«Пакуль бачу, адчуваю — я жыву!»

Источник материала:  

Глушчанiн Валерый Васiлеўскi не скарыўся нi лёсу, нi цяжкай хваробе, нi тым спакусам, якiя яго падпiльноўвалi

Нядаўна вышла з друку аўтабiяграфiчная аповесць Валерыя Васiлеўскага «Споведзь чалавека ў iнвалiднай калясцы». Сам аўтар перанёс жыццёвую трагедыю, аднак не скарыўся лёсу, а праявiў зайздросную ўпартасць, волю ў барацьбе з цяжкiм захворваннем.

Па-новаму адкрыў для сябе жыццё, свае магчымасцi…

...А пачалося ўсё з пераезду на iншы будаўнiчы аб’ект. Быў спякотны дзень, па дарозе хлопцы вырашылi «абмакнуцца» ў невялiкай рачулцы, якая ўпадае ў Пцiч. Паплюхалiся — ды на бераг. Валерый пачаў ужо апранацца, як заўважыў, што плячо запэцкана тарфакрошкай. Вырашыў абмыцца, даў нырца!.. Ударыўся галавой аб дно. Добра што сябры не разгубiлiся i выцягнулi яго на бераг, пагрузiлi на машыну i завезлi ў сельскую, а затым раённую бальнiцу. Урачы паставiлi несуцяшальны дыягназ: пералом пазванкоў у шыйным i грудным аддзелах з пашкоджаннем спiннога мозга, поўны паралiч тулава... Нiхто не верыў, што ён будзе жыць. Акрамя самога Валерыя, выздараўленне якога расцягнулася амаль на паўгода.

Тым не менш мужчына стаў на ногi. Пабываў у санаторыi, дзе больш умацаваўся, але ж чым заняцца далей? Па лiнii надомнай працы вязаў тасьму для прадпрыемства рытуальных паслуг, затым пераключыўся на набойкi для ботаў, выконваў iншыя работы. Нiчога не цураўся, каб не быць адарваным ад жыцця, больш поўна яго адчуваць. Сябры, знаёмыя прапанавалi ўзяцца за жывапiс. Раздабылi палатно для малявання, багет для рамак, фарбы. I Валерый па-сапраўднаму адчуў у сабе дар мастака. Першую выставу сваiх работ адкрыў у раённай бiблiятэцы, i яна мела поспех.

Хвароба то прагрэсiравала, то адступала. Валерый вёў з ёй пастаянную барацьбу. I стаць на ногi атрымалася. Але мужчыну зноў давялося перажыць нервовае ўзрушэнне: адзiн з сыноў трагiчна загiнуў. Як нi змагаўся Валерый Аляксандравiч, але стаць на ногi ўжо не давялося, пачаў перасоўвацца на iнвалiднай калясцы. Але i пасля такога ўдару лёсу ён не скарыўся. Знайшоў яшчэ адзiн занятак – кнiгi. Бiблiятэку меў багатую, заўсёды папаўняў яе. Потым сам пачаў пiсаць. Спачатку заметкi пра сваё жыццё-быццё, а потым узяўся за аўтабiяграфiчную аповесць. Нiбыта зноў праходзiў ён па этапах свайго жыцця: дзесяць, дваццаць, трыццаць гадоў, якiя падзялiлi яго жыццё на «да таго» i «пасля таго», узгадваў падзеi, суперажываў.

Сваю новую кнiгу збiраецца прысвяцiць жонцы. Яна так i будзе называцца «Мая зорка Валянцiна».

Валерый Аляксандравiч ужо размяняў сёмы дзясятак. Ён надзiва эрудзiраваны чалавек — пераможца шматлiкiх конкурсаў, вiктарын, якiя праводзяцца ў прэсе, на беларускiм радыё, тэлебачаннi. Вось i ў раённай газеце «Радзiма» не паспелi аб’явiць конкурс, прысвечаны роднаму краю, а ён ужо – з матэрыяламi. «Пакуль бачу, адчуваю, — кажа, — я жыву!»

На здымку: Валерый ВАСIЛЕЎСКI са сваёй кнiгай.

Фота: Iрына ГРАМЫКА

←Сообщение Министерства информации Республики Беларусь о проведении конкурса на предоставление права наземного эфирного телерадиовещания

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика