Падземная навука

Источник материала:  

Унікальную двухтомную энцыклапедыю "Археалогія Беларусі" прэзентавала днямі выдавецтва "Беларуская Энцыклапедыя ім. П. Броўкі". Аналагаў гэтаму выданню не знойдзеш, бадай, ва ўсім свеце, запэўніваюць стваральнікі.

Падземная навукаСёлетняя "Археалогія Беларусі" — гэта працяг энцыклапедыі 1993 года "Археалогія і нумізматыка Беларусі" ў адным томе. У новае выданне ўвайшло 2500 артыкулаў, 650 з якіх напісалі супрацоўнікі Інстытута гісторыі НАНБ.

— У гэтай кнізе я спецыялізаваўся, галоўным чынам, на раннеславянскіх старажытнасцях, праводзіў раскопкі на поўначы Віцебскай вобласці, — распавядае Юрый Каласоўскі, складальнік энцыклапедыі "Археалогія Беларусі", навуковы рэдактар навукова-галіновай рэдакцыі і сацыяльна-эканамічных навук выдавецтва "Беларуская энцыклапедыя ім. П. Броўкі". — У прыватнасці, даследаваў адзін з найбольш вядомых археалагічных комплексаў — Гарадзішча VІ—VІІ стст. н.э. каля вёскі Калочын Рэчыцкага раёна. Гэта адзін з найбольш паўночных помнікаў так званай калочынскай культуры. Помнікі гэтай культуры ў выніку экспансіі славянскага насельніцтва з тэрыторыі Падунаўя былі знішчаны. Але застаўся вельмі багаты комплекс рэчыўных знаходак — у прыватнасці, бронзавыя ўпрыгожванні, вельмі незвычайныя для тэрыторыі калочынскай культуры ў цэлым. Двухтомнае выданне "Археалогія Беларусі" — унікальнае для тэрыторыі былога Савецкага Саюза і, наогул, свету. Ні ў адной рэспубліцы энцыклапедыя археалогіі на сёння не выдадзена.

У працы над энцыклапедыяй "Археалогія Беларусі" бралі ўдзел і калегі з суседніх краін: Расіі, Украіны. У кнігах змешчана інфармацыя пра сучасных археолагаў, навукоўцаў краін Прыбалтыкі, напрыклад. Таму карыснай яна будзе не толькі для беларусаў, але і для тых, хто цікавіцца альбо прафесійна займаецца археалогіяй на тэрыторыі іншых краін. Калі вы хочаце даведацца, якія значныя археалагічныя аб'екты знаходзяцца ў вашым населеным пункце, гартайце "Археалогію Беларусі".

У бліжэйшыя некалькі гадоў "Беларуская Энцыклапедыя" плануе выдаць асобную грунтоўную кнігу, прысвечаную нумізматыцы Беларусі.

Вольга ЧАЙКОЎСКАЯ.

←Экономический кризис в Беларуси: социальный взрыв не последует?

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика