Святая да роднай зямлі любоў

Источник материала:  

Калі вы жадаеце выклікаць сімпатыю і прыхільнасць да сябе датчаніна або датчанкі, пахваліце ад душы іх краіну, яе культуру і традыцыі, здольнасць захоўваць амаль што ў першазданным стане шматлікія помнікі архітэктуры. І паверце, вам не прыйдзецца хітраваць — камліменты будуць адпавядаць рэчаіснасці.

Горад Рыбэ — самы старажытны ў Скандынавіі. У час прагулкі па яго крывых, брукаваных каменем вулачках з напалову драўлянымі дамамі 16 стагоддзя, адчуваецца подых Сярэднявечча. Уражанне, што трапіў у музей пад адкрытым небам. Тысячы выстаўленых артэфактаў, якія былі знойдзены падчас археалагічных раскопак, паказваюць, як жылі вікінгі, як і чым гандлявалі з суседнімі краінамі. У Сярэднявеччы Рыбэ меў вялікі па тым часе марскі порт і шырокія сувязі з усёй Еўропай. У Рыбэ нельга не захапляцца самаадданай і вытанчанай прафесійнай працай дацкіх рэстаўратараў. Я была здзіўлена тым, як старанна, дакладна, грунтоўна, з захаваннем аўтэнтычнасці, адноўлены старажытны горад. І самае цікавае і зайздроснае было для мяне тое, што на такім узроўні рэстаўрыруюцца ўсе без выключэння старажытныя будынкі і вуліцы, кварталы іншых гарадоў Даніі.

Быць у Рыбэ і не завітаць у музей вікінгаў? Недаравальна. Мне асабіста ў ім спадабаўся мультымедыйны пакой, дзе з дапамогай сучасных тэхнічных сродкаў: камп'ютараў, святло- і гукаапаратуры можна перанесціся ў эпоху вікінгаў. Для замацавання ўражання трэба яшчэ наведаць Вікінг-цэнтр. Не менш захапляльнае відовішча. У гэтым цэнтры рэканструяваны жыццё і побыт вікінгаў ранняга Сярэднявечча. Тут усё зроблена так, як было (ці амаль так было) у тыя часы. У імправізаваных майстэрнях вырабляюцца сучаснымі майстрамі абутак і адзенне вікінгаў, упрыгожванні, даспехі і зброя, знакамітыя металічныя шлемы вікінгаў з двума пагрозлівымі рагамі. Можна таксама пабачыць, як на зялёнай пляцоўцы праходзіць паказ старадаўніх парод коней, на якіх некалі здзяйснялі свае ваенныя паходы храбрыя вікінгі. Вершнікі ў старадаўнім адзенні на выпешчаных конях з густымі чубкамі і касічкамі, з прыгожа расчэсанымі хвастамі, гойсаюць па лужку, дэманструюць майстэрства верхавой язды. Дарэмна казаць, што Вікінг-цэнтр поўны турыстаў. Асабліва шмат іх з суседняй Германіі, Польшчы, нават з няблізкай Расіі. Нямецкія турысты часта ходзяць па гэтым цэнтры, апранутыя ў строі вікінгаў.

Амаль паўсюдна ў краіне заўважаеш імкненне датчан захаваць для нашчадкаў здабыткі сваёй матэрыяльнай і нематэрыяльнай культуры. Ёсць прапанова: зазірнём у горад вялікага казачніка Ганса Хрысціяна Андэрсэна — Адэнсэ. У гарадскіх парках і на плошчах — скульптуры герояў яго казак. У Адэнсе шмат помнікаў старажытнай архітэктуры, але ўсё ж галоўная славутасць — дом-музей Андэрсэна. Пісьменнік нарадзіўся ў сям'і беднага шаўца ў 1805 годзе. Яшчэ ў студэнцкія гады ён піша смешную і шчодрую на выдумкі кнігу "Падарожжа пешшу ад Хольм-канала да ўсходняга мыса Амагер". А пазней з'яўляюцца яго казкі, якія сталі вядомыя ва ўсім свеце. Сярод іх — "Русалачка". І сёння вялікі талент казачніка дапамагае квітнець турыстычнаму бізнэсу роднага горада і краіны.

Галоўная славутасць Капенгагена з насельніцтвам каля 1,5 мільёна чалавек — скульптура Русалачкі, якая самотна сядзіць на гранітным валуне ля ўваходу ў гарадскі порт. А ў Капенгагене яе вытанчаная бронзавая скульптура выклікае найвялікшую цікаваць замежных турыстаў; яна, дарэчы, уваходзіць у дзясятку самых вядомых помнікаў свету. Мадэллю для Русалачкі стала вядомая балерына Каралеўскага тэатра оперы і балета.

Хоць Эсб'ерг мае рэпутацыю горада рыбакоў і нафтавікоў, ён адначасова і культурны цэнтр са старажытнай гісторыяй. Горад знакаміты сваімі музеямі, тэатрамі (оперы і балета, драмы), бібліятэкамі. Але галоўная славутасць Эсб'ерга — музей рыбалоўства і суднаходства. Гэта цэлы комплекс, дзе цікава правесці дзень усёй сям'ёй.

Амаль кожны дзень я ў той ці іншай форме сутыкалася, станавілася сведкай праяў павагі і шанавання датчанамі спадчыны продкаў, стрыманай і шчырай любові да роднай зямлі, гісторыі краіны. Яно і зразумела: сучасным жыхарам Даніі ёсць і чым ганарыцца, і што захоўваць. Упэўнена, у вас застануцца толькі станоўчыя эмоцыі пасля наведвання аднаго са стражытных замкаў. Думаю, невыпадкова ў Шэкспіра выспеў сюжэт слыннай трагедыі пра прынца Дацкага. Відаць, свой бес- смяротны твор вялікі драматург напісаў пасля знаёмства з тутэйшымі замкамі, на якія так багатая зямля Даніі. Але замак Эгескаў на востраве Фюн у цэнтральнай частцы краіны — адзін з самых прыгожых у Еўропе. Ён — помнік фартыфікацыйных збудаванняў эпохі Рэнесансу. Датчане з ахвотай расказваюць асаблівасці ўзвядзення замка. Узведзены ў 1554 годзе ў цэнтры возера Эгескаў стаіць на падмурку з тысяч вертыкальных падпорак, зробленых з дубовых ствалоў. Адсюль і назва — "Эгескаў", што ў перакладзе гучыць, як "дубовы лес".

Святая да роднай зямлі любоў

  У велічнай зале для ўрачыстасцяў замка стаяць копіі рыцараў у даспехах, на сценах вісяць старадаўнія мячы, узоры іншай зброі, шматлікія паляўнічыя трафеі. Асабліва кінулася ў вочы набліжанасць да эпохі Сярэднявечча. Нават у дробязях. На лужку каля замка мы ўбачылі мясцовых гусей. Хтосьці з турыстаў паспрабаваў прыцягнуць іх увагу, але дацкія гусі, так маляўніча паказаныя ў казках Андэрсэна, не звярнулі аніякай увагі на пачастунак і важна пакрочылі далей. Неўзабаве мы ўбачылі грацыёзных ланяў, якія разлегліся на зялёнай траўцы і грэліся на сонейку. Лані таксама не звярнулі на нас увагі і працягвалі з асалодай песціцца на сонейку. Уразіў вялікі стары парк, што раскінуўся вакол замкавага комплексу. Ён быў падзелены на некалькі зон: парк у стылі Рэнесансу з фантанамі, англійскі парк і г.д. Тут ёсць цікавы музей, у якім можна ўбачыць старадаўнія карэты, рэтра-матацыклы і аўтамабілі, лятальныя апараты і нават калекцыю лялек.  

Святая да роднай зямлі любоў

  Даніяй больш за тысячу гадоў кіруюць каралі і каралевы. Вось і сёння ў Каралеўстве Данія канстытуцыйная манархія, а на чале дзяржавы зараз каралева Маргарэтэ  ІІ. Яна ажыццяўляе заканадаўчую ўладу разам з аднапалатным парламентам — фалькетынгам. У краіне ў выдатным стане захаваліся маёнткі, якія на працягу стагоддзяў належалі каралям. Цяпер гэта архітэктурныя помнікі, большасць якіх адкрытая для наведвальнікаў.

Наталля Кірпічэнкава.

Фота аўтара.

←В Светлогорске прошла конференция «Шатилковские чтения»

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика