Чаму віноўныя фігуранты гучных крымінальных спраў засталіся на волі?

Источник материала:  
31.03.2011 10:46 — Новости Общества

Чаму віноўныя фігуранты гучных крымінальных спраў засталіся на волі?


Бабруйчанін Дзяніс Клімачоў памёр пасля таго, як яго збілі супрацоўнікі бабруйскага следчага ізалятара. Прозвішчы ўсіх кантралёраў, якія маглі біць, вядомыя. Мінула амаль дзесяць год, але вінаватых дзіўным чынам не могуць "устанавіць".

Жыхара сталіцы Леаніда Тарасенку памылкова пасадзілі ў турму на пяць гадоў. Дзяржава, выпраўляючы несправядлівасць, выплаціла яму маральную кампенсацыю. А вось людзі, якія непасрэдна зламалі жыццё Леаніда Тарасенкі, на волі і добра сябе адчуваюць.

Чаму праваахоўная сістэма пацярпела фіяска ў гэтых дзвюх крымінальных справах?

"Прыйшла тэлеграма з СІЗА: "Ваш сын памёр"

Чаму віноўныя фігуранты гучных крымінальных спраў засталіся на волі?
Дзяніс Клімачоў пахаваны пад Бабруйскам. Каты, якія збівалі яго перад смерцю, за гэта так і не адказалі.
У 2001 годзе бабруйчанін Дзяніс Клімачоў (29 год) трапіў у следчы ізалятар № 5. Усяго на тры месяцы, за нявыплату аліментаў. Па словах сваякоў, Дзяніса перад гэтым скарацілі з працы, у яго згарэла жыллё. 29-гадовы мужчына пасаромеўся распавесці бацькам пра фінансавыя непаразуменні з былой жонкай і не пярэчыў свайму трохмесячнаму зняволенню.

А праз тыдзень адсідкі бацькі атрымалі тэлеграму: "Ваш сын памёр". Судова-медыцынская экспертыза паказала прычыну смерці — "вострая недастатковасць кровазвароту, якую выклікала кардыяміяпатыя алкагольнага генезу". Прасцей кажучы, памёр з-за таго, што рэзка перастаў прымаць алкаголь. Сваякам такі дыягназ падаўся ашаламляльным.

— Дзяніс не быў алкаголікам, ён з дзяцінства займаўся настольным тэнісам, гуляў у футбол за свой прафсаюз, увесь час удзельнічаў у абласных спаборніцтвах, — сцвярджае стрыечная сястра Алена Абрамовіч. — Калі пабачылі яго цела, то не паверылі дыягназу судмедэкспертаў. Чорныя гематомы паўсюль, кровападцёкі. Рэбры зламаныя, нос перакошаны набок... І мы зразумелі, што прычына смерці Дзяніса — яго дзікунскае збіццё. Ён не быў п'яніцам, якім яго паспрабавалі выставіць. Страшныя пабоі патлумачылі тым, што Дзяніс... сам сябе пакалечыў аб сцены камеры. Калі Дзяніс трапіў у СІЗА, у яго здарылася псіхічнае расстройства. Таму ён быў змешчаны ў камеру для неспакойных, сцены якой абшыты гумай. Пакалечыць сябе ў такой камеры немагчыма.

На думку сваякоў Дзяніса Клімачова, экспертыза была зроблена несумленна. З той мэтай, каб вінаватыя пазбеглі адказнасці. Нават некаторыя відавочныя траўмы, наппрыклад, пералом носа, не былі зафіксаваны ў дакументах. Скалечанае цела Дзяніса сфатаграфавалі (кадры страшныя, таму мы не сталі іх змяшчаць на старонках газеты).

Стрыечная сястра Алена працяглы час дабівалася эксгумацыі трупа, і гэта здарылася.

— Паўторная экспертыза праводзілася ў Мінску. Аказалася, што ў Дзяніса было восем пераламаных рэбраў, зламаны косткі носа, уціснута вісочна-скулавая костка, — працягвае Алена Абрамовіч. — Судмедэксперты прызналі, што гематомы Дзяніс атрымаў у выніку 33-35 кантактаў з тупым прадметам. Медыкі не выключылі, што гэта магла быць гумовая палка. Але і гэта экспертыза мяне не задаволіла. Прабіркі з трупным матэрыялам у Мінск паступілі непадпісаныя. Я хадайнічала, каб матэрыялы праверылі на адпаведнасць ДНК. Але мае просьбы так і не былі задаволены.

"Было чуваць, як ён бег, спатыкаўся, яго вярталі, зноў удары..."

Што здарылася з Дзянісам Клімачовым у ноч яго смерці? Журналіст "Звязды" не стаў абмяжоўвацца дакументамі і размовамі са сваякамі Дзяніса Клімачова. Напрыклад, мінулым летам адбылася гутарка з Надзеяй Хрушчынскай. Жанчына ў ракавую ноч утрымлівалася ў суседняй з Дзянісам камеры № 37. Хлопца збівалі ў метрах ад яе. Жанчыны (а іх у камеры ўтрымлівалася пад два дзясяткі) праз акенца ў дзвярах змаглі разгледзець некаторых кантралёраў, якія "займаліся" Клімачовым.

— Яго вывелі на калідор. Яны пачалі здзекавацца. Пачалі праганяць яго скрозь строй. Было ўражанне, што, як мячык, перакідалі з боку ў бок. Гэта былі не плескачы, а ўдары па голым целе, — упэўнена распавядала Надзея Хрушчынская. — Падлога там была засланая лістамі бляхі. Было чуваць, як ён бег, спатыкаўся, яго вярталі, зноў удары...

— За што яго білі?

— Ён іх вывеў з цярпення, такімі мацюкамі бруднымі яго крылі, што вушы вялі. Такі шум стаяў, што падыходзілі іншыя дзяжурныя, пыталіся: "Што ў вас тут адбываецца?" "Вось, дурня вывелі, спаць не дае". А ён крычаў розную лухту і плакаў, і прасіўся, клікаў Ларысу. Пры гэтым не грубіў, а прасіў дапамогі. А яны тупалі нагамі: "Ту-ту, паехалі, цягнік прыехаў!" Смяяліся, піхалі. Было невыносна чуць гэтыя здзекі. Мы паднялі крык: "Што вы робіце, што гэта такое?" Пасля гэтага кантралёры прыадчынілі нашу "кармушку". І ў шчыліну я пабачыла тых, хто быў на калідоры. Адразу ж пазнала здаровага паставога Сашу, які тады дзяжурыў на паверсе. Рэчы Дзяніса чамусьці валяліся ў куце, не ведаю, чаму іх вывалаклі. Потым гэты шум сціх.

— Калі вы зразумелі, што хлопец з суседняй камеры загінуў?

— Прыкладна а 8-й раніцы змену прымаў кантралёр Коля. Яны яму пра забітага кажуць: "Ай, ён спіць, нават есці не браў, не чапай яго". А Коля ім: "Ты мне адамкні, я хачу паглядзець". Раптам чуем крыкі, мацюкі: "Ты што, б.., хацеў мне нябожчыка на змену перадаць?" Там жа рады не рады, а ўсё чуеш. І тут пачалася беганіна, мацюкі, размовы, усё на вушы стала...

Гэтыя словы журналісту "Звязды" пацвердзіла яшчэ адна жанчына з камеры № 37 — Алена Шчаглова.

Першапачаткова па гэтай гучнай справе ўмоўны тэрмін атрымаў начальнік медыцынскай службы СІЗА-5 Васіль Пугач. Медыка асудзілі за "несвоечасовае аказанне медыцынскай дапамогі". Сам Васіль Пугач падчас сустрэчы з журналістам "Звязды" выказаў меркаванне, што яго зрабілі "стрэлачнікам":

— Калі б справу раскруцілі па-сапраўднаму, паляцелі б галовы. Адназначна вам сказаць, што яго забілі супрацоўнікі СІЗА, я не магу. Але тое, што яго падштурхнулі, гэта дакладна. Адно рабро зламана — баліць. А тут было зламана аж восем. Сэрца не вытрымала.

Следчага прыцягвалі да адказнасці за цяганіну. Не дапамагло

Пра трагічны лёс Дзяніса Клімачова даведаліся многія тысячы беларусаў. У прэсе неаднаразова з'яўляліся скандальныя публікацыі. Следства, як той ківач, то ўзнаўлялася, то прыпынялася. Нарэшце ў 2009 годзе судзілі былога кантралёра СІЗА-5 М., які непасрэдна адчыняў дзверы камеры №39 і выводзіў Клімачова на калідор. Кантралёра не пасадзілі, бо на той час тэрміны прыцягнення да крымінальнай адказнасці па артыкуле "Бяздзеянне службовай асобы" сышлі.

