Ім без падтрымкі ўжо цяжка

Источник материала:  
07.05.2011 12:19 — Новости Общества

Ім без падтрымкі ўжо цяжка


Паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, у Беларусі засталося ўсяго крыху больш за 35 тысяч ветэранаў Вялікай Айчыннай. Узрост самых маладых з іх ужо перавысіў 85-гадовую адзнаку.
 

Месцы ёсць. Галоўнае — камфорт

Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў адкрыўся больш за 30 гадоў таму, а адсюль — і яго асаблівасць. Апошнім часам тут быў праведзены капітальны і бягучы рамонт. Прычым адначасова летась з бюджэту Мінскай вобласці было выдаткавана 55 млн рублёў на набыццё новай мэблі і медыцынскага абсталявання.
— Такім чынам, значна палепшыліся ўмовы пражывання, — распавядае дырэктар інтэрната Валянціна Атрушкевіч. — Цяпер ветэраны і інваліды могуць жыць у камфартабельных пакоях, як правіла, на аднаго-двух чалавек, а плюс да таго — у нас ёсць магчымасць праводзіць усе найбольш неабходныя для пажылых людзей медыцынскія працэдуры.
 
Ім без падтрымкі ўжо цяжка
Міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна наведвае ветэранаў у Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах

Сярод больш чым 300 жыхароў Мікалаеўшчынскага інтэрната статус ветэранаў вайны маюць каля трох дзясяткаў чалавек. І ў кожнага з іх — свой лёс. Хтосьці ніколі не меў сям'і, у другіх дзеці памерлі, трэцім патрабуецца спецыфічны догляд.

— Чаргі на пасяленне ветэранаў вайны ў дамы-інтэрнаты няма, — канстатуе начальнік упраўлення стацыянарных устаноў сацыяльнага абслугоўвання і капітальнага будаўніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марыя Гарбацэвіч. — Прычым праблемы з дэфіцытам месцаў не павінны ўзнікаць і надалей: плануецца, што пытанні з пасяленнем як у звычайныя, так і ў псіханеўралагічныя інтэрнаты для ўсіх жыхароў краіны цалкам знікнуць да 2015 года. Апроч таго, у інтэрнатах палепшацца ўмовы пражывання: у шэрагу ўстаноў будзе праведзены капітальны рамонт. А ў Рэспубліканскім інтэрнаце ветэранаў вайны і працы ў Ждановічах пад Мінскам вядзецца будаўніцтва водалячэбніцы з наборам сучаснага медыцынскага абсталявання. Чакаецца, што водалячэбніца будзе здадзена ўжо напрыканцы гэтага года.

Правілы і выключэнні

Але дом-інтэрнат — выпадак па-сапраўднаму крайні. Як зазначыла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, альтэрнатывай тут з'яўляюцца аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў пры тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва раёнаў — у такіх аддзяленнях магчыма пажыць толькі пэўны, да 6 месяцаў у год, час. Пры гэтым у параўнанні з "класічнымі" інтэрнатамі аддзяленні з'яўляюцца варыянтам нашмат больш танным для бюджэту. Але галоўнае ў тым, што гэты варыянт аказваецца і больш прымальным для саміх ветэранаў: практычна ў любы момант яны могуць проста вярнуцца ў свой дом.
 
— Зразумела, што аддзяленні кругласутачнага знаходжання перш-наперш карыстаюцца попытам у ветэранаў на вёсцы, — адзначыла Марыяна Шчоткіна. — Не менш актуальная тэма для тых жа вяскоўцаў — і павелічэнне даступнасці сацыяльных паслуг. У прыватнасці, для гэтага за межамі райцэнтраў ствараюцца сацыяльныя пункты, арганізуецца работа гаспадарчых брыгад, якія аказваюць дапамогу з рамонтамі і вырашэннем іншых бытавых праблем па нізкіх цэнах. Нельга скідваць з рахункаў і наша традыцыйнае аказанне паслуг на даму — цяпер сацыяльныя работнікі рэгулярна наведваюць 3866 ветэранаў Вялікай Айчыннай.
 
Большасць ветэранаў вайны мае сем'і. Адпаведна, паводле заканадаўства, сацыяльныя паслугі ім павінны аказвацца за грошы. Аднак у агульным правіле ёсць шмат выключэнняў. У прыватнасці, міністр падкрэсліла: часцяком мясцовыя ўлады прымаюць рашэнне аб вызваленні ветэранаў, якія жывуць асобна ад дзяцей, ад аплаты.
 
— Увогуле падтрымка на мясцовым узроўні — адна з асноўных, — адзначыла Марыяна Шчоткіна. — Ужо шмат гадоў у нас існуе практыка: праводзіць абследаванні ўмоў жыцця ветэранаў і высвятляць іх праблемы. Прычым надалей большасць гэтых праблем здымаецца менавіта на ўзроўні выканкамаў.
 
"Былых" — няма

Як падкрэсліла міністр, упарадкаванне сацыяльных ільгот не закранула ветэранаў. У прыватнасці, яны па-ранейшаму карыстаюцца правам на бясплатнае забеспячэнне лекамі паводле рэцэптаў урача, на бясплатнае зубапратэзаванне (за выключэннем пратэзавання з выкарыстаннем інавацыйных матэрыялаў), бясплатнае атрыманне тэхнічных сродкаў рэабілітацыі, бясплатны праезд на ўсіх, апроч таксі, відах гарадскога і прыгараднага пасажырскага транспарту, а таксама пры ўмове адсутнасці медыцынскіх проціпаказанняў — на першачарговае і бясплатнае санаторна-курортнае лячэнне.
 
— Не сакрэт, што асноўным відам даходаў абсалютнай большасці ветэранаў з'яўляецца пенсія, — заўважыла Марыяна Шчоткіна. — У сувязі з гэтым нялішне нагадаць, што наша заканадаўства вызначае для ветэранаў пэўныя "надбаўкі": для Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы памер такой надбаўкі складае 500 працэнтаў, для інвалідаў вайны І і ІІ груп — 400 працэнтаў, інвалідаў вайны ІІІ групы і ўдзельнікаў вайны — 250 працэнтаў, блакаднікаў Ленінграда — 100 працэнтаў, а для працаўнікоў тылу, якія атрымалі ўзнагароды, — 50 працэнтаў мінімальнай пенсіі па ўзросце. А ў сваю чаргу, мінімальная пенсія па ўзросце цяпер адпавядае 85.815 рублям.
 
Як вынік, памеры выплат ветэранам вайны атрымліваюцца вышэй, чым у цэлым па краіне. Зараз сярэдняя пенсія інваліда вайны складае прыкладна 1 млн 50 тыс., а зноў жа сярэдняя пенсія ўдзельніка Вялікай Айчыннай — 870 тыс. рублёў. Аднак не менш істотны і іншы момант.
 
— Вельмі добра, што ў новай комплекснай праграме сацыяльнага абслугоўвання пажылых ветэранаў і пажылых людзей на 2011-2015 гады прадугледжана: гарантыі па калектыўных дагаворах павінны распаўсюджвацца не толькі на цяперашніх, але і на былых работнікаў-ветэранаў арганізацый, — заўважыў першы намеснік старшыні рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў Міхаіл Жукоўскі. — Прычым для ветэранаў гэта сапраўды важна — і не столькі ў матэрыяльным, колькі ў маральным плане.
←Церемония перезахоронения останков белорусского воина-освободителя состоялась под Киевом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика