Адсутнасць сталічнай рэгістрацыі — не перашкода для размеркавання ў Мінск
Адсутнасць сталічнай рэгістрацыі — не перашкода для размеркавання ў Мінск
На сустрэчу са студэнтамі былі запрошаны старшыня прафсаюзных камітэтаў навучэнскай моладзі пры Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, намеснік старшыні ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Раман Дапіра і галоўны прававы інспектар працы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Ларыса Манюк. Без пяці хвілін выпускнікоў цікавілі ўсе нюансы працэдуры размеркавання і працаўладкавання на першае працоўнае месца, таму яны літаральна закідвалі гасцей сваімі пытаннямі. У якім парадку ўлічваюцца пры размеркаванні запыты работадаўцаў? Якая верагоднасць таго, што персанальная заяўка на выпускніка не будзе задаволена? Ці магчыма размеркаванне ў прыватную кампанію? Калі можна скарыстацца правам на пераразмеркаванне? Ці абавязаны наймальнік забяспечваць маладога спецыяліста жыллём? Як без сталічнай рэгістрацыі размеркавацца ў сталіцу? Ці існуюць для маладых спецыялістаў ільготы пры пастаноўцы на чаргу на жыллё?
— На сённяшні дзень пытанні размеркавання выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў рэгламентуюцца некалькімі дакументамі, — паведаміў Раман Дапіра, — у прыватнасці, Законам "Аб вышэйшай адукацыі" , Палажэннем аб размеркаванні выпускнікоў устаноў адукацыі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыю ад 10.12.2007 года № 1702 і Палажэннем аб вяртанні сродкаў у рэспубліканскі і (ці) мясцовы бюджэт, выдаткаваных дзяржавай на падрыхтоўку рабочага (служачага), спецыяліста ад 22.09.2006 № 1255. Выпускнікі 2011 года будуць размяркоўвацца на падставе гэтых дакументаў, але трэба мець на ўвазе, што з 1 верасня 2011 года ўступае ў дзеянне Кодэкс Рэспублікі Беларусь "Аб адукацыі", таму ў абодва палажэнні будуць унесены пэўныя карэкціроўкі. Патлумачу, што я маю на ўвазе. Зараз маладымі спецыялістамі лічацца выпускнікі, якія на момант заканчэння ВНУ навучаліся за кошт бюджэтных сродкаў, прычым не мае значэння, за якія сродкі яны атрымлівалі адукацыю яшчэ паўгода таму (за свае ці за бюджэтныя). Пасля ўступлення Кодэкса абавязковаму размеркаванню будуць падлягаць усе, хто правучыўся на дзённай бюджэтнай форме навучання не менш за палову ад агульнага тэрміну навучання. Гэта значыць, што, калі студэнт, які навучаўся за кошт бюджэтных сродкаў, быў адлічаны (напрыклад, на трэцім—чацвёртым курсе), аднавіўся і давучыўся ўжо за кошт уласных сродкаў, ён таксама можа быць размеркаваны. Пры гэтым тэрмін работы па размеркаванні не змяншаецца прапарцыянальна часу навучання за кошт уласных сродкаў. Гэта значыць, што выпускнік павінен будзе адпрацаваць па размеркаванні два гады — як і яго аднакурснікі—"бюджэтнікі".
А што рабіць, калі выпускнік атрымаў накіраванне на работу, але хоча прадоўжыць сваё навучанне на больш высокай ступені ці адпрацаваў год па размеркаванні, але жадае паступіць у магістратуру? Ці прыйдзецца яму вяртаць сродкі ў бюджэт за сваё навучанне? І ўвогуле, колькі гадоў прыйдзецца працаваць на дзяржаву?
— Лепш за ўсё паступаць у магістратуру ў год заканчэння навучання на першай ступені, а ў аспірантуру — у год заканчэння магістратуры, — раіць Раман Дапіра, — таму што наймальнік мае права не адпусціць вас навучацца ў магістратуры на дзённым аддзяленні, пакуль вы не адпрацуеце ў яго два гады. З 1 верасня пасля ўступлення ў сілу Кодэкса, калі малады чалавек паступіць у магістратуру ў год заканчэння першай ступені вышэйшай школы, то ён будзе адпрацоўваць свае два гады ўжо пасля заканчэння магістратуры. Выпускнік магістратуры можа быць размеркаваны нанава альбо накіроўваецца на адпрацоўку па месцы першага свайго размеркавання. Калі пасля заканчэння навучання на першай ступені ён адпрацаваў адзін год і толькі затым паступіў на дзённую форму навучання магістратуры, то адпаведна пасля магістратуры ён будзе адпрацоўваць яшчэ адзін год. Прычым не мае значэння, на платнай ці бюджэтнай форме ён навучаўся ў магістратуры, — свой доўг дзяржаве за бясплатнае навучанне на першай ступені ў выглядзе працы па размеркаванні ён мусіць вярнуць. І нават калі малады чалавек едзе за мяжу, каб навучацца там у магістратуры, усё роўна яму абавязкова нагадаюць пра яго доўг, як толькі той вернецца на радзіму. А калі работа па размеркаванні не ўваходзіць у яго жыццёвыя планы, то яму давядзецца расплачвацца з дзяржавай за ўсе гады свайго бюджэтнага навучання.
У аспірантуру таксама лепш паступаць у год заканчэння магістратуры — гэта дазволіць не адпрацоўваць год ці два пасля заканчэння магістратуры, а абмежавацца абавязковай трохгадовай адпрацоўкай, якая прадугледжана кантрактам на падрыхтоўку аспіранта. Майце на ўвазе, што кантракт падрыхтоўкі аспіранта не прадугледжвае пераразмеркавання. Праўда, ёсць варыянты ўнясення змяненняў у частцы месца адпрацоўкі, але пералік сацыяльных падстаў для такіх змяненняў заканадаўства не ўтрымлівае. Усе гэтыя моманты пры планаванні свайго жыцця варта дакладна пралічваць.
Цяпер колькі слоў аб тым, якім чынам павінна вызначацца чарговасць размеркавання студэнтаў і ці можна спадзявацца, што камісія па размеркаванні задаволіць заяўку на канкрэтнага выпускніка...
— Наяўнасць рэгістрацыі ў Мінску не з'яўляецца абавязковай умовай, — тлумачыць Ларыса Манюк. — Камісію па размеркаванні павінна толькі цікавіць, ці гатовы наймальнік прыняць на работу выпускніка без мінскай рэгістрацыі. Зразумела, што пазней, калі малады спецыяліст прыступіць да працы і захоча стаць у чаргу на жыллё ў Мінску, то яму ўсё роўна спатрэбіцца рэгістрацыя. Статус маладога спецыяліста дзейнічае ўсяго два гады. А стаць у Мінску ў чаргу на жыллё без пяцігадовага чакання могуць толькі маладыя спецыялісты, размеркаваныя ў сталіцу. Усім іншым "не карэнным" мінчанам пасля атрымання пастаяннай сталічнай рэгістрацыі даводзіцца пяць гадоў чакаць, перш чым яны змогуць звярнуцца ў аддзел жыллёвай палітыкі з намерам калі-небудзь пабудаваць сабе ў сталіцы жыллё...
— Будзем лічыць, што непасрэдна працэс размеркавання — для вас ужо этап пройдзены. Што трэба мець на ўвазе маладому спецыялісту? — расказвае Ларыса Манюк. — Як правіла, усіх цікавіць, калі выпускнік набывае статус маладога спецыяліста: у момант размеркавання і афармлення накіравання на працу ці ў момант заключэння дагавора з наймальнікам? У адпаведнасці з Палажэннем аб размеркаванні маладымі спецыялістамі з'яўляюцца выпускнікі, якія атрымалі прафесійна-тэхнічную, сярэднюю спецыяльную ці вышэйшую адукацыю першай і другой ступені на дзённай форме атрымання адукацыі за кошт бюджэтных сродкаў, накіраваныя на працу па размеркаванні. Гэта значыць, маладымі спецыялістамі яны становяцца з дня атрымання накіравання. У той жа час тэрмін працы па размеркаванні адлічваецца з дня заключэння працоўнага дагавора або кантракта з наймальнікам. Па жаданні маладога спецыяліста ў тэрмін яго адпрацоўкі па размеркаванні можа быць уключаны тэрмін службы ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь ці водпуск па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Прычым у водпуск па доглядзе дзіцяці можа пайсці як маці, такі бацька дзіцяці. Не пашкодзіць таксама ведаць, што работа да атрымання накіравання ў адпаведную арганізацыю не з'яўляецца работай па размеркаванні і, адпаведна, у тэрмін работы па размеркаванні не ўключаецца.
Апошнім часам жаданне быць накіраванымі на першае працоўнае месца ўсё часцей выказваюць і студэнты-"платнікі". У выпускніка, якія навучаўся за ўласныя сродкі, ёсць магчымасць адмовіцца ад накіравання, але толькі да таго моманту, пакуль ён не падпіша з наймальнікам кантракт. Выпускнік можа паехаць на месца размеркавання, агледзецца, ацаніць узровень заработнай платы, умовы працы, наяўнасць сацыяльных гарантый, арганізацыю, нарміраванне працы і для сябе прыняць рашэнне наконт свайго далейшага працаўладкавання. Калі ён наогул адмаўляецца ад гэтага месца працы, то вяртаецца ў сваю навучальную ўстанову і здае выдадзенае накіраванне. Узамен атрымлівае даведку аб свабодным працаўладкаванні. У адрозненне ад выпускніка-"бюджэтніка", да яго не могуць прымяніць ніякіх карных санкцый. Магчыма, тым, хто канчаткова не вызначыўся з далейшымі жыццёвымі планамі, ёсць сэнс пайсці на кампраміс — напрыклад, заключыць кантракт тэрмінам не на два гады, а на год. Адным словам, трэба ўзважыць усе "за" і "супраць", бо кантракт ёсць кантракт.
Пасля заканчэння навучання ўсім маладым спецыялістам прадастаўляецца адпачынак працягласцю адзін каляндарны месяц, а выпускнікам педагагічных спецыяльнасцяў — 45 дзён. Гэта не водпуск, а менавіта адпачынак. Наймальнік у месячны тэрмін пасля заключэння працоўнага дагавора павінен выплаціць маладым спецыялістам грашовую дапамогу ў памеры месячнай стыпендыі, прызначанай у апошнім семестры. Толькі выпускнікі педагагічных спецыяльнасцяў атрымліваюць грашовую кампенсацыю па месцы навучання. Паколькі многія выпускнікі імкнуцца як мага хутчэй прыступіць да работы, матэрыяльная дапамога выплачваецца ім незалежна ад таго, выкарыстаў малады спецыяліст сваё права на адпачынак ці не. Майце гэта на ўвазе...
— Прыйсці да наймальніка вы павінны да таго дня, які ўказаны ў вашым накіраванні, — падкрэсліла Ларыса Манюк. — І калі там напісана, што вы павінны прыбыць да 1 жніўня, а вы раптам вырашыце адкласці свой візіт на 5 жніўня, то за гэты час наймальнік ужо паспее адправіць паведамленне ў вашу ВНУ, дзе будзе запісана, што малады спецыяліст па месцы размеркавання не з'явіўся. І калі вы не зможаце даказаць камісіі па размеркаванні, што ў вас былі на тое ўважлівыя прычыны, то з вас могуць спагнаць грошы за ўсе гады вашага бюджэтнага навучання.
Цяпер што рабіць, калі малады спецыяліст прыбывае на месца размеркавання, а наймальнік адмаўляе яму ў працаўладкаванні ці прапануе іншую пасаду?
— Дапусцім, вы інжынер, а вам прапануюць ніжэйшую пасаду і пры гэтым кажуць, што калі вы не пагаджаецеся, то яны вас не возьмуць на працу і вы будзеце вяртаць дзяржаве грошы за ўсе гады свайго навучання. Ці кажуць, што ваша пасада пакуль занятая, таму на паўгода-год вам прапануецца іншая праца. Думайце, ці патрэбна вам працаваць не па сваёй спецыяльнасці, паколькі калі вы пажадаеце змяніць месца працы праз два гады, то высветліцца, што ў вас няма стажу работы па атрыманай у ВНУ спецыяльнасці, — папярэджвае Ларыса Манюк. — Два гады работы па размеркаванні трэба правесці з максімальнай карысцю для сябе. А наймальнік проста абавязаны прадаставіць маладому спецыялісту працу па той спецыяльнасці, якая запісана ў яго накіраванні. І ні ў якім разе не пагаджайцеся афармляцца на месца работніка, які знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, таму што гэты работнік можа выйсці на працу ў любы момант, і тэрміновы працоўны дагавор з вамі з будзе скасаваны ці вам прапануюць іншую пасаду. Калі наймальнік адмаўляе ў працаўладкаванні (а такое здараецца, напрыклад, з-за змены штатнага раскладу), неабходна атрымаць у наймальніка пісьмовае тлумачэнне, дзе будзе пазначана, па якой прычыне працаўладкаванне маладога спецыяліста немагчыма. З гэтай паперай вы вяртаецеся ў ВНУ з просьбай аб пераразмеркаванні. Калі па адпаведнай спецыяльнасці ў навучальнай установе засталіся незадаволеныя заяўкі, маладога спецыяліста накіруюць на новае месца працы, а калі такіх няма — выдадуць даведку аб праве самастойнага працаўладкавання. Магчыма і пераразмеркаванне па персанальным запыце.