Сваякі Дзяніса Клімачова на гэтым не спыняліся, яны патрабавалі прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Тым больш што следства месцамі праводзілася нядобрасумленна. Гэта адзначыла нават Генеральная пракуратура. З упраўлення па наглядзе за следствам па крымінальных справах у органах пракуратуры сваякам Дзяніса Клімачова паведамілі, што "за дапушчаную цяганіну падчас расследавання гэтай крымінальнай справы старшы следчы па найважнейшых справах Магілёўскай абласной пракуратуры Вяржбіцкі А.П. прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці пракурорам Магілёўскай вобласці".

Што гэта была за дысцыплінарная адказнасць — не паведамлялася. Але пасля гэтага пракурору Магілёўскай вобласці загадалі "прыняць вычарпальныя меры па далейшым расследаванні акалічнасцяў прычынення Клімачову цялесных пашкоджанняў". Здавалася б, кола людзей, якія маглі збіваць Дзяніса, вельмі вузкае. Лічаныя кантралёры, прозвішчы ўсіх — вядомыя. Няўжо пракурорскія органы не знойдуць таго, хто наносіў цялесныя пашкоджанні? Тым больш што пра справу даведалася вялізная колькасць людзей, увагу на яе звярнулі найвышэйшыя чыны з праваахоўных ведамстваў.

На жаль, спадзяванні сваякоў Дзяніса Клімачова не апраўдаліся. У лютым 2011 года ў рэдакцыю "Звязды" прыйшоў ліст з пракуратуры Магілёўскай вобласці. У дакуменце, падпісаным начальнікам аддзела па наглядзе за расследаваннем крымінальных спраў у органах пракуратуры Кузьмянковым, распавядалася пра вынікі дадатковага следства па факце нанясення Клімачову цялесных пашкоджанняў. Устанавіць асоб, якія наносілі Клімачову траўмы, зноўку не змаглі. І папярэдняе следства было прыпынена. Таксама ў лісце апавядалася, што "асоба вызваляецца ад крымінальнай адказнасці за здзяйсненне цяжкага злачынства, калі з дня яго здзяйснення прайшло 10 гадоў". Гэты тэрмін хутка сплыве — у снежні 2011 года. А значыцца, людзі, якія ламалі Дзянісу Клімачову рэбры, пераломвалі нос, здзекваліся, застануцца на волі.

Замест хулігана да адказнасці прыцягнулі яго ахвяру?

У снежні 2003 года жыццё Леаніда Тарасенкі, чалавека працоўнага, законапаслухмянага, з вышэйшай адукацыяй, пераўтварылася ў мытарствы.

Напішам толькі пра дакладна ўстаноўленыя факты таго вечара.

Выязджаючы на машыне "Фальксваген" са свайго прадпрыемства, Тарасенка сутыкнуўся з жыхаром Бараўлянаў Мікалаем А., які ішоў пехам разам з двума сябрамі. Абодва мужчыны не ладзілі. Здарыўся канфлікт. Мікалай А. беспрычынна ўдарыў у крыло машыны Леаніда Тарасенкі.

Натуральна, што абураны кіроўца выскачыў з "Фальксвагена", каб разабрацца. Леанід Тарасенка сцвярджаў, што не біў Мікалая А. Гэтым словам можна верыць хоць бы таму, што ніводнай гематомы, ніводнай ранкі на целе Мікалая А. зафіксавана не было. Затое падчас падзення (па адной з версій, магло здарыцца пасля ўдару па машыне) хуліган атрымаў закрыты пералом вяртлужнай упадзіны. Такая траўма фізічна не можа быць вынікам удару.

Мікалай А. трапляе ў бараўлянскую бальніцу, дзе на пытанне ўрача: "Што здарылася?" адказвае: "Упаў". Гэты факт таксама пацвердзіўся падчас судовых пасяджэнняў.

Нягледзячы на ўсе акалічнасці, следчы Бараўлянскага РАУС Р. заводзіць крымінальную справу па артыкулах "Нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў" і "Хуліганства". Леанід Тарасенка апынуўся ў жахлівым становішчы: хуліган разбіў яму машыну, па сваёй легкадумнасці траўмаваўся, але да крымінальнай адказнасці прыцягваюць яго самога.

Следства, заведзенае беспадстаўна, такім жа чынам было і праведзена: у лепшым выпадку — некваліфікавана, у горшым — сфальсіфікавана.

У выніку суд Мінскага раёна і горада Заслаўе прызначае Леаніду Тарасенку тэрмін — пяць гадоў узмоцненага рэжыму.

Чалавек, які нават не курыць, ніколі не прыцягваўся да адказнасці, нечакана трапляе за краты.

Чаму віноўныя фігуранты гучных крымінальных спраў засталіся на волі?— Турма — гэта іншае жыццё, куды лепш не трапляць, — узгадвае пра крытычны перыяд свайго жыцця Леанід Віктаравіч. — Я не вінаваты, упершыню ў турме. Але ў адной камеры сядзеў з тымі, што людзей елі — у слоікі закатвалі, з канібаламі, тымі, у якіх рукі па локаць у крыві. Адзін сукамернік сядзеў за крадзеж газавага балона, яшчэ адзін — за аліменты. Камера разлічана на дзесяць чалавек — а нас там сядзела дваццаць. Усе, апроч мяне, курылі, па бялізне бегалі блохі. Не было ніводнага спакойнага дня, на кожным кроку правакацыі. Прыходзілі да мяне нейкія "малявы", як гэта ў іх называецца, такі скрутак з пасланнем, у плёначку закатаны. Я нічога не чытаў, на правакацыі не ішоў, нос нікуды не соваў. Мяне пераводзяць у іншую камеру. Там усе па мянушках, усе ў масцях, так званая "эліта". Пачынаюць зноў мяне "распрацоўваць". Але я не вінаваты, нічога ўвогуле не казаў, маўчаў. Пайшлі сівыя валасы, захворванні — амаль усе зубы павыпадалі, цяпер у мяне ўстаўныя. Да турмы нічым не хварэў, бегаў, на турніку падцягваўся. Звяртаюся да турэмнага ўрача: "Баліць галава!" А ён мне ў адказ: "Галава — гэта косць, а косць балець не можа". Пазней пасля шасці месяцаў спецэтапам адправілі ў Наваполацк на дзясятую "зону". Адзін з шараговых супрацоўнікаў сказаў мне прама: "Альбо прызнаешся, альбо будзеш сядзець да званка". Я сказаў: "Хоць забіце мяне, хоць на кавалкі падзярыце, я гэтага не рабіў". Адзін рэцыдывіст аднойчы нечакана мяне стукнуў. Ён мне бах — і я яму бах паміж вачэй. У яго два фінгалы. У выніку рэцыдывіст мне кажа: "Ты не промах, можаш сябе абараніць". І перастаў мяне чапаць. У месцах пазбаўлення волі я прабыў замест пяці гадоў 14 месяцаў.

Менавіта так. Леанід Тарасенка аказаўся змагаром. Ён бамбардзіраваў скаргамі ўсе магчымыя інстанцыі — ад раённай пракуратуры да Адміністрацыі Прэзідэнта. У выніку судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда адмяніла абвінавачванне ў "хуліганстве". А праз нейкі час былі адменены ўсе судовыя пастановы. Судом Мінскай вобласці Леанід Тарасенка быў цалкам апраўданы. Неверагодна, але суддзя Дзмітрый Язвінскі стаў аж 18-ым слугой правасуддзя, які разглядаў справу Леаніда Тарасенкі. І толькі ён скрупулёзна разабраўся ў, здавалася б, відавочных акалічнасцях крымінальнай справы.

У незаконнай адсідцы Леаніда Тарасенкі ніхто не вінаваты?

У выніку дзяржава выплаціла Леаніду Тарасенку буйную кампенсацыю маральных і фінансавых страт — больш за 40 мільёнаў рублёў. Хто вінаваты ў незаконнай адсідцы Леаніда Тарасенкі і ў стратах дзяржаўнага бюджэту?

Такім чынам, пракуратура Мінскага раёна завяла крымінальную справу ў дачыненні да Мікалая А., таго самага хулігана, які ўдарыў у крыло "Фальксвагена". Яму паставілі ў віну артыкулы крымінальнага кодэкса "Загадзя лжывы данос" і "Загадзя лжывыя паказанні". Асуджэнне гэтага чалавека магло пацягнуць за сабой вераніцу разбіральніцтваў. Як ні круці, калі б следчы і суддзі паводзілі сябе аб'ектыўна, Леанід Тарасенка не трапіў бы за краты, а дзяржава не расплачвалася б за жахлівыя памылкі "абаронцаў закону".

Але ў маі 2010 года суд Дзяржынскага раёна нечакана апраўдаў Мікалая А. "за недаказанасцю яго ўдзелу ў здзяйсненні злачынства". Атрымліваецца, у адсідцы Леаніда Тарасенкі ніхто не вінаваты?

Пракурорскія органы ўсіх рангаў складалі пратэсты. У выніку справа дайшла да Прэзідыума Вярхоўнага суда, які пакінуў без задавальнення пратэст Генеральнага пракурора.

Чарговая гучная крымінальная справа скончылася нічым.

ПОГЛЯД ЗБОКУ

Пра гэтыя гісторыі "Звязда" пісала цягам некалькіх гадоў. Ніводзін з колькіх фактаў, якія друкаваліся на нашых палосах, не быў нікім аспрэчаны. Тым не менш, вінаватыя так і не былі знойдзены. Абедзве крымінальныя справы, так бы мовіць, прытушылі. Пра гэтыя гісторыі прачыталі дзясяткі ці нават сотні тысяч беларусаў. А вынік аказаўся нелагічным.

Па каментарый наконт гэтых гісторый я звяртаўся да многіх юрыстаў, у тым ліку і ў вядучыя беларускія ўніверсітэты. Юрысты ківалі галовамі, наракалі на недасканаласці, але раілі пра гэта не пісаць: "Калі мы будзем уголас пра такое гаварыць, як мы захаваем стабільнасць праваахоўнай сістэмы?"

Я лічу, што стабільнасць — гэта няспыннае ўдасканальванне. Без памылак немагчыма, і самае важнае — рабіць з іх належныя высновы.

Яшчэ адзін важны нюанс. У гэтых абедзвюх гісторыях следчыя дзеянні першапачаткова праводзіліся несумленна. І вось што цікава. Следчы, які заводзіў крымінальную справу ў дачыненні да Леаніда Тарасенкі, сёння займае даволі высокую пасаду і далей вырашае лёсы людзей.

Мы шмат пісалі пра Магілёўскую абласную пракуратуру, якая ўжо каторы год расследуе нанясенне цялесных пашкоджанняў Дзянісу Клімачову. Некаторыя службовыя асобы, якія мелі непасрэднае дачыненне да "суперрасследавання", таксама пайшлі на сур'ёзныя павышэнні.

Ці магчыма лічыць такую завядзёнку нармальнай з'явай? Мяркую, што не.

МЕРКАВАННЕ СПЕЦЫЯЛІСТА

"Калі б не памылка першага суддзі, не было б усяго гэтага клубка"


Выканаўчы дырэктар Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў Генадзь Варанцоў не выключае, што Леанід Тарасенка таксама "не анёл". Аднак гэтая гісторыя не стала б такой гучнай, калі б разгляд крымінальнай саправы ў 2004 годзе быў праведзены аб'ектыўна. Генадзь Варанцоў не дае юрыдычную ацэнку дзеянням суда, аднак падкрэслівае моманты, на якія нельга не звярнуць увагу.

— У першапачатковай стадыі дапушчана судовая памылка, — тлумачыць Генадзь Мікалаевіч. — У канчатковым выніку за ўсё адказвае суддзя, выносячы прысуд. Калі б ён удумліва прагледзеў дакументы, звярнуўся да экспертаў, то адразу высветліў бы, што атрымаць пералом вяртлужнай косткі непасрэдна ад удараў нельга. І не было б усяго гэтага клубка. Гэта недасведчанасць, некваліфікаванасць першага суддзі. Ёсць простая арыфметыка для следчага, для пракурорскага работніка, для любога суддзі — аб'ектыўнасць. Калі ты ў нечым сумняваешся, тысячу разоў правер, зрабі некалькі экспертыз, але вынесі справядлівае рашэнне.

— Чаму наступныя суддзі падтрымлівалі першага?

— Калі б усе астатнія мелі на руках канкрэтныя заключэнні экспертызы, ніхто не вырашыў бы паўторна вынесці такі прысуд. На нейкім этапе патрэбна было прызначаць дадатковыя экспертызы, ад заключэння якіх нікуды не дзецца.

— Такім чынам, гэта гісторыя сведчыць, што ў працы суддзяў хапае прабелаў?

— Ёсць агульныя правілы для ўсіх. Каб выключыць з судовай практыкі вось такія памылкі, трэба, каб судовы корпус быў кваліфікаваны, суддзі — з досведам, з напрацоўкай. Важны таксама характар суддзі. Ад цябе залежыць лёс іншага чалавека. Нават самы зацяты злачынца — чалавек. І ён мае права на абарону, і яго хадайніцтвы трэба задавальняць. Так і тут: адзін адмахнуўся, другі адмахнуўся, трэці не пагадзіўся. Дзякуй Богу, справа дайшла да чалавека, які падумаў і прыняў удумлівае рашэнне...  

←После реконструкции здания в Бресте откроют хоспис на 30 коек

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика