Да чацвярга — цеплыня, а ў нядзелю — замаразкі
Ажно да 28 красавіка ўключна на тэрыторыі Беларусі ўсталюецца цудоўнае, амаль летняе надвор'е, паведаміла рэдакцыі начальнік аддзела метэапрагнозаў Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Людміла Парашчук.
Тэмпература паветра ўначы 3—10, удзень — 18—24 градусы. Сіноптыкі адзначаюць, што такі тэмпературны рэжым больш адпавядае надвор'ю апошніх дзён мая. Аднак ужо ў пятніцу да нас завітае даволі свежае паветра з боку паўночных шырот. Таму месцамі чакаюцца кароткачасовыя дажджы. Тэмпература ўначы 3—10, удзень — ад 14 цяпла на поўначы да плюс 23 градусаў на поўдні краіны. 30 красавіка і 1 мая халоднае паветра распаўсюдзіцца ўжо на ўсю тэрыторыю краіны. У нядзелю ўначы магчымы замаразкі: ад мінус 2 да плюс 4 градусаў, удзень — 10—16 цяпла. Такое халоднае надвор'е з тэмпературным фонам на 2—4 градусы ніжэй за кліматычную норму захаваецца ў краіне ажно да сярэдзіны наступнага тыдня.
Сяргей КУРКАЧ.