Вытворцы і гандлёвыя прадпрыемствы Беларусі гатовы задаволіць павышаны попыт на прадукты
Карэспандэнтам БЕЛТА быў праведзены своеасаблівы маніторынг па гандлёвых рознічных сетках і магазінах, прадпрыемствах-вытворцах, якія выпускаюць прадукты харчавання. Буйныя гандлёвыя цэнтры рознічнай сеткі Мінска адзначаюць павышаны попыт на асобныя прадукты. Так, у магазіне "Суседзі" па праспекце Пераможцаў паведамілі, што на асобныя прадукты заяўкі выконваюцца не ў поўнай меры. У прыватнасці, гэта назіраецца па солі, мясу птушкі, свініне. "Напрыклад, соль прывезлі не ў той колькасці, што мы заказвалі, — менш за заяўку. А што завозяць, адразу ж разбіраюць, на паліцах доўга не ляжыць", — адзначыла загадчыца магазіна Жанна Бурак. Паводле яе слоў, ёсць попыт на крупы, макаронныя вырабы, цукар. "Людзі параўноўваюць цэны і, калі бачаць, што цэны засталіся старыя, купляюць у вялікіх аб'ёмах. Мы стараемся растлумачыць, што пастаўкі прадуктаў ажыццяўляюцца кожны дзень і няма ніякага дэфіцыту, можна іх спакойна купіць заўтра і паслязаўтра, але настрой людзей не падаецца лагічнаму тлумачэнню. Трэба толькі адной групе чалавек узяць тавар у вялікіх аб'ёмах, тут жа ўтвараецца другая чарга пакупнікоў", — расказала Жанна Бурак. Меншы попыт назіраецца на муку, гарэлку.
У магазіне "Рублёўскі" павышаны попыт на цукар, соль. Паводле слоў таваразнаўца Валянціны Рабушка, хутка разабралі грэчку, фасаваную ААТ "Белбакалея", хутка разбіраюць воцат. Таксама, як і ў "Суседзях", ёсць попыт на мяса птушкі, свініну, алей, макаронныя вырабы. Попыт на муку і гарэлку звычайны. Ва ўніверсаме "Рыга" (гандлёвая сетка "Суседзі") адзначаюць амаль тыя ж праблемы — ёсць напружанне з выкананнем заявак на мяса птушкі, ахалоджаную свініну. Павышаны попыт назіраецца на соль, воцат, цукар, розныя віды круп, макаронныя вырабы. Ва ўніверсаме адзначылі, што заяўкі на пастаўку гэтых прадуктаў павялічылі, а ў гэтыя выхадныя кіраўнікі будуць на сваіх рабочых месцах для кантролю за сітуацыяй і прыняцця неабходных рашэнняў.
Нягледзячы на тое, што многія прадукты харчавання прадаюцца па ранейшых цэнах і няма неабходнасці скупляць іх у вялікай колькасці, прадаўжае працаваць сарафаннае радыё: "заўтра будзе даражэй".
"Цукар, соль, воцат не будуць каштаваць даражэй", — сцвярджаюць вытворцы і даказваюць гэта стабільнымі пастаўкамі прадукцыі ў рознічную сетку. Як паведамілі ў канцэрне "Белдзяржхарчпрам", цукровыя заводы за чатыры месяцы вырабілі 203,1 тыс. т цукру. Солі на рынак рэспублікі пастаўлена 125 тыс. т, што на 5,4 працэнта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Пастаўкі цукру і солі ў маі рэзка ўзраслі. Гэтай прадукцыі на складах аптовых баз, гандлёвых прадпрыемстваў дастаткова.
Пастаўкі мяса птушкі на рынак Беларусі таксама будуць павялічаны, адзначылі ў Мінсельгасхарчы. Дырэктар Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі Пётр Шагаў паведаміў, што за 4 месяцы прадпрыемства вырабіла 17 тыс. т мяса птушкі, што на 19 працэнтаў больш за аналагічны перыяд мінулага года, прырост склаў 2,7 тыс. т. Расце і экспарт.
"Цяпер павысіўся попыт на мяса птушкі на ўнутраным рынку, і мы гатовы яго задаволіць, — адзначыў Пётр Шагаў. — Неабходна, каб птушкафабрыкі рэспублікі павялічылі пастаўкі на ўнутраны рынак. Гэта датычыцца птушкафабрыкі "Дружба", Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі і агракамбіната "Дзяржынскі". У гэтым пытанні нам трэба аб'яднацца і працаваць на адну мэту. Заяўкі гандлёвых арганізацый у апошнія дні павялічыліся ў дзясяткі разоў. Мы не паспяваем адгружаць. Імкнёмся пастаўляць у продаж не толькі тушкі мяса птушкі, але і паўфабрыкаты і гатовую прадукцыю. Попыт будзе задаволены ў поўным аб'ёме. Мы гатовы адмовіцца ад экспарту і адгружаць прадукцыю на ўнутраны рынак".