Мара Мацкевічаў
Кіраўнік СВК "Чэрнеўскі" Мікалай Мацкевіч нечакана даведаўся, што 140 гадоў таму маёнткам Чэрнеўка валодалі браты Мацкевічы. Ці былі яны яго продкамі? Хто ведае! Але цяперашні Мацкевіч, як і тыя браты, займаецца сельскай гаспадаркай і марыць, каб грамадства лічыла дастойнымі людзей, якія жывуць і працуюць на зямлі.
Дваранская справа
Аграгарадок Чэрнеўка называюць "залатой сярэдзінай". Толькі 30 кіламетраў да Магілёва, 20 — да раённага цэнтра Дрыбіна, 30 — да Горак. Добрае месца для жыцця, гавораць людзі. Сёлета Чэрнеўцы спаўняецца 375 гадоў.
— Гэта не самая вялікая вёска — на 350 чалавек, але вельмі цікавая, — гаворыць мясцовая бібліятэкар Галіна Гурская.
Сама Галіна толькі яшчэ мяркуе перасяліцца ў Чэрнеўку з мужам-трактарыстам, а пакуль ездзіць сюды на працу за дзясятак кіламетраў. Калі пяць гадоў таму прыйшла працаваць у Чэрнеўку, то сядзела ў халоднай бібліятэцы ў кажуху і валёнках, а цяпер у светлым адрамантаваным доме дзеці займаюцца ў гуртках рамёствамі, і пры гэтым аддаюць належную ўвагу сучаснаму камп'ютару з інтэрнэтам. Гэта як ілюстрацыя да імкненняў цяперашніх жыхароў Чэрнеўкі — на гарманічнае спалучэнне гістарычнага і сучаснага.
Сама Галіна адразу зацікавілася гісторыяй гэтых мясцін: яна даведалася, што ў 1870 годзе маёнтак Чэрнеўку разам з вадзяным млынам, піваварняй і больш чым тысяча дзесяцін зямлі атрымалі ў спадчыну дваране Мацкевічы — браты Стэфан, Станіслаў і Людзвіг.
— За тым часам сяло Чэрнеўка было цэнтрам воласці, — расказвае Гурская. — Тут былі школа, 6 крамаў, потым з'явіліся народнае вучылішча і прытулак для бедных. Дзейнічалі царква і два яўрэйскія малітоўныя дамы. Асноўнае насельніцтва складалі яўрэі. Але потым, падчас Вялікай Айчыннай вайны, у Чэрнеўцы былі знішчаны фашыстамі болей за паўтысячы яўрэяў...
У 1916 годзе, напярэдадні рэвалюцыйных зменаў, у Расіі прайшоў сельскагаспадарчы і зямельны перапіс, у выніках якога з'явіліся сціплыя звесткі пра Чэрнеўку як пра маёнтак № 31. Піваварні ў пераліку ўжо няма, а застаўся толькі вадзяны млын (які да нашага часу, вядома, не захаваўся). А гаспадаром маёнтка значыцца толькі адзін брат — Людзвіг Феліксавіч Мацкевіч. Што сталася з двума іншымі? Усё магло быць за 46 гадоў! Можа, яны памерлі і ўсё засталося, напрыклад, малодшаму брату, а можа, да таго часу сваякі аддалі свае долі найбольшаму аматару сельскай гаспадаркі...
— Я буду шукаць, што з імі здарылася, — абяцае бібліятэкар. — Бо мне самой гэта вельмі цікава. І ёсць яшчэ адзін факт, што ў тых Мацкевічаў быў сад. Для хатняга спажывання там вырошчвалі зімовыя гатункі: антонаўскія яблыкі і венгерскія грушы. Цяпер на тым жа месцы таксама ёсць сад, дзе, як і ў старадаўнія часіны, растуць антонаўкі. Нехта ж працягваў справу Мацкевічаў!Гістарычныя карані
Вядомую польскую пісьменніцу Іаану Хмялеўскую, чые творы папулярныя і ў Беларусі, часам абвінавачвалі ў тым, што сюжэты яе кніг трымаюцца на неверагодных з пункту гледжання звычайнай логікі супадзеннях. Хмялеўская заўсёды пераконвала, што ў рэальным жыцці здараюцца яшчэ больш неверагодныя супадзенні, чым яе прыдуманыя, і прыводзіла ў сваёй аўтабіяграфіі яскравыя прыклады.
У Чэрнеўцы здарылася нешта падобнае: цяпер мясцовай сельскай гаспадаркай кіруе 25-гадовы Мікалай Мацкевіч, які мае ў сваім радаводзе адначасова заходнія і ўсходнія карані.
— Мяне інфармацыя пра Мацкевічаў, калі шчыра, спачатку прывяла ў шок, — цяпер гаворыць Мікалай. — Гэта так незвычайна і прыемна!
Яго бацькі пазнаёміліся, калі вучыліся ў Горацкай сельскагаспадарчай акадэміі. Маці была мясцовай дзяўчынай, а бацька — з Брэстчыны. Атрымаўся трывалы сямейны саюз усходніцы і заходніка. Маладыя атрымалі дзяржаўнае размеркаванне і паехалі на Віцебшчыну, там і нарадзіўся Мікалай. Сын па прыкладзе бацькоў стаў студэнтам у Горках, працаваў у сельскіх гаспадарках Горацкага раёна, а летась яму даверылі ўзначаліць СВК "Чэрнеўскі" на Дрыбіншчыне.
Гістарычныя сувязі нечакана знайшліся ў звыклай абстаноўцы сельскагаспадарчай канторы: бібліятэкар сабрала ў адну папку звесткі пра гісторыю Чэрнеўкі да 50-гадовага юбілею СВК.
— Ну, чытаю, усё зразумела, — узгадвае старшыня. — Але калі ўбачыў сваё прозвішча — ну проста вачам не паверыў, тры разы перачытваў. Можа, памылка? Ды не! І я цяпер не хаваю сваёй радасці, а даручаю ўсім сваякам шукаць карані. Можа, у нас яшчэ знойдуцца гістарычныя сувязі з тымі Мацкевічамі, няхай і далёкія? Чаму б і не?
Усё магчыма. Тым больш што продкі Мікалая, аказваецца, вандравалі па ўсім свеце. Напрыклад, прадзед Мацкевіча 17 гадоў пражыў у Аргенціне пасля таго, як трапіў у палон падчас Першай сусветнай вайны. Потым ён вярнуўся ў Пінскую губерню, дзе, відаць, не без дапамогі прывезеных дадому заморскіх раслін, меў лепшы ў наваколлі сад.
— Так што тыя Мацкевічы з Чэрнеўкі былі, як мінімум, падобныя на нас па родзе дзейнасці, — радуецца Мікалай. — Усё звязана з сельскай гаспадаркай: садаводства, пчалярства, жывёлагадоўля.
Энергія маладосці
Цяпер Мікалай Мацкевіч стаў самым маладым кіраўніком сельскай гаспадаркі ў раёне. Яму толькі 25, але ён адказвае за паўтары сотні людзей, якія працуюць у "Чэрнеўскім". Тым больш што з "новай мятлой" абнавіўся і склад спецыялістаў, якім таксама не больш за 30 гадоў. Стаўка на маладосць і энергію, верыць старшыня, сябе абавязкова апраўдае.
— Я і мае спецыялісты — добрыя сябры і калегі, разам атрымлівалі адукацыю, займаліся спортам і працавалі, нам лёгка знайсці агульную мову, — прызнае Мікалай. — Аграном наш мае замежны вопыт працы, цяпер хочам адправіць на замежную стажыроўку і заатэхніка. Гэта добра! Мы проста ўсе разам хочам, каб у нас і ўсіх працаўнікоў гаспадаркі быў нармальны дабрабыт — рэальны, а не на паперы, і каб аддача ад людзей была таксама нармальная.
У Чэрнеўку прыходзіць заходні стыль кіравання: нават кантора, размешчаная ў новым сучасным драўляным доме, называецца офісам. Сад, які можа быць працягам справы Мацкевічаў, будуць абнаўляць. Садавіна — гэта добра, гаворыць старшыня, але сёння гаспадарка імкнецца глядзець эканоміку і зарабляць на малацэ і мясе. Плануецца, што ў бліжэйшыя гады ў СВК "Чэрнеўскі" будзе развівацца авечкагадоўля, пабудуюцца новыя свінакомплекс і малочная ферма.
Але і цяпер у Дрыбінскім раёне гэтая гаспадарка з'яўляецца першай па рэнтабельнасці прадукцыі (хоць пакуль і не дацягвае да валавых паказчыкаў), а таксама плаціць нядрэнны заробак сваім працаўнікам — ад 900 тысяч да мільёна рублёў штомесяц.
— Землі тут заўсёды былі багатыя, — узгадвае гісторыю Чэрнеўкі Галіна Гурская. — Назва Чэрнеўкі — ад "чорная зямля", а чорная — значыць урадлівая. Людзі заўсёды хацелі жыць і працаваць на гэтай зямлі. Але яе не хапала. Таму з Чэрнеўкі ад'язджалі ў Сібір... Цяпер зямлі хапае. І я мяркую, што нездарма сюды прыйшоў новы Мацкевіч. Можа, цяпер ён будзе развіваць нашу вёску і даб'ецца поспехаў? Гэта было б добра.
Беларуская адметнасць
— Заходнік я альбо ўсходнік, урэшце? Я проста лічу сябе беларусам! — гаворыць Мікалай. — Справа не ў тым, адкуль ты родам, а які ты чалавек. Які твой светапогляд, унутраны свет і якасці характару.
Сам Мікалай гаворыць, што ён прыйшоў у Чэрнеўку не на год і не на два:
— Нават калі не ўлічваць сувязі з тымі Мацкевічамі, то я імкнуся працаваць добра, не зняславіць сваё прозвішча і не страціць давер людзей, з якімі працую.
У Чэрнеўцы цяпер будуюць дом для старшыні, а побач — яшчэ адзін, для святара. Таму што амаль насупраць — праваслаўны храм Святой Троіцы, які не адчыняўся з 1917 года. Вось так новы стыль кіравання Мацкевіч ураўнаважвае павагай да традыцый. У бліжэйшых планах — не толькі фермы і новы сад, але і аднаўленне царквы.
— Тут калісьці быў клуб, — паказвае старшыня. — А потым, як расказваюць мясцовыя людзі, было нейкае цудоўнае з'яўленне. Цяпер вось буслы побач сваё гняздо зрабілі!
У перспектыўных планах Чэрнеўкі — развіццё аграэкатурызму, для чаго, усміхаецца Мікалай, вельмі б дарэчы былі тыя вадзяны млын і піваварня са старых часоў.
Дарэчы, тых Мацкевічаў было тры браты. Ёсць малодшы брат і ў Мікалая. Ён цяпер служыць у памежных войсках. І калі раней малады чалавек меркаваў звязаць сваё жыццё з арміяй, то цяпер схіляецца пайсці па прыкладзе бацькоў і старэйшага брата вучыцца ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, заняцца сямейнай справай — сельскай гаспадаркай.
— Я захапляюся гісторыяй, — здалёк пачынае распавядаць пра сваю мару Мікалай Мацкевіч. — І калі зазірнуць у яе, то людзі, якія жылі і працавалі на зямлі, рэдка займалі высокае месца ў грамадстве. Лічылася раней і цяпер лічыцца, што гарадское насельніцтва — элітарнае, а сяляне заўсёды горшыя за "дзяцей асфальту". Дык вось, мне хочацца рабіць так, каб гэта памянялася. Людзі на зямлі заслугоўваюць найлепшага.
Не гаворачы ўжо пра тое, што старэйшае сельскае пакаленне захоўвае нашу беларускую культуру — песні, абрады і адзенне, — працягвае думку старшыня СВК "Чэрнеўскі. — Мае равеснікі ўсё часцей задумваюцца пра гэта і вяртаюцца да сваіх каранёў. Справа не ў тым, каб на працу хадзіць у вышыванай кашулі, а ў нашай сутнасці. Што нам не трэба капіраваць некага, што мы маем адметны менталітэт і сваю краіну. Што мы — беларусы.
Ілона Іванова. Фота аўтара.