49 студэнтаў патрабуюць не звальняць любімага выкладчыка
22.03.2011 23:27
—
Новости Общества
49 студэнтаў патрабуюць не звальняць любімага выкладчыка
Надзея Лаўрухіна адпрацавала ва Універсітэце культуры 32 гады. Пазіцыя ўніверсітэта: "Мы ўсё робім паводле закона".
Такое здараецца рэдка — калі людзі не баяцца пад сваім іменем змагацца за правы іншага чалавека. А тут — у "Звязду" звярнуліся 49 (!) студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Усе падпісаліся сваімі імёнамі, усе паўтарылі свае словы на дыктафон, згадзіліся сфатаграфавацца. Выкладчыкі — таксама не баяцца ўголас заступіцца за калегу. Выпускнікі выказваюць абурэнне. Дык што здарылася ў адным з самых творчых ВНУ краіны?
Надзея ЛАЎРУХІНА, звольненая выкладчыца: "Пасля 32 гадоў працы бегаць выкладаць пагадзінна — знявага для мяне..."
Надзеі Міхайлаўне Лаўрухінай 63 гады. Яна — славуты, заслужаны чалавек. Без перабольшвання, у кожным харэаграфічным каледжы краіны сёння выкладаюць яе выпускнікі. Аднак, прызнацца шчыра, як недасведчаны ў справе харэаграфіі журналіст, я грэшным чынам думаў сабе: ці можа чалавек у такім узросце выкладаць танец? Каюся. Калі я фатаграфаваў Надзею Міхайлаўну ў балетнай зале, склалася адчуванне, што яна дасць фору любой 20-гадовай студэнтцы!.. То бок, пытанне пра тое, ці "прафпрыдатная" яна, адпала з першага погляду. Надзея Міхайлаўна працуе ва Універсітэце культуры ўжо 32 гады. І вось ёй на рукі выдаюць "Паведамленне аб звальненні", дзе гаворыцца, што "ў сувязі са сканчэннем тэрміну кантракта 29.03.2011 яна будзе звольненая"...
— Надзея Міхайлаўна, як вы даведаліся, што вас звальняюць?
— 22 лютага мяне выклікала да сябе загадчыца кафедры харэаграфіі Святлана Гуткоўская. Замкнула дзверы кабінета на ключ і сказала, што "ёй надакучыў ценявы лідар" і яна, карыстаючыся тым, што сканчаецца кантракт, мяне звальняе. Сказала, што ўжо ўсё дамоўлена. Назаўтра я сапраўды атрымала паведамленне аб звальненні. Я была ў шоку! Паўтара месяца таму ціснулі мне руку, калі ўручалі грамату! Месяц таму мяне прызналі "Найлепшым выкладчыкам года" кафедры харэаграфіі па выніках 2010 года. І раптам — звальненне...
— У чым прычына вашага канфлікту з загадчыцай кафедры?
— Я ніколі не хаваю свае думкі, усё кажу наўпрост — уголас, на пасяджэннях кафедры. А ёй, відаць, хочацца, каб яе толькі хвалілі. Я не хачу сказаць, што наш канфлікт раптоўны. Непаразуменні былі і раней. Святлана Гуткоўская працуе на гэтай пасадзе ўжо 15 гадоў.. Дарэчы, перад гэтым абавязкі загадчыка кафедры выконвала я — і менавіта я парэкамендавала яе на гэтую пасаду, бо не хацела займацца адміністрацыйнай працай, хацела займацца выкладаннем, творчасцю.
— Вашае кіраўніцтва завуалявана кажа, што яны проста адпраўляюць пенсіянера на заслужаны адпачынак. А чаму ж пенсіянер супраціўляецца?
— Ведаеце, калі б на кафедру прыходзілі новыя, маладыя выкладчыкі — ніякай гаворкі б не было. Аднак за апошнія некалькі гадоў на кафедру прынятыя чатыры чалавекі перадпенсійнага веку! Дык, даруйце, чым яны каштоўнейшыя за мяне, якая адпрацавала тут 32 гады!? Я сама неаднойчы казала, што хачу падрыхтаваць сабе замену з ліку таленавітых выпускнікоў. Такога няма. Калі б мне цяпер сказалі "давайце вы пяройдзеце на паўстаўкі, а мы на вашае месца маладога возьмем", ды я з задавальненнем! Аднак гаворка была іншая: "Мне надакучыў "ценявы лідар, і я вас прыбіраю".
— Вам прапанавана супрацоўнічаць далей па сумяшчальніцтве. Чаму вы адмаўляецеся ад гэтага?
— Ведаеце, я лічу гэта проста знявагай. Адпрацаваць без нараканняў 32 гады — і перайсці на статус "пагадзінніка"... Я лічу, што заслужыла лепшага стаўлення. Сумяшчальнік — гэта часовы найміт. Сёння працуеш, заўтра не. Я ж не дзяўчынка 16 гадоў, каб лічыць за гонар, што мяне ўзялі ва ўніверсітэт па сумяшчальніцтве працаваць... Да таго ж, працаваць па сумяшчальніцтве — гэта значыцца мець нейкую асноўную працу. Аднак я хачу і магу працаваць тут як на асноўным месцы!
— Аднак пагадзіцца на сумяшчальніцтва — значыць, застацца са сваімі студэнтамі, давесці іх да выпуска. Чаму для вас так важны фармальны бок?
— Зараз я вяду 4 групы. Мой прадмет для іх спецыяльнасці профільны, галоўны — яны будуць здаваць па ім дзяржіспыт. Загадчыца кафедры прапанавала мне па сумяшчальніцтве весці толькі адну групу. Я лічу такое стаўленне непрымальным. Да таго ж, гэта зараз мне гавораць, што ў верасні прымуць на сумяшчальніцтва. Улічваючы асабістыя стасункі, я ў гэта не веру.
Студэнты: "Калі пачулі, што звальняюць Лаўрухіну — хацелі сысці з універсітэта ўсёй групай"
У студэнтаў кіпяць эмоцыі. Яны напісалі калектыўны зварот (49 подпісаў) дэкану, рэктару, міністру культуры (Універсітэт культуры падпарадкоўваецца гэтаму міністэрству). Многія з іх паступалі спецыяльна да Лаўрухінай. Цяпер яны ў роспачы ад рашэння кіраўніцтва ўніверсітэта не працягнуць Надзеі Міхайлаўне кантракт. Я сядзеў у аўдыторыі і проста слухаў іх, студэнтаў першага курса народнага аддзялення харэаграфіі. Градус напружання быў такі, што пытацца нічога не трэба было.
— Галоўны аргумент дэканата, што Лаўрухінай 63 гады, — кажа Юлія КЛЫКАВА. — Прыходзьце да нас на заняткі! Паглядзіце! Надзея Міхайлаўна настолькі вытанчаная і грацыёзная, што мы не перастаем здзіўляцца! Мы не адчуваем яе ўзрост!
— Я лічу, што лепшага педагога па народных танцах у краіне няма, — перакананая Наталля ЖАРНАСЕК. — Я не з неба вырашыла сюды паступаць, а ішла менавіта да гэтага выкладчыка. Бо ад сваіх педагогаў у каледжы чула водгукі пра Надзею Міхайлаўну як пра спецыяліста экстра-класа!
— Хочацца дадаць, — уступае ў размову Марына КАРНІЛАВА, — што ў нас ёсць педагогі, якія прыходзяць на занятак і тлумачаць усё на словах! Заняткі Надзеі Міхайлаўны заўсёды практычныя! Ніводзін элемент яна не патлумачыла, не прадэманстраваўшы яго! Яна ведае столькі танцавальных характараў, што нам і не снілася!
— Я прыехала з Магілёва, дзе вучылася ў харэаграфічным каледжы, — дадае Юлія САВІЦКАЯ. — Мае выкладчыкі ў каледжы раілі мне паступаць менавіта да Лаўрухінай! І вось цяпер яе звальняюць... Вучыцца тут далей не мае сэнсу, бо яна вядзе ў нас асноўны, профільны прадмет. Я лічу, што звальненнем Лаўрухінай мне могуць зламаць лёс.
