У Кульбаках — забыццё. У Караліно — адраджэнне!
Пра што маўчаць старажытныя сядзібы Беларусі?
Прафесар Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М. Танка, доктар біялагічных навук, лаўрэат прэзідэнцкай прэміі "За духоўнае адраджэнне" Анатоль Федарук, выдаўшы кнігі аб старажытных сядзібах Мінскага краю і Берасцейшчыны, асноўную ўвагу цяпер надае Гродзеншчыне. Здавалася б, чым можна здзівіць спецыяліста, які ўжо больш за 40 гадоў даследуе аб'екты сядзібнага дойлідства Беларусі і толькі ў Прынямонні пабываў у месцах ранейшага (а дзесьці, на шчасце, і сённяшняга) знаходжання прыкладна 450 сядзібаў? Але, як высветлілася падчас яго нядаўняга прыезду ў Гродна, у гэтай сферы застаецца шмат пакуль невядомых нам старонак, загадак. У прыватнасці, гэта датычыцца аб'ектаў, якія належалі славутаму палітычнаму і грамадскаму дзеячу Вялікага Княства Літоўскага Антонію Тызенгаўзу. У гэтым разам з Анатолем Федаруком пераканаўся і карэспандэнт "Звязды".
Пасол адной з замежных краін у Мінску, купіўшы некалькі кніг Анатоля Тарасавіча, сказаў яму: "Я павязу іх дамоў, бо там не вераць, што на тэрыторыі Беларусі было столькі палацаў, замкаў, такое выдатнае стылёвае афармленне сядзібаў".
І вось пытанне: чаму не будаўнік і не архітэктар, а біёлаг па адукацыі не проста зацікавіўся як нейкім хобі сядзібным дойлідствам, а зрабіў яго вывучэнне, можна сказаць, адной з галоўных спраў свайго жыцця? Мо ўладарамі аднаго з палацаў альбо сядзібных дамоў былі ягоныя продкі? Не, усміхаецца Анатоль Тарасавіч, такой спадчыны ён не мае:
— Хоць у сферу сядзібнага дойлідства я прыйшоў не зусім выпадкова. На першым этапе, будучы аспірантам, займаўся іншаземнымі раслінамі Заходняй Беларусі, так званымі экзотамі, якія ў асноўным знаходзіліся ў старажытных сядзібных парках. Менавіта сядзібнае паркабудаванне надзвычайна ўзбагаціла мясцовую дэндрафлору новымі замежнымі відамі. У некаторых сядзібах было па некалькі соцень (!) відаў і рэдкіх садовых формаў.
А потым я неяк заўважыў, што кожны парк — гэта не проста спалучэнне раслін. Пачаў прыкмячаць, што ёсць нейкія заканамернасці, якія паўтараюцца ад сядзібы да сядзібы ў іх пабудове. Так я паступова выйшаў на разуменне стылю ў сядзібным дойлідстве. Сядзібы, паркі, сады ствараліся ў рэчышчы вялікіх мастацкіх стыляў, і ніводная з еўрапейскіх стылёвых хваляў не абмінула Беларусь. Сядзібы эвалюцыянавалі ад умацаваных замкаў да дыхтоўна адбудаваных рэнесансных палацаў і далей да мастацкіх ансамбляў часоў барока, класіцызму і рамантызму. А якой разнастайнасцю архітэктурных формаў вылучаецца эпоха эклектыкі, якая стала апошняй у развіцці сядзібнага дойлідства!
— Але што засталося? І якія ўражанні пераважаюць: гордасць за нашых продкаў альбо горыч ад таго, як цяпер выглядае іх спадчына? Вы пішаце, што з 373-х інвентарызаваных сядзібаў Берасцейшчыны захавалася часткова альбо ў выглядзе невялікіх фрагментаў менш за палову. На месцы большасці — руіны падмуркаў, адзічэлыя насаджэнні, разбураныя водныя сістэмы...
— Мы ўсё жыццё лічылі, што ў нас ёсць народная культура. Аднак забылі, што ў нас была яшчэ асаблівая шляхецкая культура. Высокім дзяржаўным статусам шляхты, эканамічным узроўнем, адукаванасцю вызначалася яе роля ў развіцці ўсіх культурных працэсаў грамадства. Мы па сёння не разумеем, што магнаты, шляхцічы не проста стваралі для сябе пышныя рэзідэнцыі, каб было прыемна і зручна жыць, а развівалі выдатныя мастацкія стылі, гаспадарчыя комплексы. Кожная сядзіба — гэта асаблівы культурна-гістарычны і эканамічны пласт, цесна звязаны з гісторыяй і жыццём іншых сядзібаў і дзяржавы. Але ў нас ужо, пэўна, у генах, што гэта ўсё не наша, трэба знішчыць. А калі няма генетычнай зацікаўленасці, то якая можа быць перспектыва?Беларусь страціла гістарычнай спадчыны больш за суседнія краіны. Мы страцілі амаль усё. Нават аднаўляючы той ці іншы палац, няма чым абсталяваць інтэр'еры, бо ўсё таксама страчана. Таму нам, як нікому, трэба берагчы тое, што засталося. Аднак паколькі ў грамадстве не склалася сапраўднай, глыбокай павагі да даўніны, то нават калі і ставім памятны камень, то ён не можа падзейнічаць і выратаваць гістарычны аб'ект ад разбурэння. Тым больш калі няма ўзаконеных ахоўных і буферных зон. Сядзібы становяцца месцам звалак, новых забудоў, паляны ўзворваюцца пад агароды, рэдкія расліны знікаюць. Усё разбураецца.
Дапусцім, мы не навучыліся паважаць уладальнікаў сядзібаў, бачым у іх толькі багацеяў. Але ж у гэтых гаспадароў працавалі майстры, садоўнікі, іншыя людзі, нашы землякі: чаму да іх павагі не маем? І нават такі высакародны матыў (зробім нашу зямлю прыгожай) вядзе да чаго? Зносяцца руіны. Хоць яны павінны быць закансерваваныя і заставацца як гістарычная памяць. Што, дарэчы, і рабілася ў многіх старых сядзібах, дзе руіны пакідаліся як рамантычны матыў, павага да продкаў, стагоддзяў. А цяпер...
Вось, напрыклад, выдатная Сынкавіцкая царква ў Зэльвенскім раёне. Каб зрабіць "прыгожа", зносяць злева маленькую сядзібу з палацыкам, грэйдарам выраўноўваюць з двух бакоў дарогу — і парадак. Але ж па гэтай маленькай сядзібе можна было весці экскурсію і апавядаць пра сядзібнае дойлідства Беларусі. На шчасце, яшчэ захаваўся цудоўны бровар. А з правага боку ад святыні размяшчаліся сцены гаспадарчых пабудоў з буту і каменю, пабудаваныя нашым знакамітым родам Чапскіх. Знеслі, зусім няма ўжо былога гаспадарчага двара.
Мы прапагандуем турызм, хочам, каб да нас ехалі з замежжа. А што для гэтага робім? Вось цудоўная сядзіба ў Жамыслаўлі на Іўеўшчыне — адзін да аднаго з каралеўскім палацам "Лазенкі" ў Варшаве. Захаваліся і палац з выдатнай печчу, і былая лядоўня, спіхлер з паўцыркульнымі аркамі, гаспадарчы двор, парк з рэдкімі раслінамі, незвычайны парк з каналамі, які называўся "Венецыяй", вадаём. Я ўпэўнены, што мог бы дзве-тры гадзіны весці экскурсію ў Жамыслаўлі і людзі б слухалі, не адрываючыся. Бо тут ва Умястоўскіх працаваў сам Леанард Марконі, знарок прыязджалі госці, каб слухаць салаўіныя спевы, а мёд здзіўляў англічан водарам і якасцю. Гаспадар граф Уладыслаў валодаў дзевяццю замежнымі мовамі і вельмі захапляўся культурай земляробства. Гэта была асаблівая архітэктура, асаблівая гаспадарка. Аднак ... Нехта, здаецца, купіў гэтую сядзібу, але камусьці здалося, што танна прадалі. Пачынаецца цяжба. А вокны разбітыя, лезуць і адбіваюць, забіраюць апошняе. Божа, хіба можна так?!
