«Еўрабачанне-2011»

Источник материала:  

Скрыпкі і крылы сёлета не ў модзе. На "Еўрабачанне" прыйшлі новыя фішкі: біць шкло (Швецыя), махаць шаром ад свяцільні (Кіпр) і пасылаць на конкурс блізнят (Славакія і Ірландыя). Беларуска Настасся Віннікава шкла не біла, свяцільняй не махала і сястру-блізнютку на сцэну не выцягвала. Нашай фішкай павінны былі стаць цымбалы — і вынік вы ўжо ведаеце...

Вось і дагадзі ім — хатнім гаспадыням. Сёння яны галасуюць за рокераў, а заўтра — за саладжавых хлопчыкаў. Учора ім спадабалася балерына з раяля, а сёння — барановыя шапкі на малдаванах. У Беларусі тэма "Еўрабачання" — любімая тэма. Кожны мае сваё меркаванне.

Журналісты "Звязды" вырашылі не заставацца ў баку ад такой падзеі. Свае прагнозы на фінал робяць аглядальнік конкурсу Ілья Лапато і маладая мама, па сумяшчальніцтве хатняя гаспадыня, Вікторыя Целяшук.

"Не прайшлі і не прайшлі.   Не адны мы такія"

Паглядзеў другі паўфінал і яшчэ раз пераканаўся: запісаць песню ў студыі і аднолькава выканаць яе на сцэне — для многіх артыстаў задача не з лёгкіх. Здзіўляе нават не тое, што на сцэне зоркам не хапае дыхалкі і пачынае дрыжаць голас. У шэрагу выпадкаў якраз наадварот — "жывое" выкананне нашмат лепшае, чым студыйны запіс. Варта прыгадаць мінулагодняе выступленне ўкраінкі Алёшы ці трыумфатараў "Еўрабачання-2007" гурта "Sеrеbrо".

Вось сёлета, напрыклад, калі слухаў у інтэрнэце, мяне абсалютна "не зачапіла" песня Славеніі. Ну, спявае дзяўчына нешта жаласлівае, і што? Такіх Мараяў Кэры на кожнае "Еўрабачанне" па чалавек шэсць прыязджае. Але паглядзеўшы паўфінал, я літаральна ахнуў. Славенка Мая Кеуч зачаравала: моцны голас, прыемны тэмбр, ды і бэк-вакал дарэчы. Тое ж і з украінкай Нікай Ньютан: зусім шэранькая песня ў запісе (да таго ж і на рускай мове) на сайце конкурсу — і такі чароўны нумар у выніку. Ды і пясочная рукадзельніца на заднім плане была толькі плюсам. Якраз гэта і выдзяляла ўкраінку сярод аналагічных лірычных Аўстрыі і Славеніі.

Начынне і ўпакоўка

З дзесяці паўфіналістаў я адгадаў дзевяць. Усё ж не думалася, што за аўстрыйку прагаласуюць. У маім рэйтынгу замест яе — джазавы гурт з Бельгіі. Таксама нядрэнна глядзеліся Славакія і Македонія. А вось Дану Інтэрнэшнл зусім не шкада. Тут, калі абапірацца на вынікі галасавання, я — таксама "хатняя гаспадыня": уражанне, што ізраільская песня пісалася ў дзевяноста восьмым... Увогуле ўжо па першых акордах песень было зразумела, прахадная песня ці не. Вось узяць Румынію — адразу "так", тое ж — і са Швецыяй, Эстоніяй і Ірландыяй. А вось слухаючы Латвію ці Кіпр, часам хацелася пераключыць. Пакуль ужо даспяваюць да свайго прыпеву... Але зноў жа, пад канец песні — прыпеў і прыпеў — тут і задрамаць можна, асабліва калі песня лірычная. Я "прачнуўся" толькі на пятым па ліку выступленні. Усё, што было да гэтага, — нібыта чарговая рэпетыцыя: сумбурныя рухі падтанцоўкі, згублены спявак, а часам і ўвогуле можна было пачуць, як нехта з бэк-вакалу "злавіў пеўня". І вось на канец песні, здаецца, усе раскачаліся і вось-вось стрэльнуць. Чакаеш, чакаеш, а тут раз — і скончылася песня.

«Еўрабачанне-2011»

  Пасля нумара Малдовы прынамсі мне захацелася купіць сабе такую ж шапку. Усё ж упакоўка песні — нумар і яго афармленне — адыгрываюць зусім не апошнюю ролю. З часоў Русланы і яе гуцульскай трамбіты ноткі нацыянальнага каларыту радавалі вуха і на гэты раз — у нумары кіпрыёта і нашай Насці. Але ні першаму, ні другой гэтыя ноткі не дапамаглі.

Дутая куртка бабы Любы

Не ведаю, як вам, але я чакаў ад нумара Беларусі большага. Найперш мяне здзівіў бэк-вакал. Пагаджуся, у некаторых момантах яны сапраўды выцягвалі Насцю, але вось у пачатку песні з гэтымі "айя-яі-я" быў завал. У кліпе гэта гучыць арганічна і ў чымсьці нават выйгрышна. На сцэне гэты спеў нагадаў мне нешта сугучнае з вяселлем, калі баба Люба з суседняга пад'езда ў дутай куртцы будзе крычаць маладым "горка". Неяк нават агрэсіўна. Нібыта хацелі спяваць пра "хард-рок алелуя", але забыліся дома маскі і вырашылі вярнуцца да тэмы цымбалаў. Музычнае афармленне нашай песні мне, шчыра, падабаецца. Прынамсі, задумка вельмі нават нічога.

З голасам Насці таксама падчас песні адбываліся метамарфозы. Спачатку спявачка ледзьве не шаптала, пасля нібыта хрыпела, а на прыпеве — спявала, як у сваім кліпе. І ўсё ж меркаваць, якая Віннікава вакалістка, не буду. Не педагог я па вакале. Затое чуў, як спявачка працуе ўжывую ("Музычны рынг" на СТБ). Вельмі прыгожы аксамітны голас. Яго прыкметы, між іншым, маё дылетантскае вуха ў нашым паўфінальным выступленні ўсё ж пачула. Падумалася нават, што не даюць яму, роднаму, волі. Уціснулі ў рамкі і — трывай як хочаш, а патрэбныя ноты выцягні. Можа, калі б гэтаму голасу ды іншы прастор — кшталту бельгійскага джазу?

Што парадавала, дык гэта абаяльнасць і сціпласць нашай канкурсанткі. Неяк яна да сябе схіляе. Што там той конкурс з яго месцамі — галоўнае, каб чалавек добры быў. Пасля заканчэння нашага нумара некалькі імгненняў камера трымала Насцю на сцэне: спявачка ўсміхнулася і з той жа добрай усмешкай пачала сыходзіць.

У пошуках беларускай Лены

Я вось не бачу трагедыі. Не прайшлі і не прайшлі. Не адны мы такія. Затое Еўропа ведае, як моцна мы "lоvе" сваю "Bеlаrus". Ды і запомняць, можа, нарэшце, што мы не вайс-рот-грюн-русланд, а Bеlаrus.

Сёння ўсе робяць свае стаўкі на фінал. Не ведаю, што там адкажа "бок хатніх гаспадынь" у асобе маёй калегі, але я пастаўлю на француза Амары Васілі. Надта ж ужо душэўна спявае. Хоць і на італьянскім дыялекце, а ўсё адно прыгожа. Вось, беларусы, думайце і рабіце высновы. Глядзіш — і ў нас які тэнар паедзе з песняй на палескім дыялекце. Толькі не трэба шукаць для яго брата-блізнюка, які будзе біць шкло ці круціць свяцільняй — усё гэта ўжо было. Трэба шукаць нешта сваё.

«Еўрабачанне-2011»

  Яшчэ, як казаў, зачаравала мяне песня Славеніі — у дзясятцы, думаю, будзе. Ну, і абаяльная Лена са сваёй дзіцячай непасрэднасцю і экзістэнцыяльнай песняй. Спадзяюся, пабачу ў дзясятцы і венгерскую спявачку. А завершыць мой ТОП-5 дуэт з Азербайджана. Рамантыка — хоць ужо і не арыгінальная, але за душу кранае. Прынамсі рамантыка азербаджанская, бо няхай даруюць мне фанаткі англійскага гурта BLUЕ і Аляксея Вараб'ёва з Расіі, але ад гэтых дзвюх песень я не ў захапленні.

Беларусь пакуль эксперыментуе. І яе перамогі яшчэ будуць. Не адразу перамаглі Лордзі, і не адразу ўкраінцы дадумаліся адправіць на конкурс Руслану. Ды і Германія, узгадайце, — 25 гадоў шукала, пакуль знайшла Лену. Сваю Лену мы таксама калі-небудзь знойдзем. На крайні выпадак — можна аб'явіць на наступны год музычны конкурс сярод блізнюкоў. А раптам?

Ілья ЛАПАТО.

Разняволіцца нам трэба — і спевакам, і слухачам

Вечар чацвярга, 12 мая, паставіў чарговую кропку над "і" ў гісторыі ўдзелу Беларусі ў еўрапейскім песенным конкурсе: прадстаўніца нашай краіны Насця Віннікава ў фінал "Еўрабачання" не трапіла.

Хто падтрымаў, а хто пакрыўдзіў нашу спявачку ацэнкамі, мы даведаемся толькі пасля фіналу, аднак першыя высновы падвесці ўжо можна і трэба. І гучаць яны, на жаль, несуцяшальна: пакуль прыязныя еўрапейцы размахвалі ў зале сцяжкамі і жадалі адно аднаму ўдачы, мала хто з суайчыннікаў сур'ёзна верыў у поспех лірычна-патрыятычнага паслання "І lоvе Bеlаrus". Асабіста я сёлета наўмысна папярэдне не праслухоўвала нікога з іншых удзельнікаў, каб знаходзіцца ў аднолькавых умовах з сярэднестатыстычным "звычайным гледачом" і быць максімальна аб'ектыўнай у ацэнках. Дык вось, паклаўшы руку на сэрца, у якасці звычайнага гледача — хатняй гаспадыні сведчу: выступленне не парадавала, вынік не здзівіў. Больш за тое, асабіста мне было нават крыху няёмка: у параўнанні з папярэднім, яркім і лёгкім для ўспрымання прома-роліка конкурснае выступленне беларусаў выглядала надзвычай невыразна, блякла і эмацыйна беднавата. Пры ўсім тым і сама песня, і нумар былі ніколькі не горшыя за іншых 18 паўфіналістаў. А вось да выканання прэтэнзій хапала: куды падзеўся шыкоўны тэмбр салісткі, куды ўвогуле знікла дыкцыя, аб чым там было ў куплетах? "Моманту ісціны" не здарылася: магчыма, Насця і бэк-вакалісты перахваляваліся, магчыма, наша салістка дзесьці перанапружыла звязкі і таму палову кампазіцыі праспявала неразборлівым паўшэптам, магчыма, усе проста стаміліся, падсадзілі ўнутраныя батарэйкі і таму не выдалі патрэбнай энергетыкі... Разбірацца ва ўсім гэтым — справа прадзюсараў і тэлевізійных куратараў беларускай каманды. Нам жа, звычайным гледачам, усе гэтыя тонкасці, па вялікім рахунку, нецікавыя, а любыя тлумачэнні, чаму выступленне выглядала менавіта так, а не інакш, будуць успрымацца як апраўданні дрэннага танцора...

Зрэшты, хопіць надзьмутага крытыканства — у нас і так за ўвесь час удзелу Беларусі ў "Еўрабачанні" склалася празмерна сур'ёзнае стаўленне да конкурсу, і гэты раз не стаў выключэннем: усе выканаўцы выходзілі на сцэну, як радасны імяніннік становіцца на лаўку прачытаць вершык, а беларусы — зноў з гераічным і заціснутым выразам твараў, як апошні салдат на амбразуру. Разняволіцца нам усім трэба, спадарства, — і спевакам, і слухачам, — можа тады справа пойдзе на лад.

Цікавыя супадзенні

У цэлым, як мне падалося, другі паўфінал атрымаўся цікавейшым за першы: было і на што паглядзець (чаго варты адзін толькі дуэт блізнят "абое рабое" з Ірландыі ды каракулевыя капелюшы малдаван), і каго паслухаць (у чарговы раз парадавала Украіна, пацвердзіўшы свой статус радзімы вельмі прыгожых і вельмі галасістых дзяўчат; прыемна здзівіла вакалам эстонская Барбі; дый бельгійскі джаз а капела, па маім сціплым меркаванні, дарэмна быў не ацэнены еўрапейскай публікай). А калі ўглядацца асабліва пільна, знаходзіліся забаўныя сюрпрызы: ці гэта толькі мне падалося, што дзяўчаткі-блізняты са Славакіі вельмі ўжо нагадвалі нашых мінулагодніх сястрычак Алену і Нінэль Карповіч, ад сукенак да прычосак? Дэжа вю выклікала і румынская песня — здаецца, я ўжо чула гэтую песню разоў сто. Калі гэта здаецца не мне адной — гарантавана Румынія патрапіць у фінале ў дзясятку лепшых. Мяркую, што там прапішуцца таксама Венгрыя, Грэцыя, Эстонія, Данія або Фінляндыя, магчыма, Грузія ці Азербайджан. І няхай практычна ўсе прафесійныя назіральнікі за конкурсам сцвярджаюць, што рабіць стаўкі на пераможцу "Еўрабачання" — справа гіблая. Але я на правах назіральніка са стажам (усё ж гляджу конкурс каля 15 гадоў і пішу пра яго з моманту ўдзелу Беларусі) паспрабую не тое што прадказаць, але вызначыць на падставе асабістых сімпатый, лагічных здагадак і некаторых матэматычных разлікаў тройку лідараў.

Прагноз глядача звычайнага

Простая арыфметыка паказвае: у фінале сёлета пераважная большасць удзельнікаў — мужчыны. Іх (салістаў і цэлых мужчынскіх каманд) ажно 13, дзяўчат і дзявочых калектываў — 10, і змяшаных дуэтаў — усяго два. Калі верыць, што галасуюць у асноўным хатнія гаспадыні, а ім — у сэнсе, нам — зразумела, больш падабаецца процілеглы пол — выйграць мусіць Францыя (ах, які хлопец!) або Вялікабрытанія (удзельнікам бойз-бэнда Bluе трэба вельмі пастарацца, каб расчараваць армію прыхільнікаў ва ўсім свеце). Другое месца, мяркую, дастанецца Фінляндыі або Даніі — літаральна ўсім падабаюцца дарослыя хлопчыкі з кранальнымі вачыма і шчыра-наіўнымі песенькамі. Замкнуць тройку ў такім выпадку павінны дзяўчаты — і дзеля гендарнай справядлівасці, і каб разбавіць салодкія трэлі больш жвавай энергетыкай. Найлепшымі прэтэндэнткамі на гэта месца, на маю думку, з'яўляюцца спявачка з Венгрыі (як быццам адна з фаварытак у букмекераў) або Міка Ньютан з Украіны (ніякіх аргументаў, акрамя добрага нумару, выдатнага вакалу і асабістых сімпатый). Засталося толькі ўключыць сёння ўвечары тэлевізар і даведацца, наколькі я маю рацыю. Калі адгадаю, намалюю сабе ў карму "спецыяліста па Еўрабачанні" яшчэ адну зорачку і буду прасіцца ў каментатары. Калі ж зусім наадварот — значыць, усё ж не хатнія гаспадыні з'яўляюцца тыповымі гледачамі конкурсу, а людзі абсалютна розныя, у кожнага з якіх незалежна ад геапалітыкі ёсць свой слых, сваё меркаванне, свой густ і свой выбар.

А вы, шаноўныя чытачы, каго бачыце ў лідарах?

Вікторыя ЦЕЛЯШУК.

←ГТК сообщает о вскрытии "крупнейшего канала ввоза контрабандных товаров в Беларусь"

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика