Ніна Савінава: “Люблю вяртацца, калі цвітуць сады...”

Источник материала:  
Ніна Савінава: “Люблю вяртацца, калі цвітуць сады...”Хутка трыццаць гадоў, як прэзідэнт Асацыяцыі беларусаў Эстоніі жыве ў Таліне. Але ў думках ці не кожны дзень завітвае ў родную вёску Лукава і штогод не раз прыязджае да маці на Палессе.
Многія запомнілі шчырае, цёплае выступленне Ніны Савінавай ад імя прадстаўнікоў дыяспары на ІV Усебеларускім народным сходзе. Наша зямлячка, нягледзячы на розныя перашкоды, упарта будуе масты паразумення між Эстоніяй і Беларуссю. Згадвае, які вялікі розгалас мела ў Эстоніі выступленне сімфанічнага аркестра (60 чалавек!) з Маладзечанскага музычнага вучылішча пад кіраўніцтвам Рыгора Сарокі. Беларусы добра папрацавалі па ўсёй краіне, на розных пляцоўках з таленавітымі эстонскімі піяністамі. “І ўсё ладзілася з актыўным удзелам Асацыяцыі беларусаў Эстоніі, — з гонарам гаворыць Н. Савінава. — А летась у Дзень незалежнасці Эстоніі пасольства гэтай краіны ладзіла вялікі прыём у Беларускай дзяржфілармоніі, і аркестр з Маладзечна іграў паўнацэнную эстонскую праграму. Гэта, напэўна, самы яркі прыклад нашай культурнай інтэграцыі”. Сёлета ж выдатны спявак Анатоль Сіўко будзе ў Эстоніі ўдзельнічаць у вялікай праграме, якая ладзіцца з удзелам асацыяцыі. На ліпень запланавана і прэм’ера оперы ў Таліне, дзе ён выканае адну з галоўных партый.
Спевы, музыка — яны, вядома ж, не проста саграюць душы, здымаюць бар’еры недаверу, але і яднаюць людзей. “У сярэдзіне 90-х я бачыла, як некаторыя нашы суайчыннікі ў Эстоніі спрабуюць уцягвацца ў палітыку, — згадвае Н. Савінава. — Але, думала, ці ж наша гэта справа? Хай тым займаюцца прафесіяналы. І запрасіла ў 94-м годзе ў Талін ансамбль “Крупіцкія музыкі” на чале з Уладзімірам Громам, ведаючы, што іх творчасць — проста дыханне Айчыны. Прыехалі “Музыкі”, запрасіла і нашых беларусаў — хацелася пабачыць, ці ім будзе цікава? Поспех быў нечуваны, бо мастацтва ж — сапраўдная сіла! І калі я сказала ў залу: “Ну што, землякі!.. Патрэбна нам суполка, каб ладзіць падобныя спатканні?” — Зала проста выдыхнула: “Так!” Вось і ўзнікла наша “Бацькаўшчына”, якая ў 2004-м стала асновай Асацыяцыі беларусаў Эстоніі, у якую ўвайшлі і суполкі з іншых рэгіёнаў. Дарэчы, праект “Спатканне” прадаўжаем па гэты час — запрашаем штогод з Радзімы адметныя калектывы, хораша іх страчаем. Увогуле я гатова шмат дапамагаць тым, у кім бачу і адчуваю талент. І не важна, хто гэта — мастак, спявак, пісьменнік... Талентам абавязкова трэба дапамагаць”.
Між іншым, Ніна Рыгораўна і сама хораша спявае, у асноўным беларускія народныя песні. А 22-гадовая дачка яе, Дар’я, вучыцца цяпер на оперную спявачку ў аўстрыйскім Зальцбургу. Нядаўна, дзеліцца радасцю маці, вярнулася з Італіі, з міжнароднага конкурсу, дзе заняла другое месца, атрымала прэмію і магчымасць стажыроўкі ў “Ла Скала” — у жніўні паедзе туды. Жыццёвым выбарам дачкі яна задаволена: “Вось як бывае: я займалася культурай — і дачка ў мастацтва, у оперу пайшла. Думаю, у яе ўсё атрымаецца, наш паляшуцкі род вельмі спеўны: і мама спявае добра, і сястра”.
Мы, вядома ж, гаварылі не толькі пра культурна-адукацыйныя справы эстонскай дыяспары. Ніне Савінавай вельмі баліць, што цяпер ёсць напружанне ў стасунках Беларусі з краінамі Захаду. І як рэжысёр масавых відовішчаў па адукацыі, і як чалавек, што пабачыў дзясяткі краін, яна разумее: можна ў розным святле паказваць Беларусь. І пад рознымі ракурсамі глядзець на тое, як яна развіваецца. Струны ж душы гэтай энергічнай жанчыны, мне падалося, заўсёды гатовы спяваць Айчыне светлыя, узвышаныя гімны. Прызналася: тата яе, добрай памяці Рыгор Васілевіч Міцук, свядома выхоўваў сваіх траіх дзяцей патрыётамі. Сам жа галоўны бухгалтар калгаса “Чырвоны партызан” Маларыцкага раёна гэтак востра перажываў на пачатку 90-х развал моцнай калісь гаспадаркі, што пасля трэцяга інфаркту яго не стала. Цяпер і Ніна Рыгораўна гатова, як сама гаворыць, кінуцца ў бойку, калі да яе Айчыны ставяцца прадузята.
“Ой, які водар — каштаны, вішні зацвітаюць!.. — гэта яе ўсхваляваны голас з дыктафоннага запісу. — Мае сябры-эстонцы як пабачаць гэту прыгажосць — адразу ж нашу Беларусь палюбяць”. На лаўцы ў ціхім мінскім дворыку мы спецыяльна прыселі так, каб любавацца вясновым цветам, і над усімі нашымі размовамі пануе духмяны май. Яна чакае званка: хутка дэлегацыя талінскай мэрыі перасякае мяжу, ёй трэба яе сустрэць, размясціць. І гэта — яшчэ адзін з яе многіх клопатаў паводле праекту “Беларусь вядомая і невядомая”. Яна ўпэўнена, што патрэбна больш вазіць да нас тых, хто мае вагу ў заходніх краінах: “Хай бачаць, што гэта сучасная краіна, цудоўны народ”. Быў час, калі яна, папярэдне сама добра вывучыўшы кан’юнктуру на беларускім рынку аздараўленчых паслуг, аўтобусамі вазіла землякоў і карэнных эстонцаў у нашы санаторыі. Ды, як гэта бывае, не ўсё складвалася, з’явіліся зайздроснікі, яна “зарабіла на гэтых праектах высокі ціск”... Спадзяецца ўсё ж, што кантакты прадоўжацца. Ва ўсялякім разе пад час свайго апошняга візіту ў Беларусь яна паспела і ў санаторый “Радон” завезці перадаплату, і з эстонскай дэлегацый папрацаваць.
А яшчэ — родных у Лукаве праведаць. Мінская квецень тут жа выклікае яе свежы ўспамін: “Вельмі люблю прыязджаць дадому, калі цвітуць сады! Я ў 70-я гады з’ехала адтуль, вучылася ў Гродзенскім культпрасветвучылішчы, потым з чырвоным дыпломам лёгка паступіла ў Мінскі інстытут культуры. А прыязджаю дадому — ну, так мне там хораша! Вёска цяпер вялікая, прыгожая, моладзі многа, новыя вуліцы з’явіліся. Жыццё віруе! Была там два дні, як у раі, бо якраз прыйшла сапраўдная вясна: з цеплынёй, зелянінай, квеценню, чысцінёй. А якія ў Лукаве прыгожыя двары! Беларусь прыбраная ўся, а мая вёска — асабліва! Уся як у малацэ, цвітуць яблыні, вішні, — я прыехала ў бацькоўскую хату і, як кажуць, абамлела...”
Шмат цікавага можна было б яшчэ расказаць пра гэту нераўнадушную да ўсяго, што адбываецца навокал, жанчыну. Але — будзе яшчэ нагода. А цяпер давайце ўслед за Нінай Рыгораўнай акунёмся ў квецень і водары вясны, якая асабліва прыгожая на Радзіме, у краі маленства.

Іван Ждановіч

←Пятнадцатый рубец на сердце

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика