Ці было жыццё нашых продкаў "райскім"?

Источник материала:  

У адным з перыядычных выданняў, што распаўсюджваюцца на Беларусі, было змешчана інтэрв'ю з кіраўніком лабараторыі развіцця нервовай сістэмы чалавека НДІ марфалогіі чалавека Расійскай акадэміі медыцынскіх навук, прафесарам Сяргеем Савельевым, дзе сцвярджалася, што нашы продкі жылі ў раі на працягу прыблізна 15 млн гадоў.

Паводле слоў навукоўца, у той час яны елі, пілі, размнажаліся і не вельмі цярпелі ад натуральнага адбору... Прычым ежа была мяккай, багатай на бялок і даступнай, таму ў аўстралапітэкаў, якім пашанцавала жыць у раі, клыкоў і кіпцюроў не было. Райскі перыяд — гэта эпоха практычна ідэальных умоў існавання, якая склалася тады ва Усходняй Афрыцы. У паўбалоцістым асяродку нашы продкі знайшлі шмат лёгкай ежы: садавіны, яек, птушак, рыбы, ікры. Адаптацыяй да райскіх умоў стала прамахаджэнне: нашы продкі пачалі збіраць ежу ў вадзе (малюскаў, ікру) і паступова выпрамляліся. Апроч таго, заяўляе прафесар Савельеў, паляванне ў паўводным асяроддзі стала прычынай узнікнення моўнай камунікацыі. А далей мова пачала выкарыстоўвацца для імітацыі (прасцей кажучы, хлусні). "Калі вы забілі вялікую рыбу, прыцягнулі яе і ўсім паказалі, — гэта сур'ёзная заяўка на дамінантнасць. Але можна проста сказаць, што вы пайшлі, забілі рыбу, з'елі, а косткі яе згнілі. Падзеі не было, але калі вы пераканаўча раскажаце, то імітацыя заменіць рэальнасць... Імітацыя — самы танны спосаб дасягнуць выніку. І ў тыя часы лепшы прамоўца — той, хто лепш падманваў, меў поспех і магчымасць апладніць больш самак". У райскіх умовах, паводле сцвярджэння навукоўца, прыматы станавіліся людзьмі не таму, што вельмі хацелі, а таму, што ў іх заставалася толькі дзве праблемы — размнажэнне і сацыялізацыя. Прафесар абвяргае пастулат аб тым, што праца зрабіла з малпы чалавека.

4,5 млн гадоў з-за змен геалагічнай, геаграфічнай сітуацыі, нахілу Зямлі і пахаладання рай для продкаў людзей скончыўся. Істоты, якія выйшлі з раю, аказаліся высокаразвітымі, са складанай сістэмай размнажэння, але абсалютна неадаптаванымі да здабывання ежы. У іх быў толькі мозг. І выжылі тыя, у каго мозг быў большым, — самыя здольныя да прыстасавання. Яны мігрыравалі, шукалі новыя месцы здабывання ежы. "У сучасным грамадстве ўсё наадварот — разумныя з'яўляюцца адшчапенцамі. Каб пасрэднасць адчувала сябе больш паспяховай (а такіх заўсёды больш), самых разумных выганяюць з калектываў. "Дзякуючы" гэтаму чалавецтва за 30 тыс. гадоў страціла 250 г мозга. Мы становімся ўсё больш неразумнымі, затое больш сацыялізаванымі".

Наш журналіст пацікавіўся, як ставяцца да ідэй расійскага навукоўца яго беларускія калегі.

Не такі ўжо і рай

— Я асабіста ведаю прафесара Савельева і паважаю яго за выдатныя кнігі, якія ён напісаў па эмбрыялогіі і марфалогіі мозга, — расказала загадчык аддзела антрапалогіі і экалогіі Інстытута гісторыі НАН Беларусі Лідзія ЦЕГАКА. — Аднак з некаторымі яго меркаваннямі наконт "райскага жыцця" продкаў чалавека я пагадзіцца не магу.

Сцвярджэнне, што распаўсюджанне людзей пайшло з Усходняй Афрыкі, мы аспрэчваць не будзем. Узгадаем знакамітую Алдувайскую цясніну на поўначы Танзаніі (тэрыторыя мноства знаходак дагістарычнага перыяду. — Аўт.), дзе было выяўлена 13 археалагічных слаёў. Кожны слой нясе інфармацыю пра нейкую старажытную дагістарычную культуру і ўтрымлівае касцявыя астанкі. Там, у 13-м слаі знайшлі знакамітага hоmо hаbbіlіs, "чалавека ўмелага", які жыў 3,5 млн гадоў таму. Радаслоўную сучаснага чалавека мы адлічваем менавіта ад яго, таму што гэта першы аўстралапітэк, які вырабіў першыя прылады працы (знакамітыя алдувайскія чоперы — каменныя прыстасаванні для рэзкі ці рубкі). Падкрэслю: згодна з энцыклапедыяй, храналагічны ўзрост чалавека на Зямлі адлічваецца менавіта ад hоmо hаbbіlіs, які жыў 3,5 млн гадоў таму на ўсходзе Афрыкі.

Ці было жыццё нашых продкаў "райскім"?

Некаторыя навукоўцы мяркуюць, што першыя аўстралапітэкі з'явіліся 17 млн гадоў таму. На самай справе, патлумачыла Лідзія Іванаўна, аўстралапітэкі былі розныя. Тыя, што жылі 17-15 млн гадоў таму, яшчэ не з'яўляліся людзьмі. Больш правільна іх называць прымітыўнымі аўстралапітэкамі, і адзінай іх чалавечай якасцю было прамахаджэнне. Іх розум яшчэ не прасвятлеў настолькі, каб дадумацца да стварэння прылад працы. На гэта стаў здатны hоmо hаbbіlіs 3,5 млн гадоў таму.

Затое прымітыўным аўстралапітэкам пашанцавала з умовамі пражывання: клімат ва Усходняй Афрыцы ў той час, сапраўды, быў цёплым. Жылі яны ў саване, якая вызначалася разнастайнасцю ландшафту: былі там і лясістыя мясцовасці, і адкрытыя тэрыторыі, а таксама — водныя басейны (літаралі). І ежы тады, сапраўды, было дастаткова.

— Пра тое, што прамахаджэнне, страта валасянога покрыва і змяненне формы твару з'явіліся ў выніку пражывання аўстралапітэкавых у літаралях, многія навукоўцы гаварылі неаднойчы, — пацвердзіла антраполаг. — Продкі чалавека шмат часу праводзілі ў вадзе: збіралі малюскаў, тут жа іх паядалі, што і абумовіла змену палажэння цела з чатырох канечнасцяў на дзве. Аднак гэта не адзіная гіпотэза ўзнікнення прамахаджэння прыматаў. Мяркуецца, што яно магло развіцца яшчэ на дрэвах, калі жывёлы цягнуліся, каб сарваць плады на высокіх галінах.

З улікам вышэйсказанага можна зрабіць дапушчэнне, што прымітыўныя аўстралапітэкі, якія не ўсведамлялі сябе людзьмі, не дадумаліся да стварэння прылад працы і карміліся на берагах цёплых водных басейнаў, жылі ва ўмовах, падобных на рай, — з нашага пункту гледжання. Сапраўды: ніякага працоўнага дня, жывеш на прыродзе ў цёплым клімаце, ежу бярэш голымі рукамі, і ўсе заняткі — есці і размнажацца.

— Аднак не думаю, што ў першабытных людзей жыццё было такім ужо райскім. Ва ўсялякім выпадку, не больш райскім, чым у астатніх жывёл, якія жылі побач. Ці можам мы сказаць, што прыматы жылі райскім жыццём? Сёння арангутанаў, гарыл, шымпанзэ і гібонаў (чалавекападобных малпаў. — Аўт.) выцясняе з іх прыроднага асяродку пражывання чалавек. А раней, у "райскі" перыяд, прыматы цярпелі ад тагачасных драпежнікаў.

Лідзія Іванаўна не пагадзілася са сцвярджэннем прафесара Савельева аб адсутнасці ў нашых першабытных продкаў "райскага перыяду" клыкоў і кіпцюроў, якія быццам былі непатрэбны пры такім камфортным ладзе жыцця. Як вынікае з археалагічных знаходак, прымітыўныя аўстралапітэкі мелі добра развітыя клыкі.

Ад "мама" да "тук-тук"

Штуршком для чарговага вітка эвалюцыі заўсёды з'яўляюцца змены ўмоў асяродку. У нашым канкрэтным выпадку — змены клімату. Пахаладала, ежы стала менш і здабываць яе стала значна цяжэй. Менавіта гэтыя змены абумовілі развіццё мозга продка чалавека і яго сацыялізацыю.

— Ёсць меркаванне, што чалавечая мова зарадзілася ў аўстралапітэкавых, але гэта пакуль не даказана. Мы ведаем, што мова з'явілася ў архантрапаў — гэта ўжо больш позняя стадыя эвалюцыі чалавека (архантрап, ці hоmо еrесtus, чалавек прамаходзячы; пад архантрапамі разумеюць сінантрапаў, пітэкантрапаў і блізкіх да іх формаў продкаў сучаснага чалавека; архантрап з'явіўся прыкладна мільён гадоў таму. — Аўт.). Я мяркую, што развіццё мовы рухала не хлусня, як сцвярджае Савельеў, а ўскладненне працоўных аперацый, побыту.

Спецыялісты сцвярджаюць, што асобныя "словы" ёсць і ў "моўнай" сістэме некаторых відаў жывёл — напрыклад, слова "мама". А вось "тук-тук" — гэта, так бы мовіць, вытворчы тэрмін, які ўзнік пасля з'яўлення прылад працы.

Стварэнне першых прылад працы — гэта ўжо і ёсць першы крок на шляху да сацыялізацыі, паколькі іх прымяненне патрабавала кантактавання. На гэтым этапе пачала актыўна развівацца мова. "Мова" жывёл, а дакладней іх гукавая сігналізацыя, — абстрактная, неканкрэтная. А прымітыўнаму продку чалавека спатрэбілася якраз канкрэтызацыя і дакладнасць (Напрыклад, як правесці загоннае паляванне, калі ўдзельнікі не ў стане дамовіцца аб размеркаванні "роляў"?)

Пасля з'яўлення прылад працы адбылося значнае паскарэнне эвалюцыі дапатопных прыматаў, адзначыла антраполаг. Каб "дарасці" да hоmо hаbbіlіs аўстралапітэкі развіваліся 15-17 млн гадоў, а пасля вынаходніцтва першых чопераў архантрапы (сінантрапы, пітэкантрапы і інш) развіваліся ў hоmо sаріеns усяго 1 млн гадоў. Павялічылася разнастайнасць прылад працы, ускладніліся "тэхналогіі вытворчасці", адпаведна пабагацеў слоўнікавы запас. Такім чынам, сувязь працы з паскарэннем эвалюцыі відавочная.

— Малаверагодна, што без вынаходніцтва тэхналогіі вырабу першых прылад працы прымітыўны аўстралапітэк ператварыўся б у чалавека, нягледзячы на яго здольнасць хадзіць на дзвюх нагах. Пасля заканчэння "райскай эпохі" далёка не ўсе групы гамінідаў (дапатопных вышэйшых двухногіх прыматаў, куды большасць навукоўцаў адносіць у тым ліку і аўстралапітэкаў. — Аўт.) здолелі адаптавацца да новых умоў. Некаторыя вымерлі, частка выжыла, але хоць і істотна змянілася, у чалавека не эвалюцыянавала, а пэўная група стала нашымі прапрапродкамі. І перамагчы ў эвалюцыйнай гонцы на выбыванне ім дапамог мозг, які стаў актыўна развівацца.

