РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Як мундзір пенсіянера "карміў"

Былы намеснік начальніка Камандна-інжынернага істытута МНС выдаваў сябе за высокапастаўленую службовую асобу.

На махлярства звольнены ў запас пенсіянер пайшоў, каб спрасціць сабе будаўніцтва катэджа ў Дзяржынскім раёне: пенсія, як вядома, невялікая дапамога для падобных грандыёзных планаў. Вось і "змікіціў" зламыснік, як гэтую справу паскорыць...

Як паведаміла карэспандэнту "Звязды" оперупаўнаважаны па асабліва важных справах Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі МУС Вераніка Пасмеццева, звольнены ў запас у званні палкоўніка ўнутранай службы мужчына апрануў генеральскі мундзір і на працягу двух гадоў раз'язджаў па дзяржаўных арганізацыях, знаёміўся з кіраўнікамі, прадстаўляючыся... супрацоўнікам Савета Бяспекі Беларусі. Кіраўнікі арганізацый, дзе бываў прайдзісвет, "зачараваныя" яго абяцаннямі, у прыватнасці, кар'ернага росту, бясплатна прадастаўлялі будаўнічыя матэрыялы, а таксама тэхніку і рабочых для будаўніцтва яго катэджа.

Як высветлілася, працоўная дзейнасць М. Конанава, які "засвяціўся" ў генеральскім мундзіры, сапраўды была звязана са службай у праваахоўных органах: з 1977 года ён паспеў папрацаваць у міліцыі і МНС, а ў 2006 быў звольнены ў запас у званні палкоўніка ўнутранай службы з пасады намесніка начальніка Камандна-інжынернага інстытута МНС. Цяпер устаноўлена 10 фактаў махлярства, па якіх дзяржустановам, прыватным фірмам і грамадзянам нанесены ўрон на агульную суму звыш 30 мільёнаў рублёў. У адносінах да падазронага заведзены крымінальныя справы.

"Кінуў" 4 банкі

Прайдзісвет прадстаўляў ва ўстановы "ліпавыя" звесткі і выкраў такім чынам $11 300 і 10 000 еўра.

Крыху больш за год дзейнічаў махляр, які паспеў за гэты час набраць пяць крэдытаў у банках. Як паведаміў карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, крымінальная справа была заведзена ў адносінах да 31-гадовага ўраджэнца Брэста, які на працягу апошніх гадоў працаваў у Мінску. Хітрун, каб атрымаць пазыкі ў банках, прадстаўляў несапраўдныя звесткі і выкраў грашовых сродкаў банкаў на агульную суму 11 300 долараў ЗША і 10 тысяч еўра. Да таго, як махляра злавілі за руку, ён паспеў падмануць такім чынам чатыры банкаўскія ўстановы. Між іншым, крэдыты мужчына браў на спажывецкія патрэбы, а насамрэч большую частку грошай траціў на наведванне гульневых і забаўляльных устаноў. Адметна і тое, што яго паручыцелямі выступалі калегі па працы. Апошнім у наступным і сталі паступаць з банкаў патрабаванні аб пагашэнні крэдытаў, пасля чаго адзін з іх звярнуўся з заявай у міліцыю. Падазроны ў махлярстве арыштаваны.

Крэдытавалася па пашпартах кліентаў

Аператар разлікова-даведачнага цэнтра атрымала па чужых дакументах каля 40 мільёнаў рублёў.

"Кемлівасць" праявіла 36-гадовая мінчанка, аператар аднаго з разлікова-даведачных цэнтраў. Паводле звестак прэс-афіцэра Маскоўскага РУУС Тацяны Грыб, жанчына падазраецца ў тым, што са жніўня мінулага года па студзень гэтага выкарыстоўвала пашпарты грамадзян, якія тыя здавалі на перарэгістрацыю альбо абмен. Маючы на руках чужы дакумент, яна аператыўна "штампавала" даведку аб даходах на імя гэтага чалавека. Пры гэтым зламысніца ўказвала ў даведцы, якая належным чынам была аформленая — са штампам і пячаткай, што ўладальнік пашпарта працуе ў ЖЭС, пры якім і знаходзіўся разлікова-даведачны цэнтр. Астатняе, як кажуць, ужо было справай тэхнікі: зламысніца ішла ў аддзяленне банка і афармляла па чужых дакументах экспрэс-крэдыт. На ўсё пра ўсё махлярцы хапала дня, а пашпарт пасля вяртаўся на месца. На цяперашні момант ужо вядома аб 11 фактах атрымання крэдытаў падобным чынам, агульная сума па якіх — каля 40 мільёнаў рублёў. Праводзіцца далейшае расследаванне.

"Натаксаваў" зверху $ 5000

34-гадовы таксіст выкраў буйную суму ў запойнага кліента...

Ахвярай прадпрымальнай асобы стаў 50-гадовы мінчанін, які прадаў паспяхова дом і... пайшоў у загул. Паводле звестак прэс-афіцэра Першамайскага РУУС Вольгі Куцько, мужчына настолькі ўвайшоў у "азарт", святкуючы ўдалую здзелку, што наняў таксіста для куплі на дом выпіўкі і закускі. Прычым па факце расплачваўся за гэтую паслугу вельмі шчодра — таксіст атрымліваў зверху сто тысяч рублёў.

У наступным за такую шчодрасць і даверлівасць і паплаціўся. Адным разам ён запрасіў да сябе таксіста і пры ім, каб расплаціцца, дастаў з тумбачкі грошы. Пасля паскардзіўся, што моцна запіў і спыніцца не ў сілах. Гэтую шчырасць зламыснік скарыстаў па-свойму: дапамог са спецыялістамі, а пакуль урачы займаліся хворым, ён, ужо ведаючы, дзе схаваны гаспадарскія грошы, узяў адтуль ціхенька 5 тысяч долараў ЗША. Праваахоўнікі затрымалі ў хуткім часе прадпрымальнага таксіста, які, між іншым, раней быў неаднаразова судзімы — за нанясенне цяжкага цялеснага пашкоджання і хуліганства.

Ігар ГРЫШЫН.

Ліцэіст падчас практыкі... сагнаў "КАМАЗ"

У Оршы з адміністрацыі аўтатранспартнага прадпрыемства паведамілі ў міліцыю пра тое, што нехта позна вечарам з тэрыторыі прадпрыемства сагнаў "КАМАЗ", у кабіне якога кіроўца пакінуў ключы запальвання. Злодзей не паспеў далёка ад'ехаць: не справіўся з кіраваннем і ўрэзаўся ў гандлёвы павільён на вуліцы Леніна.

Высветлілася, што на "КАМАЗе" вырашыў пакатацца навучэнец ліцэя, 1991 года нараджэння, які праходзіў вытворчую практыку на гэтым жа прадпрыемствы. Заведзена крымінальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

←Этот день в истории 6 апреля

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика