Пасхальныя пасланнi Філарэта i Тадэвуша Кандрусевіча

Источник материала:  
24.04.2011 05:56 — Новости Общества

Пасхальныя пасланнi Філарэта i Тадэвуша Кандрусевіча

Звязда
Пасхальнае пасланне Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі
ХРЫСТОС УВАСКРЭС!

Гэтыя словы, падобна сонечнаму промню, разганяюць начную цемру і абвяшчаюць раніцу жыцця, сцвярджаюць Царства благадаці і радасць аб Уваскрэслым Госпадзе!
"Хрыстос Уваскрэс"! — лікуе сэрца!
"Хрыстос Уваскрэс"! — радуецца розум!
"Хрыстос Уваскрэс"! — святкуе воля, абноўленая подзвігам посту!
Пасхальныя пасланнi Філарэта i Тадэвуша Кандрусевіча
Нам зноў і зноў хочацца паўтараць гэтыя словы. Уся наша істота жадае напоўніцца благадаццю Уваскрэслага Бога, таму што мы з вамі — удзельнікі радасці Прасвятой Багародзіцы, радасці апосталаў і вучняў Хрыстовых, радасці ўсіх святых...

Пройдзены шлях Святой Чатырохдзясятніцы. Мы слухалі пакаянныя спевы канона Андрэя Крыцкага. Падобна таму, як апосталы Лука і Клеопа ішлі ў Эмаус, мы, у сваім шэсці да Пасхі Хрыстовай, разважалі між сабою пра падзеі Пакутнага тыдня: <І>"што адбылося з Іісусам Назаранінам... як выдалі Яго... для асуджэння на смерць і распялі" (Лк. 24, 15-20).

Усё наша жыццё — гэта шлях вучняў у Эмаус, шлях праз горыч сумнення да ззяння Пасхі Хрыстовай. Яго падзяляе з намі Сам Гасподзь. Як дабравесціць святы апостал Лука, "калі яны размаўлялі і разважалі, Сам Іісус, наблізіўшыся, пайшоў з імі" (Лк. 24, 15).

Узлюбленыя! Тое, што нам уяўляецца нашым, чалавечым шляхам да Бога, аказваецца ў той жа час шляхам, па якім Сам Гасподзь сыходзіць да нас. Часам нам здаецца, што мы адзінокія... Але гэта Гасподзь навучае нас цішыні, у якой загучыць Пасхальны дабравест! Мы думаем, што нас зневажаюць... Але гэта Гасподзь дае нам магчымасць далучыцца да Крыжа, каб і ў нашай душы заззяла святло Уваскрасення Хрыстовага!
 

Дарагія браты і сёстры! Шлях ад Крыжа да Пасхі мы здзяйсняем і ў гэтым годзе. У дні Вялікага посту ў метро горада Мінска быў учынены тэрарыстычны акт. Загінулі людзі. Многія былі паранены. Але не паніка, не падазронасць і адчужэнне сталі дамінуючымі пачуццямі нашых суграмадзян. Гора аб'яднала нас, выявіла лепшыя рысы беларускага народа: спагадлівасць, міласэрнасць, жаданне дапамагчы бліжняму. Няхай гэтыя дабрадзейнасці, падобна духоўнаму шчыту, адводзяць усякую варожую стралу, якая ляціць на нашу зямлю.

Сёлета спаўняецца 25 гадоў шэсця беларускага народа крыжовым шляхам чарнобыльскай бяды. Шмат слоў сказана пра яе... Яшчэ больш перажыта сэрцамі простых людзей. Сёння сэрцы нашы зноў засмучаны з-за беспрэцэдэнтных прыродных катаклізмаў, войнаў і іншых выклікаў, з якімі сутыкаецца сучасная цывілізацыя.
Але Пасха — гэта перамога Жыцця! Гасподзь, Які ўзяў на Сябе грахі свету, сёння прасвятляе нас промнямі найсвятлейшага Уваскрасення! Таму мы адважна <І>спяваем, усклікаем і прамаўляем пераможную песню:

Хрыстос увакрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў!

Наш Бажэственны Настаўнік перамог свет і ўручыў нам плады гэтай перамогі. Таму мы, хрысціяне, маем уладу рабіць дабро і любіць адзін аднаго! Менавіта да гэтага заклікае нас святы апостал і евангеліст Іаан Багаслоў: "Узлюбленыя! калі так узлюбіў нас Бог, то і мы павінны любіць адзін аднаго" (1 Ін. 4, 11).

Жыццёвая пазіцыя хрысціяніна — гэта пасхальная, дзейная любоў. Хрысціянінам называецца не той, хто пасіўна чакае ад суседа спачування. Мы самі павінны быць прыкладам стойкасці і мужнасці для бліжняга. Няхай сёння кожны струджаны і абцяжараны, гледзячы на хрысціяніна, адчуваючы лікаванне яго сэрца, пажадае далучыцца да нашай радасці. Няхай кожны паўтарае словы апостала Паўла: "Я ўпэўнены, што ні смерць, ні жыццё, ... ні цяперашняе, ні будучае, ні вышыня, ні глыбіня, ні якое стварэнне іншае не зможа адлучыць нас ад любові Божай у Хрысце Іісусе, Госпадзе нашым" (Рым. 8, 38-39).

Цуд любові здольны спыніць чарнобыль граху ў нашых душах, у нашых сем'ях, у нашай дарагой Бацькаўшчыне — Беларусі! Адкінем страх ад нашых сэрцаў. Бо, паводле слова Пісання: "Дасканалая любоў праганяе страх" (1 Ін. 4, 18). Калі мы народжаны ў гэты свет — будзем памятаць, што Бог любіць нас! Калі мы жывём у сем'ях — будзем ведаць, што мы — Царква Хрыстова! Калі мы — грамадзяне Беларусі, будзем радавацца і дзякаваць Богу за гэта! Бо мы ходзім па зямлі, дыхаем паветрам і гаворым на мове святых, якія праславілі месца гэтае перад Абліччам Божым!

Сіла Уваскрэслага Бога дзейнічае праз стагоддзі. Яна жыватворыць Царкву, а разам з Ёю ўсё грамадства, і ў нашы дні. Пад уплывам гэтай сілы нядаўна адбыўся Архіерэйскі Сабор Рускай Праваслаўнай Царквы, які прыняў важныя рашэнні ў галіне ўнутранай і знешняй дзейнасці Маці-Царквы. У гэтыя пасхальныя дні я звяртаюся да ўсіх вернікаў Беларускай Праваслаўнай Царквы з заклікам — словам і справаю садзейнічаць іх ажыццяўленню.
Дарагія браты і сёстры! Радасна святкуючы сёння Уваскрасенне Хрыстова і дасылаючы адзін аднаму радасныя пасхальныя вітанні, мы сведчым усім аб спасенні свету, якое дадзена нам у Хрысце. Як Гасподзь, раздзяляючы, прымножыў пяць хлябоў і насыціў імі пяць тысяч чалавек, так і мы пакліканы падзяляць сваю радасць з бліжнім і праз гэта — прымнажаць яе, каб ніхто не застаўся галодным і сасмяглым.

Вітаю і віншую з Хрыстовай Пасхай усіх беларусаў, што жывуць у рассеянні. Мы аддаленыя адзін ад аднаго прастораю, але ў гэтыя дні нашы сэрцы з'яднаныя. Бо Хрыстос рукі распасцёр на Крыжы, каб сабраць раскіданых і явіць адзінства чалавечага роду Сваім слаўным Уваскрасеннем!

У гэты дзень, "які стварыў Гасподзь" (Пс. 117, 24), жадаю ўсім вернікам Беларускай Праваслаўнай Царквы шчодрых благадатных дароў ад Уваскрэслага Госпада нашага Іісуса Хрыста! Будзем кіраваць жыццесцвярджальным заклікам апостала Паўла: "Радуйцеся, удасканальвайцеся, суцяшайцеся, будзьце аднадумнымі, мірнымі, — і Бог любові і міру няхай будзе з вамі" (2 Кар. 13, 11).
 
ХРЫСТОС УВАСКРЭС! САПРАЎДЫ ЎВАСКРЭС ХРЫСТОС!

Пастырскае пасланне Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на Вялікдзень 2011 года

Хрыстус уваскрос! Сапраўды ўваскрос
!
Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы, вернікі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі!

Гэтымі словамі велікоднага прывітання ўсіх вас вітаю і віншую са святам святаў — Пасхай нашага Пана Езуса Хрыста. Слова "сапраўды" азначае факт уваскрасення і з'яўляецца той абсалютнай праўдай, на якой апосталы абапіралі сваю місію.
Пасхальныя пасланнi Філарэта i Тадэвуша Кандрусевіча
Уваскрасенне Хрыста з'яўляецца падмуркам нашай веры. Без фізічнага ўваскрасення Езуса няма збаўлення. Калі б Езус ляжаў у грабніцы забальзамаваны, як ляжаць некаторыя вядомыя дзеячы гісторыі, а мільёны наведвальнікаў і прыхільнікаў аддавалі б Яму пашану, то хрысціянства было б не больш, чым легенда. Нездарма св. апостал Павел кажа, што "калі Хрыстус не ўваскрос, то марнае і прапаведаванне нашае, і вера ваша марная" (1 Кар 15, 14).
 
Святое Пісанне прадстаўляе ўваскрасенне Езуса як гістарычны факт. Хрыста пасля ўваскрасення бачылі апосталы і іншыя людзі. Ён паводзіў сябе, як кожны жывы чалавек: размаўляў, заахвочваў дакрануцца да Яго, нават прасіў, каб далі Яму есці. Усё гэта пераканала Ягоных вучняў, што сустрэча з Уваскрослым была не галюцынацыяй, а рэчаіснасцю. Таму хрысціянства абапіраецца на факт уваскрасення Хрыста, бо без гэтага яно было б безжыццёвым.
 
Аднойчы французскі філосаф Аўгуст Комтэ сказаў, што мае намер заснаваць новую рэлігію, якая заслоніць хрысціянства, яна не будзе мець ніякіх таямніц, будзе вельмі простай і будзе называцца пазітывізмам.
 
 
Адносна гэтай ідэі шатландскі пісьменнік Томас Карлейль сказаў наступнае: каб гэта сталася, табе трэба прамаўляць так, як да гэтага ніхто і ніколі не прамаўляў, і жыць так, як да гэтага ніхто і ніколі не жыў, а потым ты павінен быць укрыжаваны, затым уваскрэснуць на трэці дзень і пераканаць свет, што ты яшчэ жывеш. Толькі тады твая рэлігія будзе мець шанц.
 
Уваскрасенне Езуса Хрыста з'яўляецца надзеяй нашага ўваскрашэння. Чалавецтва, нягледзячы на імклівае развіццё навукі і яе вялікія дасягненні, тым не менш ведае, што існуе пераход толькі ў адным напрамку, без вяртання назад. Аднак факт уваскрасення Хрыста становіцца адзіным і выключным фактам у гісторыі: знаходзячыся ў грабніцы, Езус падрыхтаваў сабе шлях вяртання да жыцця. І не толькі сабе, але і іншым. Ён сказаў: "Хто верыць у Сына, мае жыццё вечнае" (Ян 3, 36). Таму дарам уваскрослага Езуса з'яўляецца наша будучыня.

Такім чынам, мы бачым, што ўваскрасенне Хрыста з'яўляецца актам бязмежнай Божай міласэрнасці. Аб гэтым мы павінны памятаць асабліва, бо праз тыдзень у Рыме адбудзецца беатыфікацыя Слугі Божага Яна Паўла ІІ — Апостала Божай міласэрнасці. Аб гэтым трэба памятаць і таму, што дваццаць гадоў таму, 13 красавіка 1991 г., менавіта Ян Павел ІІ адрадзіў іерархічныя структуры Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і ўстанавіў Мінска-Магілёўскую мітраполію.
 
Вялікі Пантыфік выдатна чытаў знакі часу і адказваў на іх выклікі. Зняволены ганеннямі, Касцёл у Беларусі быў як быццам у грабніцы. Ён не меў адпаведных касцёльных структур і іерархіі. Здавалася, што ён ужо ніколі не ўваскрэсне да новага жыцця. Аднак гісторыя яшчэ раз пацвердзіла праўду: тое, што немагчыма для чалавека, магчыма для Бога. Укрыжаваны і амярцвелы Касцёл уваскрос і жыве. Таму сённяшняя Пасха — гэта таксама свята адраджэння Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

Як мы прымаем гэты Божы дар? Ці нясе радасць у нашыя сэрцы велікоднае гучанне званоў? Радасць ад таго, што, нягледзячы на ўсе жыццёвыя цяжкасці і непазбежнасць заканчэння зямнога жыцця, нас чакае іншая рэчаіснасць — уваскрашэнне да вечнага жыцця.
 
На жаль, для многіх хрысціян Хрыстус і Яго ўваскрасенне значаць не больш, чым леташні снег. У імкненні да абсалютнай свабоды, якая лічыць Божы закон абмежаваннем правоў чалавека, многія імкнуцца да свабоды ад Бога і Яго закона. Такім чынам яны застаюцца ў грабніцы сваіх грахоў, зняволення і дрэнных звычак, а таксама спажывальнікамі сваёй малой стабільнасці. Усё гэта вядзе да таго, што людзі замест "больш быць" імкнуцца "больш мець" і не жадаюць ісці ў напрамку багацейшага чалавецтва, свабоды дзяцей Божых і поўні жыцця. Мы — хрысціяне, але як няшмат тых, хто мае веру, здольную змяніць жыццё!
 
Хрыстус — гэта не леташні снег, пра які мы ўжо даўно забылі, і не сёлетні. Езус, насуперак былым і сучасным пераследам хрысціянства, існуючым у некаторых, нават з развітай дэмакратыяй і традыцыямі, краінах свету, — як гэта моцна падкрэслівае папа Бенядыкт ХVІ, — насуперак розным цяжкасцям і выклікам сучаснага лібералізму і нават адыходу ад веры, жыве ў сваім Касцёле. Праз яго і ў ім Ён вядзе нас да паўстання з грабніц нашых грахоў і дае новую надзею на справядлівае вырашэнне ўсіх праблем і лепшае жыццё на гэтай зямлі, калі яно будзе будавацца на маральных каштоўнасцях і ў адпаведнасці з васьмю благаслаўленнямі Пана — гэтай дарожнай картай кожнага хрысціяніна, і таксама дае надзею на шчаслівую вечнасць. Сапраўдная перамена жыцця ў Хрысце — гэта радыкальная перамена, якая вядзе чалавека да трыумфу жыцця і паўнаты быцця (пар. Ян 10, 10).
 
Уменне глядзець на гісторыю ў святле праўды ўваскрасення вельмі важнае ў наш час, калі мары чалавека абмяжоўваюцца хвіліннымі клопатамі. Жывучы выключна праблемамі аднаго дня, мы забываем аб галоўным — аб збаўленні душы, Божым Провідзе, любові да Бога і бліжняга.
 
Менавіта адсутнасць любові да бліжняга і выклікала жудасны тэрарыстычны акт у мінскім метро 11 красавіка гэтага года, які прывёў да чалавечых ахвяраў. Няма і не можа быць тлумачэння таму, што тады сталася, і сталася падчас Вялікага посту — часу падрыхтоўкі да свята Пасхі. І хоць непамерна цяжка перанесці страту блізкіх і пагадзіцца з тым, што ў мірны час ад тэрарыстычнага акта гінуць людзі, наша хрысціянская вера і праўда Уваскрасення Хрыста дапамагае нам выцерці слёзы і дае новую надзею. Выказваючы свае спачуванні сем'ям і блізкім ахвяраў гэтага выбуху, давяраю душы загінулых Божай міласэрнасці з надзеяй на жыццё вечнае, а для пацярпелых прашу ласкі выздараўлення.
Уваскрасенне Хрыста дае магчымасць узвысіцца над штодзённай мітуснёй і цяжкасцямі жыцця і ўбачыць бязмежнасць Божай любові, якая дзеля чалавека сышла аж да Крыжа і смерці. Таму нам трэба ведаць і жыць праўдай, што сваім уваскрасеннем Хрыстус аднаўляе чалавечую прыроду і дае чалавеку неабходныя сілы ў служэнні Касцёлу, Бацькаўшчыне, грамадству, сям'і і бліжняму.
 
Сучасны свет у развіцці навукі, паліттэхналогіях і эканамічных рэцэптах ліхаманкава шукае адказу на свае праблемы. Аднак не знаходзіць яго. У той жа час Касцёл і само жыццё нагадваюць, што трэба толькі адно: жыць паводле Божага слова, якое з'яўляецца крыніцай паяднання, супакою (пар. VD 102) і ўсялякага адраджэння. Менавіта Евангелле вызваляе чалавека ад вельмі балючага пачуцця недастатковай развітасці і пыхі прагрэсу, ад сувязяў з негуманістычнымі культурамі і новым язычніцтвам, якім з'яўляецца большасць найбольш развітых тэхналогій. Евангелле адкрывае сэнс гісторыі чалавецтва, а таксама дапамагае адказваць на найбольш небяспечныя выклікі сучаснасці.
 
Дарагія браты і сёстры, усе людзі добрай волі!

Ад усяго сэрца віншую вас з радасным і збаўчым святам Пасхі. Віншую католікаў і ўсіх хрысціян. Дзякуючы Божаму Провіду, мы другі год запар адзначаем галоўнае свята хрысціянства ў адзін дзень. Гэта знак з неба і заклік да будавання адзінства хрысціян, што павінна з'яўляцца нашым маральным абавязкам, каб разам сведчыць праўду Евангелля, асабліва праўду ўваскрасення, і разам адказваць на выклікі часу, каб сучасны свет выйшаў з грахоўных грабніц і будаваў цывілізацыю жыцця.

Усім вам жадаю радасных велікодных святаў. Няхай праўда ўваскрасення ўзмоцніць нашыя сілы і адновіць надзею, нават насуперак надзеі — як да гэтага заклікае св. апостал Павел (пар. Рым 4, 18). На гэты шлях ад усяго сэрца благаслаўляю ў імя Айца, і Сына, і Духа Святога. Амэн.

 
←Христиане готовятся отметить главный праздник – Воскресение Христово

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика