавецкай прасторы, ён атрымаў Гран-пры на конкурсе “Мастацкая кніга краін СНД”.
Цяпер Дзяніс Раманюк рыхтуе да выдання кнігу “Беларускія маляваныя куфры” і іншыя бацькавы работы. Гэта, лічыць, будзе добрым помнікам вучонаму, а таксама яго вернай спадарожніцы жыцця Наталлі Міхайлаўне, якой не стала ў снежні мінулага года. Маці Дзяніса, дарэчы, таксама была творчай асобай, ва ўсіх справах дапамагала мужу. Кожны год на Радаўніцу ўсе родныя Міхася Раманюка наведваюць у вёсцы Старынкі магілы выдатнага сваяка, яго маці. Так было і сёлета. Зрэшты, даўнія традыцыі таму і доўжацца на нашай зямлі, што ёсць іх руплівыя захавальнікі, збіральнікі, даследчыкі.

Лявон Целеш

←Пятнадцатый рубец на сердце

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика