Начны крадзеж у ЦУМе
Міліцыя ўжо затрымала падазронага, які, як мяркуецца, "пагаспадарыў" у ноч на 3 красавіка ў гандлёвых залах буйнога сталічнага прадпрыемства.
Пакуль усе падрабязнасці гэтага злачынства следства трымае ў тайне. У міліцыі гатовыя пасвяціць ва ўсе дэталі ўчыненага злачынства, заявіў карэспандэнту "Звязды" начальнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў ГУУС Мінгарвыканкама Аляксандр Ластоўскі, але толькі пасля заканчэння следчых мерапрыемстваў.
На гэты момант вядома, што з Цэнтральнага ўніверсальнага магазіна на праспекце Незалежнасці быў учынены крадзеж таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на суму больш за 36 мільёнаў рублёў. Прычым гэта не канчатковая сума ўрону — дакладная лічба ўстанаўліваецца. У ходзе правядзення комплексу аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў супрацоўнікі сталічнай міліцыі ўстаноўлены падазроны ва ўчыненні злачынства, ён быў "па гарачых слядах" затрыманы і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Савецкага РУУС заведзеная крымінальная справа па частцы 4 артыкула 205 КК — "крадзеж у асабліва буйным памеры". Расследаванне гучнай справы працягваецца.
Ігар ГРЫШЫН.