— Мы ведаем, што на Надзею Міхайлаўну напісалі ананімку, што яна некаму там нагрубіла, — кажа Крысціна МІКУЛІЧ. — На занятках Надзея Міхайлаўна сапраўды можа і прыкрыкнуць, і сказануць жорстка. Сказаць: "Ты тлустая, трэба схуднець, каб добра танчыць" Крыўдна? Дык гэта праўда! І гэтая парада ад такога вопытнага выкладчыка можа наадварот заахвоціць чалавека, узняць яго! Аднойчы было, што Надзея Міхайлаўна накрычала на нас. Назаўтра яна прыйшла і выбачылася. Гэта — творчы працэс, тут усё ціха і спакойна быць не можа! Разумееце, мы, студэнты, кажам, што нас задавальняе такая манера выкладання — а выкладчыка забіраюць з-за нейкай ананімкі!
— Яна легендарны чалавек, яе ведаюць у Беларусі, Расіі, у іншых краінах, — усхвалявана кажа Леанід ЗУЕЎСКІ. — Я яшчэ са школы рыхтаваўся паступаць сюды, сачыў за гэтай сферай. Даруйце, але Надзея Лаўрухіна ў народным танцы — гэта як Юры Гагарын у касманаўтыцы. Бясспрэчны аўтарытэт, легенда!
— Мы звярталіся да дэкана, — кажа Настасся КАПЫРКІНА. — Яна нам усё расклала па палічках. Кажа, мы прапанавалі працаваць па сумяшчальніцтве, але Лаўрухіна адмовілася. І мы разумеем Надзею Міхайлаўну! Даруйце, але яна занадта заслужаны і прафесійны чалавек, каб пагаджацца на такую зняважлівую прапанову! Мы мяркуем, што нам да верасня знойдуць іншага выкладчыка, а Надзея Міхайлаўна застанецца за бортам...
— Фармальна кажучы, парушаюцца нашы правы, зрываецца навучальны працэс, нас пазбаўляюць выкладчыка галоўнай дысцыпліны! — падводзіць рысу Маша ШАРКЕВІЧ. — Мы не пагодзімся на іншага выкладчыка. Калі мы пачулі, што Лаўрухіну звальняюць, першая думка была — усёй групай напісаць заяву на адлічэнне. Я скончыла харэаграфічны каледж у Віцебску, потым год чакала — і паступала спецыяльна на курс Лаўрухінай, бо так мне раілі мае выкладчыкі. Чаму я павінна цяпер вучыцца немаведама ў каго?
Пазіцыя ўніверсітэта
Святлана ГУТКОЎСКАЯ, загадчыца кафедры харэаграфіі (непасрэдная начальніца Н. Лаўрухінай):
Святлана Вячаславаўна так пракаментавала ліст, які Надзея Лаўрухіна напісала на імя міністра культуры (там яна выклала тое самае, што і ў гэтым інтэрв'ю).
— Асобе, ад імя якой быў напісаны ліст на імя міністра культуры, было афіцыйна прапанавана працягнуць кантракт да канца навучальнага года, каб нармальна дапрацаваць са студэнтамі. І з наступнага года перайсці працаваць на сумяшчэнне з гэтым жа курсам. Чалавек адмовіўся. Астатнія рэчы каментаваць не лічу патрэбным.
Наталля ШАЛУПЕНКА, дэкан факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва:
— Лаўрухіна Надзея Міхайлаўна, у якой заканчваецца кантракт, у адпаведнасці з нормамі заканадаўства была інфармавана аб спыненні працоўных адносін. Надзеі Міхайлаўне было прапанавана працягнуць кантракт да 30 чэрвеня, а ў далейшым працаваць па сумяшчальніцтве. Ад гэтых прапаноў Надзея Міхайлаўна адмовілася. Таму, на мой погляд, сітуацыі няма. Больш мне каментаваць няма чаго. Магу толькі дадаць, што Надзеі Міхайлаўне 64 гады, чалавек ва ўзросце. Яшчэ раз паўтару, што парушэння заканадаўства няма, а яе нежаданне працаваць на прапанаваных умовах — гэта яе рашэнне.
