"Надзвычайшчыкі" глядзяць — ратаваць, не ратаваць?.."
Чыстая праўда (у Аўцюках, як вы ведаеце, бывае і чыстая брахня): адзін з тамтэйшых вяскоўцаў, значыць, з жонкай палаяўся — у чарговы раз. І вырашыў, што ўсё: гэта — ужо ў апошні, бо лепей жудасны канец, чым жуда без канца. Прыйшоў ён да ракі Закаванкі, закінуў вяроўку на старую вярбу, што стаяла на беразе, зрабіў пятлю, усунуў галаву і...
Гайдануўся б — напрыканцы... Аднак сук не вытрымаў — адламаўся. І мужык той — боўць у раку!
А тапіцца ж ён намеру не меў...
Як і трэба было чакаць, менавіта пра іх, пра намеры, строілі здагадкі ўдзельнікі конкурсу на лепшы подпіс да здымка. Хтось — асобна пра жаночыя, хтось — асобна пра мужчынскія, нехта аб'яднаў:
Як на беразе ракі
Зноў дубеюць мужыкі.
Ну й сцюдзёная ж вадзіца!...
А ў палонцы — маладзіца.
Мо русалка іх чаруе?
Прадавачка тут "маржуе":
Калі хочаш пахмяліцца,
Мусіш трохі падзівіцца!
А інакш пракіне, як той казаў, не прадасць, піша спадарыня Пажога з вёскі Абруб Глыбоцкага раёна. (Дарэчы, што ні край, то звычай — спадар Нефідовіч з Лунінеччыны пра жанчыну піша:
Не ў сяле яна з'явілася
Ды ў палонку пагрузілася,
Тут прызнаў бы мой народзе:
З глузду з'ехала ды й годзе!)
Працэс гэты ("з'язджання" з таго самага глузду), як правіла, паступовы, непрыкметны, але ж, як высвятляецца, ад вока нашых падпісчыкаў нічога не схаваеш:
<І>Пад вярбой Алёна
Мыла ручнікі
(іх даволі плённа
брудзяць мужыкі).
Усю вясну і лета
Мыла, задарма...
Потым непрыкметна
Надышла зіма, —
піша спадар Гарачоў з Іўеўшчыны. А жанчына ўсё мые, мые, мые...
Планіда ў яе такая, лічыць Мікалай Старых з Гомеля. "Глянуў я на конкурсны здымак, — піша ён, — і прыгадаў анекдот. Вучоныя вырашылі правесці эксперымент. На бязлюдным востраве пасялілі двух мужчын і жанчыну (усе трое — з усходніх славян). Праз год прыехалі паглядзець, як жа яны жывуць. Першае, што ўбачылі: сядзяць мужыкі ў цянёчку. Адзін — нешта піша, другі — падлічвае.
— А дзе ж ваша жанчына? — цікавяцца.
— Народ? — перапыталі начальнікі і адказалі: — Народ у полі".
То якраз яму, нашаму гераічнаму "народу", і прысвяціў свае радкі спадар Мікалай:
У жанчын мільён турбот:
Зранку лёцьма да работ.
Пасля працы ў іх як мам
Марш-кідок па коле крам,
Потым — сем'і накарміць,
Прыбіраць, бялізну мыць...
Вось яно жанкам такім
Пелька ў лютым — не экстрым.
Што праўда, то праўда.
"Я часта думаю, што чалавек можа вельмі шмат, але ён, на жаль, не ўдасканальвае свае фізічныя і разумовыя здольнасці, а ўсё перакладвае на плечы машын. Цывілізацыя робіць людзей пестунамі, — піша спадарыня Гудачкова з Жыткавіч і ўспамінае, як дзед яе ("рыбак быў, якіх пашукаць!") хадзіў на рэчку з дзядзькам Сцяпанам. Аднойчы сцямнела — пакуль прарубілі палонку, паставілі сеткі... Дзед і кажа: "Давай трохі паспім, пакуль рыба налезе". І... паспалі ж! Зімой, на лёдзе! А якая там вопратка была: у дзядзькі — паношаны кажух ды боты, а дзед і наогул у ватоўцы быў. І цягнулі сеткі голымі рукамі, імі ж бралі рыбу. Вось такія людзі былі".
І, дзякуй Богу, ёсць! "У двары на сонечным месцы я зрабіла невялічкую пабудову: мо метра паўтара на паўтара, — дзеліцца спадарыня Валянціна. — Адна сцяна паўночная, глухая, з дошак, там і дзверы. А верх і астатнія сценкі абцягнула плёнкай у два слаі. Як парнічок: калі сонца, дык там цяплей, летам нават горача, а зімою так, як на двары. Толькі што не капае і не дзьме.
І вось ужо гадоў 15 зімой і летам, кожную раніцу і кожны вечар, я іду туды з вядром вады (набіраю з калодзежа) — распранаюся, абліваюся з вялікай конаўкі (Бр-р-р... Нават пісаць пра гэта холадна. — Аўт.). Потым выціраюся, апранаюся і — па хатніх справах. Вось такая ў мяне загартоўка. А ў палонцы купацца не даводзілася. У нас у Жыткавічах яе няма, ды і трохі боязна. Аднак я ведаю, што маржом можа стаць хоць хто. Трэба толькі перагледзець свой лад жыцця".
Спадарыня Янучок з в. Нагорнае, Клецкага раёна піша пра тых, хто ўжо перагледзеў:
Ёсць жанчыны-маладзіцы —
У жылах кроў, а не вадзіца!
Што ім люты? Што мароз?
Падатрэ любому нос!
А то і ўсім пяцярым! Тут справа прынцыпу, магчыма?
Яшчэ захаваліся бабы,
Якіх не палохай агнём.
Такія адважацца, мабыць,
Звалодаць шалёным канём.
Ці возьмуць — ды боўць у палонку.
У загс павядуць за руку,
Абы ты назваў яе жонкай...
Абы насаліць мужыку!
піша Анатоль Гарачоў. І, паглядзеўшы на здымак, ведае, чым канкрэтна насаліла вось гэтая баба:
Хай гагочуць гусі,
Хай смяюцца качкі:
Зноў знайшла Маруся
Мужаву заначку!
Ну што тут скажаш — малайчына, Маруся!.. І жанчыны наогул, сцвярджае спадарыня Кусянкова з Рагачоўшчыны:
У апратках мужыкі,
А сагнуліся — у крукі:
Каб у пельку — то ім слаба,
Не баіцца толькі баба.
Чаму? Меркаванні на гэты конт разышліся — прычым у розныя бакі і досыць далёка:
Яна і гэтак, яна і так,
І на "ты" з вадзіцаю...
Не цікавяцца ніяк
Хлопцы маладзіцаю! —
лічыць спадар Гаўрыш з Чавусаў.
Ды наадварот жа, упэўнена спадарыня Ермаковіч з в. Азяраўцы Браслаўскага раёна:
Вы ці бачылі такое?!
Хто не бачыў — мы раззвонім:
І адна ў палонцы — воін:
Аж пяцёра ў палоне!
А таму:
Ну і гарачае ж спатканне —
Як дайсці дадому?
З галавою ў палонку —
Можа, ахалону? —
ад імя кабеты піша спадарыня Гудачкова.
Ды няма ж ад чаго шукаць тае прахалоды, упэўнены спадар Гаўрыш, які, паглядзеўшы на здымак, лічыць, што
Тут іспыты кавалераў
(У яе іх роўна пяць):
Абяцаюць да халеры,
А штаны баяцца зняць...
Яна і гэтак, яна і так:
То бабром, то рыбкаю,
А на іх напаў слупняк —
Толькі вочкі лыпаюць.
Глядзяць, трэба разумець, захапляюцца — ім відовішча, бо
Маржыхі сёння ў модзе.
Што ў модзе — то цані:
Задарма дзівіцца годзе:
Паглядзеў — "бабло" гані! —
ад імя кабеты патрабуе спадарыня Ермаковіч.
З гэтым, на думку маржыхі (і спадарыні Чыгрынавай з Вілейшчыны) у мужыкоў таксама дрэнна:
Дакучала думка дужа,
Што пара знайсці ўжо мужа...