— Уважліва чытайце свой кантракт, — раіць Ларыса Манюк. — У кантракце павінны быць прапісаны меры матэрыяльнага стымулявання, вашы абавязкі і абавязкі наймальніка. На стадыі працаўладкавання вас павінны пазнаёміць таксама з правіламі ўнутранага распарадку і калектыўным дагаворам. Іх таксама раю ўважліва чытаць, паколькі ў калектыўным дагаворы могуць быць прапісаны матэрыяльныя выгоды, на якія вы таксама зможаце прэтэндаваць, а ў правілах унутранага распарадку можа быць занатаваная, напрыклад, забарона на курэнне, якая дзейнічае на тэрыторыі прадпрыемства або арганізацыі, ці нейкая іншая важная для вас інфармацыя. Працоўная кніжка, калі яе няма ў выпускніка, павінна быць аформлена на працягу пяці дзён пасля афармлення на працу.
Між іншым, у выпускнікоў педагагічных спецыяльнасцяў ёсць адна важная прывілея. Справа ў тым, што паміж Міністэрствам адукацыі і ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі падпісана галіновае пагадненне, у якім прапісана, што кантракт з маладым спецыялістам можа быць заключаны толькі са згоды самога маладога спецыяліста. Гэтая норма абавязковая для ўсіх наймальнікаў сістэмы адукацыі. Малады спецыяліст сам вырашае, на якіх умовах яму працаваць: на ўмовах кантракта ці бестэрміновага дагавора. У кантракта ёсць пэўныя "плюсы" — напрыклад, у ім могуць быць занатаваныя нейкія дадатковыя матэрыяльныя выгоды ці дадатковыя дні для адпачынку. А асноўны "плюс" дагавора на нявызначаны тэрмін заключаецца ў тым, што наймальнік не зможа яго скасаваць па ўласнай волі, калі, безумоўна, не дакажа, што яго работнік — прагульшчык, парушальнік працоўнай дысцыпліны ці п'яніца.
Цяпер колькі слоў аб тым, якія прывілеі дае статус маладога спецыяліста. Самая галоўная прывілея — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў. Маладым спецыялістам не ўстанаўліваецца выпрабавальны тэрмін. Наймальнік не можа звольніць маладога спецыяліста на аснове такой фармулёўкі, як "неадпаведнасць работніка займаемай пасадзе ці выконваемай рабоце па прычыне недастатковай кваліфікацыі". Звольніць маладога спецыяліста можна толькі за сістэматычнае парушэнне працоўнай дысцыпліны, але ў гэтым выпадку вам прыйдзецца вяртаць дзяржаве сродкі за навучанне.
Выпускнікі, якія працуюць не па месцы жыхарства бацькоў у бюджэтных арганізацыях, маюць права на атрыманне льготнага крэдыту для набыцця рэчаў першай неабходнасці. Медыкам і педагогам на працягу першых двух гадоў работы належаць дадатковыя выплаты.
А вось прадастаўленне жылля па месцы размеркавання, на жаль, заканадаўства маладым спецыялістам не гарантуе. Умова аб выдзяленні маладым спецыялістам жылога памяшкання наймальнікам можа быць агаворана ў накіраванні на працу і працоўным дагаворы (кантракце). Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы, а таксама арганізацыі пры недастатковасці ўласнага жыллёвага фонду могуць выдзяляць сродкі з мэтай кампенсацыі выдаткаў на найм жылля. Але гэта іх права, а не абавязак.
Летась некаторыя з выпускнікоў, размеркаваныя ў сталіцу, сутыкнуліся з нечаканай праблемай: тыя з іх, хто аформіў пастаянную рэгістрацыю ў сталіцы да афармлення накіравання на работу і, адпаведна, набыцця статусу маладога спецыяліста, не змаглі стаць у чаргу на жыллё. На іх распаўсюдзіўся пяцігадовы "каранцін" — наяўнасць пяцігадовай рэгістрацыі ў Мінску. Цяпер у заканадаўстве з'явілася важнае ўдакладненне: маладыя спецыялісты, размеркаваныя ў Мінск, маюць права стаць у чаргу на паляпшэнне жыллёвых умоў незалежна ад даты іх прыбыцця ў сталіцу... Падставай для пастаноўкі чаргу ў мясцовай адміністрацыі з'яўляецца пражыванне ў жылых памяшканнях дзяржаўнага жыллёвага фонду па дагаворы паднайму ці ў жылых памяшканнях прыватнага жыллёвага фонду па дагаворы найму жылога памяшкання.