Юры БОНДАР, першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў: “Гэта не звальненне, гэта перавод на іншую форму супрацоўніцтва”
— Юры Паўлавіч, юрыдычна ўніверсітэт мае права не працягнуць кантракт ці прапанваць перайсці на іншую форму супрацоўніцтва выкладчыку пенсійнага ўзроста. Ці адная Надзея Лаўрухіна дасягнула пенсійнага веку сярод штатных выкладчыкаў Універсітэта культуры?
— Увогуле, ва ўніверсітэце існуе шмат формаў супрацоўніцтва з выкладчыкамі. Трагедыі ніякай няма. У нас 340 штатных выкладчыкаў, а агулам іх працуе больш за 460. Калі нават чалавек працуе па сумяшчальніцтву, ён усё адно застаецца дацэнтам, калі мае такую пасаду. Сітуацыя з пенсіянерамі падобная да іншых універсітэтаў – каля 14% выкладчыкаў дасягнулі 65 гадоў.
— Як юрыдычна выглядаюць стасункі з выкладчыкам, калі ён працуе па сумяшчальніцтву?
— Афармляецца працоўная дамова на перыяд навучальнага года – ад 1 верасня да 30 чэрвеня. Па сумяшчальніцтву ў нас працуе шмат вядомых людзей – тэатрыльныя дзеячы, супрацоўнікі бібліятэк, кіраўнікі розных узроўняў.
— Атрымліваецца, што цягам летніх вакацый сумяшчальнік нічога не атрымлівае?
— Так, дакладна.
— Ці ёсць ва ўніверсістэта прэтэнзіі да прафесійнага ўзроўню Надзеі Лаўрухінай?
— Да яе прафесійнага ўзроўню як харэографа -- не. Яна даволі доўга працуе ва ўніверсітэце. Аднак, ацэньваючы дзейнасць выкладчыка, мы не павінны забывацца аб метадычных, навуковых, выхаваўчых складніках яго работы. Асаблівае значэнне маюць асабістыя стасункі настаўніка і яго выхаванца, студэнта – на жаль, у гэтых кірунках яны не заўсёды бываюць бездакорнымі.
— А чаму з ёй не працягнуты кантракт?
— Гэта права наймальніка, мы ўсё робім паводле закону. Увогуле, кожны ўніверсітэт сёння стаіць перад глабальнай праблемай амалоджвання кадраў. І каб прывабіць новыя кадры, трэба стварыць ім адпаведныя ўмовы – прапанаваць штатную пасаду. Маладога харэографа пагадзіннай аплатай не завабіш, бо па сваёй асноўнай прафесіі ў шоўбізнесе ён заробіць больш грошай… Адначасова мы мусім захаваць касцяк – паводле правілаў, не менш за 45% штатных выкладчыкаў мусяць мець навуковую ступень кандыдата, доктара навук, ці званне дацэнта альбо прафесара…
— Юры Паўлавіч, мне падалося, што для Надзеі Лаўрухінай пытанне стала не ў грошах, а ў прафесійным гонары, у статусе… Чаму немагчыма пакінуць яе ў штаце – скажам, перавесці на 0,5 стаўкі?
— Надзея Міхайлаўна мае аб’ём вучэбных даручэнняў, які адпавядае 0,75 стаўкі. Лагічна было прапанаваць ёй сумяшчальніцтва.
— Ёсць зварот студэнтаў – 49 навучэнцаў просяць пакінуць любімага выкладчыка. Чаму кіраўніцтва ўніверсітэта не прыслухаецца да меркавання такой колькасці сваіх гадаванцаў?
— Студэнты схільныя да максімалізма. Яны баяцца, што вось зараз у іх забяруць іх любімага выкладчыка. Гаворка пра гэта не ідзе. Яна як працавала ва ўніверсітэце, гэтак і будзе працаваць. Зменяцца ўмовы нашага супрацоўніцтва.
