Вадзім ЗАЙЦАЎ: "першасная інфармацыя атрымала пацвярджэнне"
У тэракце, учыненым у сталіцы на станцыі метро "Кастрычніцкая", падазраецца 27-гадовы беларус, не мінчанін. Месца і ролю яго саўдзельніка ўстановіць следства.
Пазаўчора ў Мінску супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС і спецпадраздзялення "Алмаз" КДБ затрымалі тры падазроныя асобы, якія маюць дачыненне да выбуху на "Кастрычніцкай". Адна з гэтых асоб падазраецца ва ўчыненні тэракта не толькі 11 красавіка гэтага года, але і выбухаў 3 ліпеня 2008 года ля стэлы "Горад-герой Мінск" і выбухаў, якія мелі месца ў верасні-кастрычніку 2005 года ў Віцебску.
Паводле слоў міністра ўнутраных спраў Анатоля КУЛЯШОВА, скаардынаваная работа ўсіх праваахоўных органаў дазволіла раскрыць адно з найцяжэйшых злачынстваў у краіне ў самы сціслы тэрмін. Акрамя сістэмнага аналізу матэрыялаў, на падставе якіх прымаліся своечасовыя рашэнні, выкарыстоўваліся сучасныя тэхналогіі і методыкі раскрыцця падобнага кшталту злачынстваў, апошнія дасягненні тэхнікі. Сабраны неабходныя доказы віны. На дадзеным этапе ідзе дадатковы збор, ацэнка і сістэматызацыя доказаў віны затрыманых.
Як адзначыў перад журналістамі старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Вадзім ЗАЙЦАЎ, першыя версіі і вынікі былі атрыманы ўжо ў першыя гадзіны пасля здарэння, і ў далейшым першасная інфармацыя атрымала пацвярджэнне. Для гэтага быў выкарыстаны поўны арсенал сродкаў, якія ёсць на ўзбраенні спецслужбаў. За кароткі час было апытана каля 2,5 тысячы суайчыннікаў, якія ў тым ліку былі сведкамі падзей на станцыі. Акрамя таго, пасля тэракта 3 ліпеня 2008 года было вельмі многа зроблена ў межах дзяржаўнага рэагавання, у тым ліку на акты тэрарызму. Адна з такіх мер дазволіла раскрыць гэта злачынства.
Ёсць людзі нездаровыя не толькі па сваім псіхічным стане, але і з нездаровымі амбіцыямі, сказаў Вадзім Зайцаў. Як высветлілася, часам падобныя дзеянні могуць здзяйсняць і не суперпрафесіяналы ў выбуховай справе, а проста людзі, здольныя вырабіць такія выбуховыя рэчывы. Яшчэ падчас расследавання справы па выбуху 3 ліпеня было ўстаноўлена, што злачынца выкарыстаў асаблівае выбуховае рэчыва, якое ўяўляе цікавасць і для экспертаў замежных спецслужбаў, паколькі яго аналагі беларускаму боку ўдалося атрымаць літаральна ў двух краінах. Гэта ж рэчыва прымянялася і для вырабу прылады, якая выбухнула на станцыі "Кастрычніцкая". Некалькіх грамаў гэтага рэчыва дастаткова, каб пазбавіцца кісцей рук падчас вырабу выбуховага прыстасавання.
Следства мяркуецца правесці ў самы сціслы тэрмін, каб пазбегнуць далейшых крыватолкаў. Апошнія, як адзначыў старшыня КДБ, "застаюцца на сумленні асобных журналістаў, якія не паводзілі сябе ў гэтыя дні як належыць грамадзянам сваёй краіны".
Святлана БАРЫСЕНКА.