Прыляцелі дажджы і пахаладала
Пасля працоўнага сонечнага тыдня менавіта ў суботу надвор'е сапсавалася. Адразу пахаладала: удзень будзе толькі 11—17, у Брэсцкай вобласці — да 20 градусаў. Моцныя дажджы былі ўначы на суботу, а ўдзень сур'ёзныя ападкі толькі ў паўночна-ўсходняй палове краіны.
Ужо ў нядзелю атмасферны ціск істотна павялічыцца і надвор'е палепшыцца. Ападкаў амаль не будзе. Уначы на нядзелю на ўсходзе, а ўдзень у Брэсцкай і Гродзенскай абласцях чакаюцца кароткачасовыя дажджы, месцамі навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе толькі 3—9, а ўдзень — ад 16 цяпла на ўсходзе да 24 градусаў на паўднёвым захадзе.
Зменлівым захаваецца надвор'е і ў пачатку наступнага тыдня. Паўсюдна будуць ісці дажджы, часам навальніцы. Уначы чакаецца 6—13, удзень 15—21, толькі ў Гомельскай вобласці да 25 цяпла. І далей да сярэдзіны наступнага тыдня месцамі невялікія дажджы, магчымы навальніцы. Уначы 3—12, удзень 17—23 градусы. У сераду ўдзень у Брэсцкай і Гомельскай абласцях — ужо да 25 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ.