"Еўрабачанне-2012" ляжа на Баку - А Беларусь плануе вярнуцца да адкрытага адбору
Усяго за чатыры гады Азербайджан зрабіў тое, да чаго Расія ішла 10 гадоў, Іспанія ў свой час 15, а беларусы і сёння працягваюць ісці – узяў і перамог. Эльдар і Нігяр (або, на заходні манер, Эль і Нікі) з лірычнай баладай "Runnіng Sсаrеd" набралі 221 бал. Беларусь жа, згодна з вынікамі галасавання, у сваім паўфінале заняла 14-е месца з 19 магчымых...
Вынікі сёлетняга конкурсу і перспектывы далейшага ў ім удзелу Беларусі горача абмяркоўваюць журналісты "Звязды" — свежадыпламаваны выпускнік журфака, аглядальнік сёлетняга конкурсу Ілья ЛАПАТО і заўзятар конкурсу са стажам, цяпер маладая мама і хатняя гаспадыня Вікторыя ЦЕЛЯШУК.
Вікторыя: Віншую, калега — мы абое не адгадалі пераможцу сёлетняга "Еўрабачання". Зрэшты, наўрад ці мы адны. Я хоць і не сачыла адмыслова за букмекерскімі стаўкамі, але пра Азербайджан у ліку фаварытаў ні разу не чула. Але мне хацелася б засяродзіць увагу не столькі на трыумфе Азербайджана, які некаторыя крытыкі паспелі ўжо ахрысціць "нафтахітом", колькі на элегантным і ўзорна-паказальным вяртанні Італіі. Мяркую, калі б у конкурсе ўдзельнічала крыху менш постсавецкіх краін або крыху больш еўрапейскіх — быць пераможцу Сан-Рэма Рафаэлю Гуалацы яшчэ і пераможцам "Еўрабачання". Што да топ-5, тут я ўгадала Украіну і Данію — і шчыра рада за абедзве краіны. А лепшым у топ-10, калі браць у разлік толькі найвышэйшыя адзнакі, стаў Дзіна Мерлін з Босніі і Герцагавіны: у яго ажно 5 "дванаццатак", што толькі пацвярджае сілу хараства балканскіх напеваў і прыгажосць "проста песні", без лішняга шоу...
Ілья: А вось у мой топ-5 Азербайджан трапляў. І дарэчы, беларуская дэлегацыя жыла з азербайджанскім дуэтам на адным паверсе гасцініцы — праўду кажу. Вось нам падфарціла, праўда? Але прымазвацца да перамогі Азербайджана не буду — думаю, і без мяне знойдуцца ахвотныя, якія яшчэ і паралелі паміж Лейлай Ісмаілавай, якая аб'яўляла балы ад Беларусі, і яе азербайджанскімі каранямі правядуць (Лейла і беларускі васьміног Паўль).
Дарэчы, гэта мне аднаму падалося, што азербайджанскі дуэт вельмі нагадвае леташняе выступленне Даніі? Памятаеш, Томас Нэвергрын і Шані? Рамантычныя флюіды, пазітыўны настрой, сонечныя промні — абняць і плакаць.
Вікторыя: Данія? Магчыма, і так. А мне, па шчырасці, выступленне азербайджанскага дуэта падалося тыпова MTV-шным и больш нагадала кліп "Sрісе Gіrls" з матылькамі ды кветачкамі. Але настрой гэткі ж самы — пусціць заключным трэкам у галівудскую меладраму або серыял, абняць і плакаць. Мо гэтым яны і ўзялі за сэрцы хатніх гаспадынь? Відаць, я няправільная хатняя гаспадыня, бо з раскрытым ротам слухала зусім іншых фіналістаў — італьянца, баснійцаў, грэкаў. Зрэшты, сёлета было багата каго паслухаць. Згодны, што фінал атрымаўся вельмі моцны?
Ці знойдзе Беларусь свой фармат?
Ілья: Згодны, але і моцна здзіўлены, як сюды ўвогуле трапілі такія песні, як у Швейцарыі, напрыклад. На выступленні гэтай краіны і зусім падумалася, што зараз на сцэну выскачыць авечка ці каза са званочкам: надта ж ужо прыпеў пастаральны. На песні Ісландыі я ўжо драмаў, а падчас грэчаскага дуэта рэпера і нерэпера падалося, што гэта пераапранутыя Эмінем і Rіhаnа са сваім хітом "Lоvе Thе Wау Yоu Lіе". А букмекеры зноў не ўгадалі. Усё ж выступленне ўжывую — гэта не замікшыраваны запіс у студыі. Ды і хто ведаў, што вам, хатнім гаспадыням, зусім не спадабаецца тая ж Эстонія, якой прарочылі месца ў топ-3 (24 месца ў фінале), ці шыкоўны голас француза (15 месца ў фінале), а замест накачаных "Bluе" ў дзясятку ўвойдзе 50-гадовы дзядок з Босніі і Герцагавіны (6 месца ў фінале)...
Вікторыя: Бо дзядок спяваў душой, а не выконваў гімн сабе, любімаму! Асабіста я атрымала задавальненне ад шоу. Дарэчы, у гэтым годзе яно, пагаджуся з тэлекаментатарамі, было зроблена па-нямецку — годна і дыхтоўна. Звярні ўвагу: нямногія канкурсанты задзейнічалі ў конкурсным выступленні дарагія грувасткія дэкарацыі і ўсякую мішуру. Можа, гэта адбіўся подых эканамічнага крызісу, але для конкурсу так было найлепш, бо пастаноўкі не адцягвалі ўвагу ад галоўнага — ад уласна песень.
Штогод мы спрабуем разгадаць вялікі сакрэт: ці існуе ў "Еўрабачання" свой фармат. Мяркую, сёлета такім фарматам сталі якасныя, асэнсаваныя, душэўныя і проста прыгожыя песні. Наўскідку: Фінляндыя, Данія, Швейцарыя, Ісландыя, Украіна, Эстонія... Вельмі хацелася б дадаць у гэты спіс Беларусь, але нешта перашкаджае. Такое адчуванне, што мы ўсё ніяк не ўловім модную плынь і агульныя музычныя тэндэнцыі. У прыватнасці, выступленне Насці Віннікавай многім нагадала слабыя водгаласкі колішніх дзікіх танцаў Русланы. Гэта далёка не дрэнна, але ж — нават не ўчарашні дзень, а 2004 год! Пры ўсім тым ёсць у нас і выдатныя галасы, і прафесійныя кампазітары, і жывога слова паэты, і непаўторнага нацыянальнага каларыту — хоць заліся... Чаго не хапае беларусам, каб нарэшце паказаць сябе на "Еўрабачанні"? Што табе падказвае свежы позірк?
Ілья: Пра арганізацыю ты трапіла ў яблычка: чаго толькі каштуе "мардабой" вядучых ці песня "Sаtеlіtе", дзеля якой на сцэне кланіравалі бедную Лену! Хоць нешта новае. Што да Беларусі, то тут, мне падаецца, два шляхі: або пераймаць ад Захаду, або прыдумляць сваё.
З года ў год на "Еўрабачанне" прывозяць раялі, хлопчыкаў з гітарамі (сёлетні фін — копія леташняга бельгійца Тома Дайса), сурдапераклады ў песнях. Вось украінка сёлета здзівіла — малайчына дзеўчына! — шоу пясчанага малюнка да яе не паказваў ніхто.
Грэцыя, Славенія і Грузія дружна дэлегіравалі на "Еўрабачанне" пераможцаў мясцовых тэлешоу "Фабрыка зорак". І, у прынцыпе, не прагадалі: маладосць, моцны голас і харызма. А яшчэ такія артысты, як паказала іх выступленне, сцэны не баяцца і спяваюць упэўнена... Мо і нам варта што-небудзь з гэтай оперы? Але, па чутках, правілы адбору на музычныя конкурсы, у тым ліку і на "Еўрабачанне", неўзабаве прапішуць ажно ў Міністэрства культуры. І не будзе больш ніякіх фокус-груп.
Вікторыя: Гэта было б выдатна. Не скажу, каб я вельмі сумавала па "Еўрафэсце", але схема адбору невядома кім прызначанай фокус-групай мне падабаецца яшчэ менш. На мой погляд, трэба ўзгадваць добра забытае старое і рабіць адкрыты адбор — кароткі ці доўгі, унутраны ці міжнародны, але відавочны і зразумелы ўсім.
Кажуць, сёлета не было каго адпраўляць: мала заявак і г.д. Дык чаго прасцей: даць тэлегледачам у гэтым пераканацца, паслухаць і параўнаць усіх прэтэндэнтаў, а потым ужо вырашаць, ці варта ўвогуле ўвязвацца ў чарговае "Еўрабачанне"... Хоць са сваёй асабістай званіцы магу даць толькі адназначна станоўчы адказ. Бо прасцей за ўсё апусціць рукі — а ну вас! — але куды больш пачэсна паабяцаць: "Мы сябе яшчэ пакажам!" — і паказаць. Я была непасрэдна на конкурсе ўсяго двойчы — у 2005-м у Кіеве і ў 2009-м у Маскве. Але цудоўна зразумела, чаму "Еўрабачанне" зацягвае многіх артыстаў і туды хочацца вяртацца зноў і зноў — бо гэта каласальны вопыт. Адна справа, варыцца ў сваім музычным кампоціку і атрымліваць узнагароды мясцовых хіт-парадаў, і зусім іншая — паглядзець і павучыцца, як працуюць гукарэжысёры, кліпмейкеры, харэографы, піар-спецыялісты, урэшце, самі выканаўцы з некалькіх дзясяткаў еўрапейскіх краін.
Трапячы, Еўропа — беларусы не спяць
Тады, і толькі тады ў Беларусі пачне з'яўляцца еўрапейская — і ў той жа час СВАЯ — высакаякасная поп-музыка... Толькі вось пытанне з пытанняў: як зацікавіць саміх артыстаў да ўдзелу пасля столькіх няўдач і ўнутраных разборак? Асабіста мне сёлета не хапала на еўрасцэне Гюнеш з яе палкасцю і энергетыкай. Аднак ці збіраецца спявачка налета падаваць заяўку, ці вырашыцца зноў увайсці ў раку Дзіма Калдун, або ўсе мы дружна будзем чакаць сталення Ксюшы Сітнік — пытанне адкрытае...
Ілья: Ксюша, думаю, рыхтуецца. Толькі не налета, а праз гады два будзе спрабаваць. Ёй ужо будзе 17, ды і англійскую мову падвучыць. Яна максімалісткай падрастае: хоча скарыць не толькі вакалам, а і мовай, што даказала на дзіцячым "Еўрабачанні" ў Мінску. Праўда, ёсць яшчэ варыянцік. Напрыклад, адправіць на конкурс Клімковіча з Карызнам. Вунь Боснія і Герцагавіна так і зрабіла — і глядзіце, Дзіна Мерлін, які напісаў для краіны гімн, заняў у фінале 6 месца! Калі сур'ёзна, то ў Беларусі хапае галасістай моладзі. Я, напрыклад, за новыя імёны і новыя галасы. А то наша эстрада нейкая аднастайная ўся. Даеш кастынгі ў кансерваторыі! Праўда, з опернай музыкай на "Еўрабачанні" яшчэ не перамагалі, але паглядзіце, колькі спроб было: сёлета — француз, шведская оперная дзіва Малены Эрнман у 2009-м, а ў бытнасць Дзімы Калдуна, памятаецца, скарыць Еўропу спрабавала кругленькая Алёнка са Славеніі — у спявачкі тады яшчэ падсвечваліся рукі неонам... Відавочна: спрабуюць намацаць пульс. Але не там мацаюць. Мо ўдасца нам?
Між іншым, пасля нізкага для Расіі 16-га месца Аляксея Вараб'ёва Дзіма Білан у сваім Твітэры, кажуць, ужо заявіў, што збіраецца абараняць гонар Расіі на конкурсе ў наступным годзе. Цікава, што скажа наш Дзіма Калдун? Між іншым, сёлета заяўку ён падаваў. Не выбралі. Ці стане падаваць заяўку налета? Сумняваюся, але маеш рацыю, Віка: "Еўрабачанне" як хвароба, таму кандыдатуры Калдуна не здзіўлюся. Пажывём — пабачым.
Вікторыя: "Еўрабачанне" — гэта не фініш, а толькі пачатак. Вось пра што варта памятаць і крытыкам, і артыстам. Каб не здаралася так, што гурт "3+2" выступіў — і знік, вяселле салістаў разладзілася, і больш пра іх мы не чуем ні слоўца, не бачым новых кліпаў Паліны Смолавай, не чуем хітоў ад Руслана Аляхно ці Пятра Ялфімава... Асабіста мне хочацца, каб кожнае наступнае "Еўрабачанне" запальвала на беларускай сцэне новыя зоркі, а не гасіла і без таго нешматлікія існуючыя. Урэшце, якія нашы гады — Беларусь яшчэ і дзесяцігадовага вопыту ў "Еўрабачанні" не мае. Таму ўсё наперадзе: і перамогі, і авацыі, і туры па ўсім свеце... Калі верыць і працаваць. Бывай, "Еўрабачанне-2011"! Да сустрэчы налета ў Баку!
Ілья: Так, бывай і памятай: беларусы не спяць. Беларусы рыхтуюць план штурму. Зрэшты, як заўсёды.
На здымках: Эльдар і Нігяр (уверсе) з лірычнай баладай "Runnіng Sсаrеd" набралі 221 бал і святкавалі вікторыю. А Аляксей Вараб’ёў з Расіі (унізе) “праляцеў” у фінале праз першую дзясятку і “прызямліўся” толькі на 16-м радку. Для Расіі такі рэзультат стаўся адным з горшых за ўсю гісторыю ўдзелу ў конкурсе. Горш за Вараб’ёва ў свой час выступіў толькі Кіркораў, які ў далёкім 1995-м заняў 17 месца.