"У дзіцячым садку сын адвучваецца ад беларускай мовы"
"У дзіцячым садку сын адвучваецца ад беларускай мовы"
Недарэчная сітуацыя, у якую трапілі маладыя бацькі з мінскага мікрараёна Сухарава, ілюструе значны прабел у працы нашых органаў адукацыі. Аказваецца, з самага маленства беларускія дзеці практычна не маюць шанцу атрымаць беларускамоўнае выхаванне.
24 сям'і з Фрунзенскага раёна сталіцы хацелі б аддаць дзетак у беларускамоўныя групы дзіцячых садкоў. Пра гэта яны расказалі, пазваніўшы ў "Звязду".
Прыязджаю ў госці да адной з такіх сем'яў у кватэру па вуліцы Лабанка. Тут жа сабралася яшчэ некалькі маладых матуль. Праз шчыльную дзіцячую гаману размаўляю з бацькамі, якія хочуць для сваіх дзяцей беларускамоўную будучыню.
— Сяброўка ўбачыла аб'яву і мне патэлефанавала, ведала, што я хачу аддаць сына Мар'яна (два гады і адзін месяц) у беларускамоўную групку, — кажа Гелена Бабіцкая, маладая матуля і па сумяшчальніцтве супрацоўніца ІТ-сферы.
— Мой бацька быў вайскоўцам, доўгі час служыў у Германіі. У выніку лёс закінуў нас у Беларусь. Муж мой на працы размаўляе па-руску, для зручнасці, але цудоўна валодае роднай мовай. Я таксама разумею па-беларуску лепш, чым многія мае мясцовыя сябры. Наш сын беларус, ён нарадзіўся ў Мінску. І мы не хочам, каб ён рос перакаці-полем, не меў каранёў. Я вырасла ў сям'і вайскоўца і ведаю, што гэта такое. Мы хочам, каб ён рос беларусам і ведаў мову. І мяне здзіўляе стаўленне чыноўнікаў, якія не надта ахвотна падтрымліваюць нашу ініцыятыву. Гэта нагадвае біццё лбом аб сцяну. Кажуць: "Мы вам дапаможам". А як даходзіць да справы: "Знайдзіце ўсё самі, і тады мы, можа быць, вам што-небудзь арганізуем".
Стварэннем беларускамоўнай групы ў мікрараёне Сухарава замест чыноўнікаў пачаў займацца сталяр Уладзімір Сярко. У сям'і два сыночкі — Усевалад (2,5 года) і Уладзіслаў (4,5 года). Бацька з гонарам знаёміць журналіста з дзеткамі і распавядае пра тое, як пачаў шукаць аднадумцаў:
— Наш старэйшы хлопчык, Уладзіслаў, ходзіць у беларускамоўную групу садка №570 па вуліцы Чайлыткі. Я — беларус, і цудоўна, што сын будзе ведаць мову. Але калі вырашылі аддаваць малодшага сына, Усевалада, у такую самую групу, то ўзніклі праблемы. Сказалі, што, апроч мяне з жонкай, ахвотнікаў аддаваць дзяцей у такую групку няма. Тады мы пасля працы пайшлі ляпіць па раёне аб'явы, да гадзіны ночы. Шукалі аднадумцаў. Усяго раздрукавалі каля 200 такіх аб'яў. Адгукнулася 21 сям'я (праз тыдзень пасля гэтага інтэрв'ю лік сем'яў вырас да 24. — Я.В.). У пераважнай большасці гэта жыхары мікрараёна Сухарава.
Думаю, калі паставіць мэту, то ахвотных будуць сотні. Проста да нашых людзей даходзіць мала інфармацыі. Мы нават у інтэрнэт не выходзілі. І ўвогуле ствараць беларускамоўныя групы, на маю думку, павінны не бацькі. Органы адукацыі павінны гэтаму спрыяць. А ў нас адбываецца наадварот: сем'і, па сутнасці, не маюць права выбару — у рускамоўную групку аддаваць дзяцей ці ў беларускамоўную.
— У чым праблема?
— Калі чалавек ідзе запісвацца на чаргу, павінны быць два радкі — "руская мова навучання" і "беларуская мова навучання". Адсюль усе праблемы: у нас жа чарга ідзе агульная, быццам беларускай мовы не існуе. Выходзіць, што пра развіццё беларускай мовы ў садках асабліва не клапоцяцца.
Калі б падчас пастаноўкі на чаргу людзям давалі магчымасць выбіраць, то ў чыноўнікаў была б канкрэтная інфармацыя — колькі беларускамоўных групак трэба арганізоўваць. Чаму мы павінны бегаць па горадзе і клеіць аб'явы? Гэта ж усё элементарна.
— Ці распавядалі вы пра праблему кампетэнтным службовым асобам?
— Вядома ж. Мы былі ў Мінгарвыканкаме. Нібыта людзі і хочуць дапамагчы, але гарантый не даюць.
Ва Упраўленні адукацыі Фрунзенскага райвыканкама нам сказалі: "У вас частка дзяцей — ясельная група, частка — старэйшыя дзеці. Трэба, каб у кожную групу набралася хоць бы па 15 дзяцей". І што цяпер рабіць? Зноў трэба хадзіць па раёне і шукаць?
Няўдалыя спробы арганізаваць беларускамоўныя групы былі і раней
Вядомы факт, што з маленства ў свядомасць чалавека закладаюцца многія асновы, якія стануць арыенцірам у далейшым жыцці. Падумайце, якім было б наша грамадства, калі б людзей, так бы мовіць, з пялюшак прывучалі да роднага слова. Але не ўсе гэта разумеюць.
— У Кунцаўшчыне ў нас ёсць афіцыйны беларускамоўны садочак, — распавядае Вераніка Лебедзь, беларускамоўная маці чатырох дзяцей, удзельніца сухараўскага спісу. — Адзіны афіцыйны садок з роднай мовай навучання на ўвесь Фрунзенскі раён. Установа жахліва перапоўненая. 32 чалавекі ў яслях. І нават гэты садок толькі фармальна беларускі. Маё дзіця туды хадзіла. Практычна няма выхавацеляў, якія б добра ведалі родную мову. Трапляліся такія "спецыялісты", што нават з бацькамі не маглі гутарыць па-беларуску. Раённае ўпраўленне адукацыі паўгода спрабавала знайсці кваліфікаванага беларускамоўнага спецыяліста. Бо для дзетак мова — прынцыповая рэч. У выніку знайшлі толькі адну жанчыну пенсійнага ўзросту, якая ў мінулым была педагогам...
Мы і раней рабілі кампаніі па арганізацыі беларускамоўных групак. Назбіралі дзяцей, і нам аднойчы заявілі: "Адпраўляем вас у Кунцаўшчыну, у беларускамоўную групу". І ў выніку ўся кампанія распалася, таму што складана ездзіць з Сухарава ў Кунцаўшчыну, тым больш калі дзетак водзіць, скажам, бабуля.
Так у многіх беларускамоўных сем'ях дзяцей былі вымушаны аддаваць у звычайныя садкі, рускамоўныя. У выніку малыя забываліся, што такое родная мова...
Словы Веранікі Лебедзь пацвярджае маладая матуля Аляксандра Чарнаўская (сын Яраслаў мае 3 гады і 2 месяцы), таксама ўдзельніца сухараўскага спісу.
— Калі нарадзіўся малы, мы чакалі, на якой мове ён пачне размаўляць. Пайшлі ў дзіцячы садок, у рускамоўную групу. Самі разумееце, што часам уладкаваць дзіця ў садок бывае няпроста. Што было, туды і пайшлі. І праблем не было, да калектыву Яраслаў прызвычаіўся. А размаўляць пачаў па-руску. З украпленнем беларускіх слоў — "сумна", "ровар", "яшчэ"...
Р.S. Я наўмысна прытрымаў гэты матэрыял, не здаваў яго ў друк. А ў сераду дзявятага сакавіка мне патэлефанавала Ганна Іванаўна, адна з матуль-удзельніц сухараўскага спісу:
— Ва ўпраўленні адукацыі праверылі нашы спісы, і аказалася, што толькі дзевяць дзяцей адпавядаюць патрабаванням. Наконт астатніх — у каго ўзрост не такі, каму чарга не падышла. Хоць здавалася б, ганарыцеся, што грамадзяне прыйшлі да вас з такой патрыятычнай ініцыятывай... Нават і не ведаем, што рабіць. А быў бы нармальны беларускамоўны садок, праблемы б не ўзнікла. Вось такім чынам спынялася не адна ініцыятыва стварэння беларускіх групак у нашым раёне.
Што тут можна сказаць? Маем, што маем. Большасць беларусаў не могуць звязаць на роднай мове трох слоў. Грубыя памылкі дапускаюцца ў масавых афіцыйных дакументах. І гэта лічыцца нармальным, нават пасля публікацый у СМІ "службовыя асобы" мала што робяць, каб выправіцца.
І, як відаць, такое абыякавае стаўленне, да мовы, непісьменнасць навязваюцца ад самых дзіцячых садкоў...
АФІЦЫЙНА
"Праблема будзе вырашана"
Журналіст "Звязды" на словах абмаляваў праблему ў гутарцы са старшынёй Камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Уладзімірам Шчэрбам. Чыноўнік даў вусны загад разабрацца з пытаннем:
— Праблем няма, думаю, што гэтае пытанне будзе вырашана.
Загадчыцу аддзела дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі Камітэта Таццяну Харужую вусны зварот журналіста здзівіў і, як мне здалося, трошкі пакрыўдзіў.
— На жаль, нямногія бацькі хочуць аддаваць дзяцей у беларускамоўныя групы, і мы не можам іх прымусіць, — па-беларуску адказала Таццяна Паўлаўна.
— Але людзі самі расклейваюць аб'явы для таго, каб знайсці беларускамоўных аднадумцаў. Я сам наведваў гэтыя сем'і. Чаму гэтай высакароднай справай займаюцца звычайныя грамадзяне, а не чыноўнікі?
— Мае калегі робяць усё магчымае, але попыт на беларускую мову ў сталіцы не такі вялікі, як у некаторых раёнах, — падсумавала Таццяна Харужая, пакрыўдзіўшыся на слова "чыноўнікі". — Безумоўна, роднай мовай трэба больш карыстацца ў разнастайных галінах. Больш мовы павінна быць у СМІ, часцей ёй павінны карыстацца дзяржаўныя людзі. Напрыклад, міністр адукацыі цудоўна размаўляе па-беларуску.