Але ж тут, як ні зірні,
Ну няма пакуль раўні.
Няма грашавітых. Няма і смелых:
Адна дзеўка на рацэ
Утапіла ведзярцэ:
Хто яго дастане,
Яе мужам стане...
Ды няма ахвочых —
Трэ самой ускочыць, —
піша Валянціна Гудачкова пра кабету.
Зрэшты, што мы ўсё пра яе ды пра яе, час пра мужыкоў. Яны, між іншым (на думку спадарыні Лабажэвіч з Клецка), не такія ўжо і нясмелыя. Проста стаяць непадалёк і цалкам лагічна мяркуюць:
Нырнуць следам за табой,
Можа не пашкодзіць?
Але ж рэчка ад адной
З берагоў выходзіць!
Адкуль — крый Божа, лёд падымецца, крыгаход пачнецца, пабудовы затопіць... Рабі тады, што хочаш.
Зрэшты, цяпер людзі ўжо ведаюць, што канкрэтна трэба рабіць у экстрэмальных сітуацыях: выклікаць супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Кадры там падрыхтаваныя, адпаведнай тэхнікай узброеныя, можна сказаць, да зубоў... Адзінае — ім рашучасці можа не хапіць. У дзеяннях:
"Надзвычайшчыкі" глядзяць —
Ратаваць, не ратаваць?..
Пакуль раду правялі,
З бабы бурбалкі пайшлі, —
піша пра бедную спадарыня Кусянкова.
А, між іншым, як лічаць сябры з гуртка "Юны журналіст" агульнаадукацыйнай школы № 3 г. Вілейкі, шчасце было такім магчымым, такім блізкім, бо кабета, перш чым пусціць тыя бурбалкі, заспявала (ці не голасам Кадышавай?):
— Не судзіце мяне, людзі,
Не марудзьце, мужыкі.
Бо са мной шчаслівы будзе
Той, хто выцягне з ракі.
Магчыма. Але ж, на думку спадарыні Лапацкай з той жа Вілейкі, рызыка ёсць:
Ну, Мікола, ты і выбраў —
Нарабіў сабе бяды:
Ці русалка тут, ці выдра —
Жыць не можа без вады.
А, значыць, плёхаецца ў ёй пастаянна. Альбо (на думку спадара Гарачова) зрэдку прыходзіць, прычым з пэўнай мэтай:
У палонцы бізнэс-лэдзі
Змыць рашылася грахі,
А ахоўнікі-мядзведзі
Зашпілілі кажухі.
Ды дарэмна тых герояў
Прывяла яна сюды,
Бо любога абяззброіць,
Калі вылезе з вады.
Ці не пра тыя ж цяжкія грахі (толькі мужчынскія) піша і спадар Дубовік з Бярэзіншчыны:
Кожны трэці ўлева ходзіць...
Ім вось ведаць не пашкодзіць:
Хто ў пельку апускаецца,
Таму грэх і адпускаецца:
На Вадохрышча... У палонку.
Каб не знала толькі жонка!
Дык, значыць, прыйшлі яны, а палонка якраз і занятая. Той самай... жонкай — падманула! А вось аднаго свайго мужыка ці ўсіх пяцярых — ёсць пытанне. У спадара Гарачова:
Запрасіла дзеўка ў пушчу,
Але ж зноў — "кідалава",
Бо яна — не Люся Лушчык
І не Саша Паўлава.
А хацелася б! Бо мужчыны — яны ў большасці сваёй за здаровы лад жыцця — з... гарэліцай, цыгарэтамі, півам, дзяўчатамі... (Хіба ж гэта не здорава?!). Ім здаецца, што яшчэ і як! А вось тым дзяўчатам:
Без маржа вусатага
Жытка распраклятая...
Хоць у пельку, хоць у крык,
Выраджаецца мужык!
Канстатацыя факта — ад Валерыя Гаўрыша. Ад спадара Астроўскага з Мінска прыгожыя радкі пра маржоў. Не, не тых, якія зімой у палонках купаюцца, а сапраўдных: млекакормячых з атрада ластаногіх, якія вызначаюцца цікаўнасцю і лагодным норавам, харчуюцца малюскамі, жывуць сем'ямі... Прычым у хілых асобін, як правіла, ніводнай жонкі, а ў дужых — з дзясятак. Адкуль і радкі:
Я па тэлеку знайшоў
Перадачу пра маржоў.
І здзівіўся: гэта ж жах,
Колькі жонак у маржа!
Пры такой вадзе сцюдзёнай
Ад чаго імпэт ягоны?..
Як, скажыце, людцы, братцы,
Мне вось так загартавацца?!
Складанае пытанне, бо Іван Іванавіч, наколькі ведаем, не начальнік ЖЭКа. Вось таго б загартавалі. Прычым (на думку спадара Сітніка з в. Палажэвічы Старадарожскага раёна) лёгка. І на здымку якраз той самы "працэс" загартоўкі. Дзівіцеся:
Божа ж мой... Начальнік ЖЭКа!
Што загнала чалавека
У люты холад у палонку?
Угнявіў каханку-жонку?
Ці людзей? Прайшла зіма!
Вады цёпленькай няма.
(Пра гарачую нам, грэшным,
Заікацца нават смешна).
Вось жанчыны і загналі.
Яшчэ й ліфчык прывязалі.
Здзек за здзек, гэта называецца, бо не будзеш жа добраму чалавеку ліфчык шкадаваць — хай сфатаграфуецца для найстарэйшай беларускай газеты, якую спадар Дубовік з Бярэзіншчыны настойліва раіў бы ўсім (асабліва чынавенству), па-першае, выпісваць, а па другое, трымаць пры сабе выразкі з рубрык "Хто каго?", "Алё, народ на провадзе!" і зрэдчас зазіраць у іх, каб у тэлевізары не такія кіслыя твары былі. Ход падзей жа да лепшага, лічыць Міхаіл Паўлавіч — значыць, можна ўсміхацца. А хоць бы і таму, што
Неяк баба захацела
Акунуць душу і цела...
Ну яна ж не вінавата,
Што рачулка мелкавата?!
(Пытанне ад спадарыні Чыгрынавай).
...Завяршыць жа агляд хацелася б аптымістычным (ад спадара Гарачова):
Па-над Прыпяццю і Бугам
Зімка люта дыхае.
Мужыкі і хлопцы цугам
Ходзяць за маржыхаю.
Зімой... Што ўжо казаць пра вясну?!
Хіба тое, што яна (і гэта непазбежна!) — ідзе... Нават прыйшла, калі верыць календару. А значыць, пера-зіма-валі! З чым і хочацца павіншаваць усіх чытачоў-падпісчыкаў, усіх удзельнікаў конкурсу і... адну пераможцу. На думку вялікага чытацкага журы, найлепшыя радкі да здымка пра гандаль у крэдыт ("Звязда" ад 22.01) даслалі спадары Нефідовіч з Лунінеччыны, Гаўрыш з Чавусаў, Гарачоў з Іўеўшчыны, спадарыні Бурко з Бярэзіншчыны, Тарасік з Мінска, Лабажэвіч з Клецка і Чыгрынава з вёскі Забалацце Вілейскага раёна. З гэтым, апошнім, меркаваннем пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. А значыць, прыз у выглядзе падпіскі на дарагую сэрцам газету накіроўваецца на Вілейшчыну. Хочаце, каб да вас? Пішыце! Здымак, як заўжды, дадаецца. Умовы ранейшыя: коратка (не больш за восем радкоў), дасціпна, разборліва і па-беларуску.Валянціна Доўнар,
Фота Анатоля Клешчука.
Р.S. Спадар Спірыдовіч з г.п. Івянец анекдот даслаў. Сустракаюцца два мужыкі.
— Як справы? — пытае адзін.
— Выдатна! — адказвае другі. — У "Звяздзе" друкуюся.
— Ух ты! І што ж надрукаваў?
— Аб'яву.
Адчулі: аб'яву... І ўжо шчаслівы.
Зрабіў палову той, хто пачаў! Пішыце.