— Аднак на сённяшні момант яна афіцыйна звольненая з 29 сакавіка.
— Так. І з ёй будзе заключаная тэрміновая працоўная дамова да 30 чэрвеня 2011 года. А потым з 1 верасня мы з ёй заключым дамову як з сумяшчальнікам.
— Выкладчыца мяркуе, што яе звальненне – вынік непрыязнасці з боку загадчыцы кафедры Святланы Гуткоўскай…
— Я пра падобныя рэчы не чуў. Напэўна, абмяркоўваць такія аспекты ў прэсе будзе не зусім этычна.
— Наколькі Надзея Лаўрухіна для ўніверсітэта каштоўны супрацоўнік? Калі яна не пагадзіцца на ўмовы сумяшчальніцтва, якія лічыць прыніжальнымі, магчымыя яшчэ нейкія варыянты?
— Мы не бачым тут канфліктнай сітуацыі. Змена пакаленняў павінна адбывацца, гэта натуральны працэс. Аднак калі тут узнікла такая праблема, мы зноўку сустрэнемся з Надзеяй Лаўрухінай, са студэнтамі, з дэканам – і ўсё яшчэ раз абмяркуем, знойдзем прымальную форму супрацоўніцтва з дадзеным педагогам.
Погляд
На выкладчыцу былі скаргі?
То там, то тут супрацоўнікі ўніверсітэта ў неафіцыйных размовах згадвалі, што на Лаўрухіну былі скаргі. Як высветлілася, такое мела месца — мама студэнткі-завочніцы напісала скаргу, што Лаўрухіна груба размаўляла з яе дачкой на занятках, ледзьве не матам лаялася. Няхай такая скарга сапраўды ёсць. Але чаму кіраўніцтва ўніверсітэта зважае на адзін голас і не зважае на сорак дзевяць? Праверыць сутнасць скаргі складана. Аднак я адшукаў незаангажаванага чалавека — выпускніцу Надзеі Лаўрухінай Марыю ТРЫПУЦЕНЬ. Ёй няма сэнсу крывіць душой, ад выкладчыка і ўніверсітэта яна ніяк не залежыць.
— Надзея Міхайлаўна сапраўды бывала жорсткай на нашых занятках. На першым курсе мяне гэта нават бянтэжыла. Аднак потым я зразумела і ацаніла, што іначай мы не дасягнулі б поспехаў! У студэнта ж не толькі вучоба ў галаве. І яна знаходзіла патрэбныя словы, каб давесці нам, чаму трэба надаваць увагу яе прадмету. Я паверу, што Надзея Міхайлаўна можа быць жорсткай і строгай на занятках. Што яна магла нахаміць і абмацярыць — гэтаму не паверу. Яна на такое не здольная — я вучылася ў яе 5 гадоў, таму магу меркаваць. Цяпер, скончыўшы ўніверсітэт, магу сказаць, што Надзея Міхайлаўна была адной з найлепшых выкладчыц і дала мне вельмі шмат.
Меркаванне выкладчыка
"У мяне шок, як абыходзяцца з маёй калегай"
Валянціна Віктараўна ЛЫСЯНКОВА, дацэнт кафедры харэаграфіі, якая працуе з моманту заснавання кафедры — з 1975 года:
— Для мяне шчыры шок тое, як абыходзяцца з Надзеяй Лаўрухінай. Ніхто на кафедры не чакаў такога... Без мінулага няма цяперашняга і няма будучага. Так абыходзіцца з адным са старэйшых выкладчыкаў — як мінімум не вельмі лагічна... Хачу сказаць адказна, што ў свае 63 гады Надзея Міхайлаўна знаходзіцца ў цудоўнай форме, цалкам адпавядае званню выкладчыка. Такіх, як яна, трэба шанаваць, а не "пераводзіць на сумяшчальніцтва". Надзея Міхайлаўна шчыра казала мне, што гэты набор будзе для яе апошнім — яна хацела саступіць месца маладым. Безумоўна, для спецыяліста ўзроўню Лаўрухінай прапанова пра сумяшчальніцтва — знявага, недарэчнасць.