— І тым не менш вы зноў і зноў накіроўваецеся на сустрэчу з паміраючай спадчынай ...
— Безумоўна, хадзіць па руінах было няпроста, час ад часу надыходзіў нейкі адчай. Асабліва калі кіроўца сядзеў у машыне і казаў: "Ну што вы глядзіце, тут жа ўсё разбурана". Але з'явілася цудоўная кніга "Поэзия садов" знакамітага пецярбуржца акадэміка Дзмітрыя Ліхачова, які пісаў, што нават калі сядзіба знішчана, гэта месца гістарычнае, там нават паветра асаблівае.
Менавіта гэтая кніга дала мне сілы працягваць працу. А цяпер ужо не магу спыніцца. На шчасце, няхай у відазмененым выглядзе, але ўсё ж у Беларусі месцамі захаваліся сядзібы, якія можна было пазнаваць, разбірацца, што характэрна для сядзібнага дойлідства гэтай эпохі, другой, трэцяй. Ёсць нямала добрых прыкладаў на Гродзеншчыне: Бальценікі, Воранаўка, Малое Мажэйкава, Кушляны, Рось, Альгіняны. Скажам, непадалёк ад Гродна, у вёсцы Свіслач, дзякуючы старшыні мясцовага сельгаскааператыва Васілю Густыру цудоўна захаваўся палац Марты Красінскай, помнік архітэктуры пачатку ХХ стагоддзя, дзе цяпер размяшчаюцца праўленне СВК, Дом культуры з бібліятэкай, музей. Для мяне гэта амаль стопрацэнтны тэст: калі бачу, што гістарычная сядзіба ў добрым стане — значыць, тут працуе сапраўдны гаспадар.
Цэлы шэраг старажытных сядзібаў адноўлены і дзякуючы ўкладанням дзяржавы. Але што хочацца сказаць? У нас так: знішчаюць да канца, а потым пачынаюць з нуля аднаўляць. Так паступілі з Лошыцай у рысе Мінска. Дом давёўся да стану, я не сказаў бы, што зусім дрэннага. Аднак чамусьці палічылі, што яго трэба разабраць і скласці новы. У выніку па сутнасці атрымліваем новабуд.
Альбо паглядзіце на цудоўнае Румлёва ў Гродне. Гэта адзін са старэйшых пейзажных паркаў, які захоўвае памяць аб гістарычных падзеях, асобах і вызначаецца ўнікальным, дзівосным рэльефам. Што можа застацца ад гэтых і так невялікіх рэшткаў мінуўшчыны, калі туды прыйдуць грэйдары, бульдозеры і пакладзецца, як у горадзе, сучасная плітка?
— А што трэба зрабіць?
— Трэба Румлёва вельмі спакойна, без нейкіх сучасных навацый добраўпарадкаваць, каб парк захаваў рысы свайго мінулага і людзі прыходзілі не ў нейкі навабуд, а ў старажытную сядзібу. Прыбраць смецце. Зрабіць простыя дарожкі. Дзе трэба — умацаваць кляновую алею. Аблегчыць кроны старых дрэў, з-за чаго яны валяцца. Вычысціць тыя дуплы, якія развіваюцца. Патрэбны элементарны садоўніцкі догляд.
— А ці могуць там з'явіцца нейкія аб'ёкты для адпачынку?
— Цяпер мы сталі такімі дзелавымі ў плане атрымання даходу, што гатовыя на ўсё дзеля гэтай капейкі. Але ж не ўсюды можна. Калі там узнікнуць сучасныя пабудовы, як робіцца ў сучасных гарадскіх парках, то хіба ж гэта ўжо будзе Румлёва? Рабіце гэта на іншай свабоднай тэрыторыі, а ў такіх парках, як Румлёва, людзі павінны спакойна адпачываць у яднанні з прыродай і гісторыяй.
...Разам з Анатолем Федаруком накіроўваемся ў вёску Кульбакі (цяпер яна ўжо ў рысе абласнога цэнтра), дзе размяшчалася адна з сядзібаў Антонія Тызенгаўза, закладзеная ў 1770-я гады па праекце Джузэпэ Сака.
— Мяне даўно цікавяць Кульбакі. Мо нешта ўсё ж захавалася? — спадзяецца Анатоль Тарасавіч. — Хоць бы пастаяць на гэтым месцы ...
Аднак ад мясцовых жыхароў практычна ніякай інфармацыі мы не атрымліваем. Такое часта здараецца, і Анатоль Федарук ужо прызвычаіўся знаходзіць сядзібнае месца нават там, дзе "нічога няма". Так было і цяпер.
Ручай, адзін з вытокаў Гараднічанкі, загнаны ў глыбокі роў і ледзь існуе (у мінулым ён напаўняў каналы парка Тызенгаўза), пойма асушана, каналаў няма. Дзве абветраныя ліпы з ХVІІІ стагоддзя і пні дрэў — сведкі былой уязной алеі, якая на пагорку заканчвалася палацам.
Што цяпер нагадвае пра гісторыю Кульбакаў, пра Антонія Тызенгаўза, пра Джузэпэ Сака? Нават памятнага каменя Кульбакі і звязаныя з імі выдатныя асобы ў нас не заслужылі...
Шчыра кажучы, з падобнымі прадчуваннямі мы ехалі і ў вёску Караліно. Цяпер яна з'яўляецца адміністрацыйнай адзінкай Гродзенскага раёна, а з сярэдзіны ХVІІІ стагоддзя гэтая тэрыторыя належала гарадзенскаму старасце Антонію Тызенгаўзу. Ці засталося што ад палацава-паркавага комплексу, які таксама праектаваў архітэктар яго каралеўскай вялікасці Джузэпэ Сака? "Мо толькі руіны ды хіба што навабуды?" — думалася журналісту па шляху ў Караліно. Ды і Анатолю Федаруку, мабыць, таксама. Аднак мы, на шчасце, памыляліся.
Ля старажытнай брамы даведваемся, што гэта "Каралінскі фальварак Тызенгаўза", а сустракае нас адзін з яго цяперашніх гаспадароў — Павел Клімук. Звестак пра гэты гістарычны аб'ект і ў яго, і ў Анатоля Федарука пакуль няшмат, але адразу відаць, што намеры ў Тызенгаўза і ў наступных уладальнікаў сядзібы былі вельмі грунтоўныя. Яны клапаціліся аб прыгажосці не толькі сядзібнага дома, але і наваколля (возера, парк), а таксама пра вядзенне гаспадаркі (стайня, лядоўня, вялізная гаспадарчая пабудова). Вядома, далёка не ўсё вытрымала выпрабаванне часам і чалавечай абыякавасцю, аднак маёнтку ў Караліно пашанцавала куды больш, чым сядзібе ў Кульбаках. Дзякуючы Паўлу Клімуку і ягоным сваякам, якія аб'ядналіся не проста ў агульным праекце (аграсядзіба з сучаснай інфраструктурай), але і ў справе адраджэння нашай гістарычнай спадчыны. Прычым з густам, вялікай пашанай да таго аўтэнтычнага, што ўсё ж захавалася. Нават непатрэбная тыповая савецкая воданапорная вежа стылізуецца пад... млын. Пабудавалі капліцу...
— Малайцы, што дух даўніны захавалі. Вось як трэба ўзнаўляць старажытныя сядзібы! — ацэньвае ўбачанае Анатоль Федарук.
І гэта не толькі надае Анатолю Тарасавічу ахвоты для далейшай працы, але і пакідае надзею іншым гістарычным славутасцям. Нашай Радзіме. Усім нам.
Барыс ПРАКОПЧЫК.