“Узрадуемся вечнаму жыццю”
Ні ў царкоўнай, ні ў народнай традыцыі Радаўніца, якую сёлета адзначаюць 3 мая, ніколі не ператваралася ў застолле.
У назве гэтага свята чуецца слова «радасць». Менавіта ў гэты дзень жывыя дзеляцца з памерлымі радасцю, якую прынесла Уваскрэсенне Хрыстова. На Радаўніцу ў храмах служаць паніхіды і памінальныя набажэнствы, пасля якіх вернікі ідуць да сваіх памерлых блізкіх на могілкі. Але ні смуткаваць, ні плакаць аб смерці родных у гэты дзень не трэба. Хрысціяне, наадварот, павінны радавацца другому нараджэнню сваіх родзічаў у вечнае жыццё.
Вядома, што традыцыі святкавання Радаўніцы складаліся тысячагоддзямі. Першапачаткова агульнаславянскі народны звычай, Радаўніца, была ўспрынята і падтрымана праваслаўнай царквой. Нядзіўна, што за гэты доўгі час народныя і праваслаўныя звычаі крыху змяшаліся. Мы звярнуліся да святара Георгія АРБУЗАВА, настаяцеля Васкрасенскай царквы ў Мінску, і даследчыка народнай культуры Янкі КРУКА, кандыдата філалагічных навук і дактаранта БДУ, каб раздзяліць царкоўныя і народныя традыцыі святкавання Радаўніцы і ўдакладніць, як жа правільна адзначаць дзень памінання памерлых.
Малітва перш за ўсё
— Самае галоўнае ў святкаванні Радаўніцы — малітва, — лічыць святар Георгій Арбузаў. — Ва ўсіх храмах служацца паніхіды, праваслаўнае духавенства акрапляе могілкі святой вадой. Разам са сваякамі спачылых на могілках вымаўляюцца словы памінальнай малітвы. На Радаўніцу таксама прынята прыбіраць магілкі, тым самым выказваючы сваю павагу да памерлых продкаў. На думку айца Георгія, найважнейшай з існуючых традыцый у дзень памінання з’яўляецца радасць. Толькі радасць, безумоўна, без алкаголю. Многія лічаць нармальным распіваць на могілках гарэлку і нават паліваць ёю магілу. Але царква катэгарычна забараняе гэта рабіць і называе грахом, бо тым самым чалавек праяўляе непавагу да нябожчыка.— Гэта ў час паганства ладзілі на магілах памінальныя трызны, бралі на могілкі прадукты і нейкія атрыбуты, звязаныя з жыццём памерлых. Некаторыя і сёння прыносяць на магілы сваякоў кавалачкі кулічоў, пасхі, фарбаваныя яйкі. Духавенства па-рознаму ставіцца да таго, што людзі пакідаюць гэтыя прадукты на могілках. Увогуле гэта дапушчальна, але толькі ў межах разумнага.
“Пахрыстосавацца” з памерлымі
У народзе на Радаўніцу спрадвеку прыносілі на магілы ежу і алкаголь. Але ў застолле ці п’янку гэта ніколі не ператваралася. Галоўнае было не адпачыць ці пазабаўляцца ў гэты дзень, а прыбраць магілы пасля зімы, успомніць сваіх родных, праявіць да іх павагу і парадавацца іх другому нараджэнню. — Асаблівасці гэтага дня зафіксаваны ў наступнай прыказцы: “На Радаўніцу да абеду пашуць, у абед плачуць, а пасля абеду скачуць”, — кажа Янка Крук. — Раніцай гаспадыня не адыходзіла ад печы, завяршала падрыхтоўку ўсіх неабходных рытуальных страў, потым наводзіла парадак у гаспадарцы. Пасля гэтага сям’я апраналася ва ўсё ўрачыстае, брала з сабой чысты льняны абрус, бліны, каўбасу, сала, велікодныя яйкі (адно з іх было абавязкова асвечаным, яго з’ядалі ў пачатку памінальнай трапезы), соль, бутэльку гарэлкі і адпраўлялася ў храм на абедню, а затым ужо на могілкі. Парадак на магілах наводзілі ў гэты дзень ці напярэдадні.Рытуальны стол, як правіла, накрывалі непасрэдна на магіле. Перш чым прыступіць да трапезы, на кожную магілу клалі ахвяраванні. Затым усе “хрыстосаваліся” з памерлымі — гаспадыня крыжападобна праводзіла асвечаным яйкам па надмагільным пагорку, чысціла яго і дзяліла паміж прысутнымі. Менавіта з прычашчэння часткай гэтага яйка і пачыналася трапеза. Затым найстарэйшы з прысутных браў бутэльку і наліваў гарэлку ў чарку. Дарэчы, чарка была толькі адна на ўсю вялікую радзіну, якая прыходзіла на могілкі. Яна ішла па кругу, кожны адліваў з яе некалькі кропель на магілку, выпіваў глыток, да таго, што засталося на дне, далівалі яшчэ трохі і наступны член сям’і паўтараў рытуал. Калі чарка абыходзіла ўсіх, пакінутую на дне кроплю гарэлкі зноў вылівалі на магілу. Атрымліваўся замкнёны круг, сімволіка якога разам з пакінутай на дне “слязой” была накіравана на злучэнне роду, сям’і, захаванне жывой памяці аб тых, хто ўжо адышоў у іншы свет.Продкі не былі выпівохамі і шанавалі свой род. Час змяніўся, сёння да разпіцця спіртнога на могілках адмоўна ставіцца не толькі царква, але і ўлады. Да таго ж прыстойнасць, культуру, умеранасць варта захоўваць і сёння. Хаця б дзеля светлай памяці тых, да каго ідзём на могілкі.