У Маладзечне дэмантавалі памятны знак "Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі"

Источник материала:  
13.04.2011 09:39 — Новости Общества

У Маладзечне дэмантавалі памятны знак "Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі"

Радыё Свабода
А 22-й гадзіне 12 красавіка ў Маладзечне быў дэмантаваны мэмарыяльны камень "Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі". Яго ўсталявалі на Цэнтральнай плошчы пры першым мэры Маладзечна Генадзю Карпенку. 

Старшыня мададзечанскай суполкі "Моладзі БНФ" Валянцін Цішко, на вачах якога дэмантавалі памятны знак, лічыць, што гэтую апэрацыю ўлады адмыслова правялі ўначы, каб не было супраціву грамадзтва. 

Паводле рабочых, камень нібыта перавязуць з плошчы ў парк Перамогі. Памятны камень — традыцыйнае месца правядзеньня акцый мясцовых дэмакратычных актывістаў. 

Сёлета ў Маладзечне пройдуць "Дажынкі". У задумку рэканструкцыі Цэнтральнай плошчы памятны камень "Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі" не ўпісаўся.

У Маладзечне дэмантавалі памятны знак "Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі"
Фота: Радыё Свабода



Фрагмэнт перадачы 
"Падарожжы Свабоды" з Маладзечна, 2008 год.

Маладзечна, напэўна, адзіны горад у Беларусі, дзе на Цэнтральнай плошчы стаяць адразу два помнікі цалкам супрацьлеглай "ідэалягічнай" накіраванасьці: узьнесены на гранітны пастамент у атачэнні шэрага асфальту Ленін паглядае на валун, аздоблены клюмбамі з кветкамі, крыжам Эўфрасіньні Полацкай і шыльдай "Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі". Пазначаны галубамі, "правадыр сусьветнага пралетарыяту" стаіць тут з пасьляваенных часоў, памяць пакутнікаў ушанавалі 18 гадоў таму.
 
Як расказаў былы школьны настаўнік гісторыі, тагачасны дэпутат гарсавету Лявон Цімохін, гэты помнік зьявіўся ў Маладзечне дзякуючы намаганьням чатырох чалавек. Праект зрабіў архітэктар Юры Белановіч, мастацкае афармленьне — Сьвятаслаў Палівода, дырэктар заводу ЖБІ Івашкевіч адказваў за тэхнічную частку, а сам Цімохін — за арганізатарскую.
 
Лявон Цімохін: "Івашкевіч прыгнаў экскаватар, вырылі яму і літаральна за гадзіну пад фундамент вылілі больш, чым 30 кубоў бэтону. Застыў гэты бэтон, добрай вельмі маркі быў, і хутка прывезлі камень і паставілі. А Святаслаў Палівода знайшоў старога каваля, які выкаваў крыж Эўфрасіньні Полацкай, які і разьмясьцілі на гэтым помніку і ўмацавалі шыльду, дзе напісана: „Пакутнікам за волю і незалежнасьць Беларусі“. Усё зрабілі практычна за адзін дзень, а потым ужо паведамілі ўладам".
 
Кіраваў горадам у той час Генадзь Карпенка. Паводле настаўніка, ён ня толькі станоўча паставіўся да зробленага, але й загадаў правесьці ўрачыстае адкрыцьцё і асьвяціць новы помнік.
 
Лявон Цімохін: "Праваслаўны сьвятар, каталіцкія і ўніяцкія сьвятары асьвяцілі гэты помнік. Адбылася сумесная, першая ў гісторыі Беларусі сумесная служба — імша. І помнік быў адкрыты".
 
Праз пэўны час, калі ўжо не было ў Маладзечне Генадзя Карпенкі, улады ўсур’ёз ставілі пытаньне аб зносе помніка.
 
Лявон Цімохін: "Такая ідэя абмяркоўвалася. Але ўрэшце прыйшлі да рашэньня, што ня трэба гэтага рабіць, і толькі папсавалі шыльду: там быў бел-чырвона-белы сьцяжок, і яго пры дапамозе нейкай машынкі сашмаравалі".
 
Сёньня помнік "Пакутнікам" стаў улюбёным месцам "паломніцтва" маладажонаў. Да яго яны абавязкова ўскладаюць кветкі. Да Леніна ж прыходзяць толькі нешматлікія мясцовыя камуністы і ўлады падчас дзяржаўных і рэвалюцыйных сьвятаў. 

У Маладзечне хочуць знішчыць помнік "Пакутнікам за волю і незалежнасць Беларусі" >>>
←Уточненные списки погибших и пострадавших от взрыва в минском метро

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика