Памерла палітолаг Святлана Навумава
11.03.2011 00:31
—
Новости Общества
Памерла палітолаг Святлана Навумава
Фота Радыё Свабода |
Яна доўгі час мужна змагалася са складанай хваробай нырак. Як стала вядома, у яе адкрылася ўнутранае кровацячэнне, якое не ўдалося суняць нават у рэанімацыі.
Яна трымалася незалежных поглядаў, брала ўдзел у развіцці незалежнага грамадства Беларусі. Апошні час яна працавала ў мазгавым цэнтры кампаніі "Гавары праўду". Яе не раз выклікалі на допыты, апошні ператрус быў у яе ў хаце 4 студзеня. Яна была адным з кіраўнікоў паліталагічнага кірунку ў ЕГУ.
У часе ператрусаў у "Гавары праўду" ў маі мінулага года ў яе, як і ў іншых, сканфіскавалі ўсе наяўныя ў хаце грошы. У яе выпадку то былі грошы для лекаў і гемадыялізу, на якіх яна сядзела. У адным з інтэрв’ю яна сумна пажартавала, што можа і не дажывецца да вяртання іх з КДБ. І нібы ў благі час сказала, бо і выйшла так, што не дажылася.
Было ёй 55 гадоў.
Вечная памяць.
* * *
Час і месца пахавання пакуль невядомыя. Сын спн. Навумавай перабывае ў Нямеччыне, а сястра — у Літве. У Менску пры ёй была толькі пляменніца. Цяпер дэталі развітання і пахарону высвятляюцца. Імаверна, яны адбудуцца пасля прыезду сваякоў.