У красавіку "вымываліся" валютныя дэпазіты

Источник материала:  

Уклады ў нацыянальнай валюце ў беларускіх банках пасля змяншэння ў сакавіку за мінулы месяц павялічыліся на 447,3 мільярда рублёў

Сакавік, багаты, як і папярэднія месяцы, на чуткі і размовы пра дэвальвацыю, пакуль адзіны месяц сёлета, калі пэўная частка насельніцтва кінулася ў банкі, каб зняць грошы з рублёвых укладаў: тады дэпазіты ў нацыянальнай валюце знізіліся больш як на трыльён рублёў. З часткай валютных укладаў банкам таксама прыйшлося развітацца — яны ў сакавіку зменшыліся на 40,4 мільёна долараў ЗША ў эквіваленце. Што датычыцца апошняй тэндэнцыі, то банкаўскія спецыялісты патлумачылі гэта павышаным попытам беларусаў на аўтамабілі, на куплю якіх людзям і спатрэбілася валюта. Не выключана, што на кагосьці ў гэтым выпадку паўплывалі і "прагнозы" наконт паўтарэння ўкраінскага вопыту, калі ў гэтай краіне на некалькі месяцаў быў уведзены мараторый на датэрміновае зняцце валютных дэпазітаў: маўляў, падобны захад здольны знізіць панічныя настроі і супакоіць сітуацыю... Прынамсі, некаторыя знаёмыя людзі кіраваліся менавіта гэтымі чуткамі, калі забіралі грошы з банкаў. Гэтыя чуткі аднак, як бачым, не спраўдзіліся.

Красавік вызначыўся яшчэ большымі стратамі па валютных укладах: яны за месяц зменшыліся ў эквіваленце амаль на 459 мільёнаў долараў, ці амаль на 10 працэнтаў. З пачатку года, праўда, зафіксавана меншае зніжэнне, бо ў студзені і лютым людзі папаўнялі дэпазіты ў замежнай валюце. Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" намеснік начальніка Упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка Міхаіл Журавовіч, за чатыры месяцы валютныя дэпазіты зменшыліся на 186,8 мільёна долараў у эквіваленце, ці на 4,3 працэнта.

Іншая сітуацыя ў мінулым месяцы па ўкладах у рублях, якія, наадварот, узраслі. Калі цвёрдаканверсоўная ў дэфіцыце, не ўсе былі схільныя аббіваць парогі "абменнікаў", марнуючы час у пошуках СКВ. Мабыць, палічыўшы за лепшае ўсё ж такі не трымаць на руках свабодныя рублі, якія ў такім разе не прыносяць наогул ніякага даходу, частка насельніцтва паклала іх у банк пад працэнты, каб павялічыць свае сродкі. У Нацыянальным банку, у прыватнасці, адзначаюць, што на рост рублёвых укладаў у красавіку паўплывала павышэнне ўзроўню стаўкі рэфінансавання, а адпаведна, узраслі і працэнтныя стаўкі па ўкладах. Такім чынам, за мінулы месяц рублёвыя дэпазіты павялічыліся на 447,3 мільярды, ці на 4,6 працэнта, а з пачатку года — на 343,5 мільярда рублёў, ці на 3,5 працэнта. А наогул жа рублёвыя і дэпазіты ў замежнай валюце грамадзян за студзень-красавік зменшыліся на 162,3 мільярда рублёў, ці на 0,7 працэнта. На пачатак гэтага месяца ўклады насельніцтва ў пераліку на нацыянальную валюту склалі 22,8 трыльёна рублёў (на 1 красавіка — 23,9 трыльёна), у тым ліку рублёвыя — 10,1 трыльёна рублёў (на 1 красавіка — 9,7 трыльёна), а ў замежнай валюце — у эквіваленце каля 4,2 мільярда долараў ЗША (на 1 красавіка — больш за 4,65 мільярда долараў).

Ігар ШЧУЧЭНКА.

←Столичная милиция выявила финансовые махинации в РУП «Минскэнерго»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика