На выхадныя мокры снег і шквалісты вецер да 24 м/с
На выхадныя на тэрыторыю Беларусі пачне паступаць даволі халоднае паветра арктычнага паходжання, паведаміла рэдакцыі галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметцэнтра Мінпрыроды Вольга Фядотава.
Істотна пахаладае ўжо сёння ўдзень, калі тэмпературны фон будзе толькі ў межах 3—10 цяпла. Часам будзе ісці мокры снег і дождж. Сіноптыкі прагназуюць пагаршэнне надвор'я на фоне моцных вятроў парывамі да 15—20 м/с, а месцамі і да 22—24 м/с. У сувязі з гэтым аб'яўляецца штармавое папярэджанне.
У выхадныя пранікненне холаду з боку паўночных шырот на тэрыторыю Беларусі працягнецца. Захаваецца ветранае надвор'е плюс мокры снег і дождж. Уначы на суботу будзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў, удзень — 1—7 цяпла. У нядзелю мокры снег і дождж будзе назірацца толькі ў цэнтральным і ўсходнім рэгіёнах краіны. Ветрана. Тэмпература ўначы ад мінус 3 да плюс 3, удзень — 1—6 цяпла, на захадзе Брэсцкай вобласці — да плюс 7—9 градусаў. Такі тэмпературны фон у выхадныя недзе на 1—4 градусы ніжэй кліматычнай нормы.
Згодна з папярэднімі прагнозамі, халоднае і няўстойлівае надвор'е захаваецца і ў пачатку наступнага тыдня. Уначы на панядзелак стане яшчэ халадней — ад мінус 5 да плюс 2 градусаў, удзень — ад 2 цяпла на ўсходзе да 11 градусаў на захадзе Беларусі. Мокры снег і дождж. Хутчэй за ўсё, надвор'е "супакоіцца" толькі ў сераду, калі пацяплее і ўдзень чакаецца ўжо 5—12 цяпла.
Сяргей КУРКАЧ.