Галоўным стымулам сталі неспрыяльныя кліматычныя абставіны, а зусім не прага да падману, падкрэсліла загадчык аддзела антрапалогіі і экалогіі. Насамрэч, і сённяшнія прыматы, напрыклад, шымпанзэ, выкарыстоўваюць падман для заваявання дамінантных пазіцый у групе, але людзьмі ад гэтага яны не становяцца.

...Сусветна вядомая даследчыца Джэйн Гудол некалькі гадоў вывучала паводзіны шымпанзэ ў прыродным асяроддзі і напісала пра гэта кнігу. Вось яскравы выпадак, апісаны ёй. У барацьбе самцоў за лідарства самая важная якасць для перамогі — фізічная сіла. Адзін з самцоў, які быў слабейшым за астатніх прэтэндэнтаў і па гэтай прычыне неаднойчы прайграваў гонку за лідарства, знайшоў ля лагера чалавека жалезнае вядро, якое гучна грыміць, калі яго патрэсці. Ён прымяніў яго ў сваёй групе як сродак запужвання і быў абраны дамінантным самцом.

Куды падзеліся 250 грамаў мозга?

...Мысленне дагістарычнага чалавека развівалася разам з мовай. Напрыклад, "алень, які бяжыць", "забіты алень", "статак аленяў" азначаліся адным словам "алень". А з цягам часу сфарміраваліся словы, якія дыферэнцыравалі гэтыя паняцці. На пачатку свайго развіцця чалавек не вылучаў сябе з жывёльнага свету, што пацвярджае першая рэлігія — татэмізм, у аснову якой пакладзена ідэя шанавання свяшчэннай жывёлы-абаронцы роду.

— Магчыма, што рэлігія зараджалася ўжо ў архантрапаў, хоць канкрэтныя доказы наяўнасці рэлігіі знойдзены толькі ў неандэртальцаў (першы "чалавек разумны", які пачаў хаваць сваіх памерлых).

Увогуле hоmо sаріеns ("чалавек разумны") меў два падвіды — hоmо sаріеns Nеаndеrthаl (неандэрталец) і hоmо sаріеns sаріеns — прамы наш продак, краманьёнец. Самыя старажытныя неандэртальцы жылі ўсяго 300 тысяч гадоў таму, а апошнія зніклі ўсяго 30 тысяч гадоў таму. Неандэртальцы былі першымі пасяленцамі на тэрыторыі сённяшняй Беларусі.

Мозг у неандэртальца, сапраўды, быў большым, чым у сучаснага чалавека. Лідзія Іванаўна агучыла іншую версію тлумачэння "страты" чалавекам 250 грамаў мозга падчас эвалюцыі:

— Маса цела чалавека цесна звязана з масай мозга. А як вядома, неандэртальцы былі больш масіўнымі, чым мы. Яны жылі ў прыледавіковых шыротах і былі добра адаптаваныя да гэтых умоў. Яны былі больш масіўныя, чым сучасны чалавек, мелі добра развітую мускулатуру. А калі косці людзей падчас эвалюцыі паступова сталі больш грацыльнымі, хрупкімі, то разам са змяншэннем масы цела зменшыўся і мозг.

Напрыканцы Лідзія Іванаўна звярнула ўвагу на той факт, што да 70-х гадоў мінулага стагоддзя лічылася, што ўзрост чалавецтва — усяго 1 млн гадоў, бо не існавала іншых сведчанняў, апроч астанкаў архантрапаў. А пасля таго, як у радаслоўную чалавека ўключылі аўстралапітэкавых прыматаў, храналагічны ўзрост павялічыўся.

— Увогуле, антрапагенез працякаў мільёны год, таму любая версія паходжання чалавека можа сур'ёзна прымацца.

Інга МІНДАЛЁВА.

←Этот день в истории 15 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика