Стол у цэнтры рытуальна-абрадавых дзеянняў

Источник материала:  

Стол з'яўляўся галоўным месцам завіхання гаспадароў падчас падрыхтоўкі і правядзення ўсіх народных і хрысціянскіх свят і прысвяткаў, якія адзначаліся на працягу года. Так, мудрая гаспадыня ведала, што перад святам або ў дзень яго правядзення стол неабходна было выскрабсці дабяла, накрыць бялюткім абрусам-настольнікам і паставіць на яго адпаведныя рытуальныя прадметы, якія мелі ахоўную і прадуцыравальную моц. На стале маглі быць ахвярныя бліны, хлеб, каравай, сальнічка з чацвярговай або велікоднай асвячонай соллю, невялікі посуд з асвячонай на Вадохрышча вадой, у якую апускалі велікоднае яйка. На стале маглі быць і іншыя рытуальныя рэчы, непасрэдна звязаныя са святочнымі падзеямі, напрыклад, галінкі асвячонай вярбы або невялікі ахапак сена, якім усцілалі стол напярэдадні Каляд. Перад адпраўленнем у далёкую дарогу з мэтай перасцярогі ад непрыемных нечаканасцяў, трэба было заручыцца аховай-перасцярогай самага сакральнага месца ў хаце — стала. Той, хто збіраўся ў падарожжа, тройчы цалаваў стол, а пасля вяртання дадому стол дзякавалі тымі ж трыма пацалункамі.

 Гаспадар хаты сядзеў на самым ганаровым месцы — у чырвоным куце, пад абразамі. Калі ў сям'і не было бацькі, яго месца займаў старэйшы жанаты сын. Калі сын быў яшчэ нежанатым, то лідарства ў сям'і належала маці. Па баках ад гаспадара рассаджваліся старэйшыя мужчыны і жанчыны, а за імі — малодшыя члены сям'і.

Строга сачылі за тым, каб за сталом адначасова не сядзела трынаццаць чалавек. Існавала павер'е: той, хто сядзе за святочны стол трынаццатым, можа не перажыць бягучы год.

 Перад пачаткам сяўбы сям'я абавязкова садзілася за стол — сумесны сняданак павінен быў сімвалізаваць дружныя ўсходы, багаты ўраджай і своечасовы яго збор.

 Калі пачыналі будаваць новы дом, то на месца будучага чырвонага кута абавязкова ставілі стол з рознымі прысмакамі.

 На Каляды гаспадыня перавязвала ножкі стала невялікім ланцугом і замыкала замком, каб на ўвесь год "замкнуць" языкі ўсім нядобразычліўцам. У некаторых рэгіёнах лічылі, што падобнае магічнае дзеянне здольна паўплываць на хатнюю жывёлу, якая нідзе не заблудзіць і своечасова будзе вяртацца дадому.

 Сярод беларусаў існуе няпісанае, але абавязковае правіла: калі вы аддаеце свой абедзенны стол суседзям для фарміравання вялікага святочнага або жалобнага стала, то яго абавязкова трэба заслаць чыстым абрусам.

 Звычаёвае права беларусаў забараняла дзецям бегаць вакол стала, таму што трохразовыя абходы вакол яго дазваляліся толькі ў рытуальных сітуацыях: падчас вяселля, на хрэсьбінах, пры ўмове цяжкіх родаў бабка-павітуха тройчы абводзіла вакол стала парадзіху.

 Шырока распаўсюджана прыкмета: калі падчас размовы з хлопцам дзяўчына нечакана абапрэцца на стол, то яна доўга не выйдзе замуж.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Ставка на азарт

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика