Тарыф на вываз смецця ці на нашу свядомасць?

Источник материала:  

З вёскі Хатынічы Ганцавіцкага раёна ад месцічаў паступіла скарга наконт вывазу камунальнай службай бытавога смецця з іх падворкаў. Забягаючы наперад, зазначым, што праблема аказалася куды больш сур'ёзнай, чым здалося на першы погляд: па-першае, закранала яна не толькі канкрэтных заяўнікаў, але і многіх іншых вяскоўцаў, таму нейкія імёны жыхароў на старонках газеты мы называць не будзем. Па-другое, і сама пастаноўка пытання з боку месцічаў у больш шырокім сэнсе нам падалася не зусім карэктнай. Зрэшты, як у нечым і спосаб яго вырашэння — ужо з боку канкрэтных бакоў, прызваных зрабіць тое. Але спачатку паслухаем сутнасць вышэйназванай скаргі.

— Дагавор на вываз смецця з камунальнікамі наша сям'я не заключала, і два апошнія гады яго ў нас не забіралі. Тым не менш у снежні мінулага года мы атрымалі паперу з патрабаваннем аплаціць запазычанасць па вывазу бытавога смецця — за перыяд, пачынаючы з чэрвеня 2008 года, — на суму 33 тысячы рублёў, — тлумачылі нам. — Ці павінны мы плаціць за паслугу, якой не карысталіся? Смецце ў тых, хто заключыў дагавор на вываз, забіраюць адзін раз у месяц. Прычым людзі скардзяцца, што трэба стаяць побач з тымі мяхамі і пільнаваць машыну. Інакш могуць і не забраць. Паслуга па вывазе каштуе 600 рублёў у месяц з кожнага члена сям'і. У мяне заробак у калгасе 300 тысяч, працую без выхадных. Няма ў мяне лішніх грошай! А тут чарговая папера прыходзіць — позва ў суд. І пазначана, што мы павінны, ужо з улікам пені, заплаціць больш за 50 тысяч рублёў?!.

Перш чым пайсці далей у разборы скаргі, варта спыніцца на адным абавязковым пытанні, якое мы і задалі заяўніцы: а куды яна, адмовіўшыся, як сцвярджае, ад вывазу смецця, потым дзявае бытавыя адходы? На жаль, у нашым цяперашнім жыцці практычна немагчыма абысціся без пластыку, поліэтылену, шкла — якім бы экалагічна свядомым не быў чалавек. Залішне казаць, напэўна, якой праблемай з'яўляецца забруджванне прыроды, у тым ліку несанкцыянаванымі звалкамі бытавога смецця ў лясных масівах, на тэрыторыях, прылеглых да чыгункі, аўтамабільных дарог, на берагах вадаёмаў...

— Лісце закапваю на агародзе або палю. Гэтак жа і непатрэбную паперу выкарыстоўваю для распальвання. Усё, што можна такім чынам утылізаваць — знішчаю самастойна.

— Ну, добра. А пластыкавую бутэльку, металічную накрыўку ад слоіка, поліэтыленавы пакет вы куды дзяваеце?

— Бочка вялікая на двары стаіць, туды і кідаю шкло і бляшанкі. Яна яшчэ і не запоўненая нават цалкам. Няхай, каму трэба, прыедуць, паглядзяць.

Зноў жа добра, што чалавек не выкідвае абы-куды смецце, якое ў прыродзе вельмі працяглы час забруджвае навакольнае асяроддзе. Але ўявім сітуацыю: згаданая бочка напоўнілася цалкам. І куды цяпер смецце з яе? Нейкага канкрэтнага адказу на гэта простае пытанне мы так і не пачулі...

Зноў жа — 600 рублёў у месяц з чалавека за вываз смецця і пазбаўлення ад праблемы яго самастойнага вывазу (зноў жа — куды?) — няўжо гэта такія вялікія грошы няхай сабе і пры невялікім заробку? Нават калі гэта будзе 1,2 тысячы ў месяц — з дваіх членаў сям'і? На жаль, паразумення з суразмоўцай і тут дасягнуць не атрымалася.

Аднак вернемся да скаргі. З мэтай разабрацца ў сітуацыі мы патэлефанавалі ў камунальнае ўнітарнае міжгаліновае вытворчае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі "Ганцавіцкая жыллёва-камунальная гаспадарка". Што датычыцца папрокаў вяскоўцаў адносна няякаснага прадастаўлення паслугі па вывазе бытавога смецця — несвоечасовасці, у прыватнасці, — нам удакладнілі, што праз аб'явы ў мясцовым друку насельніцтва інфармуецца пра графік вывазу, пра тое, што смецце трэба з раніцы выстаўляць каля веснічак.

Увогуле пра сітуацыю з утылізацыяй бытавога смецця ад насельніцтва і тыя праблемы, што ўзніклі канкрэтна з жыхарамі вёскі Хатынічы, мы больш падрабязна размаўлялі ўжо з юрысконсультам прадпрыемства Юрыем КАЎШОМ.

— У 2006 годзе было прынятае заканадаўства, якое рэгламентавала пытанні ўтылізацыі бытавых адходаў ад насельніцтва. Была пастаўленая задача ахапіць абавязковай паслугай па вывазу бытавога смецця 100 працэнтаў вясковага насельніцтва. Таму, у адпаведнасці з рашэннем ужо мясцовых органаў улады (ад 22.03.2006 года — "Аб рэалізацыі сістэмы дзяржаўных сацыяльных стандартаў і паляпшэнні абслугоўвання насельніцтва ў сельскай мясцовасці (на прыкладзе Агарэвіцкага і Начскага сельвыканкамаў)"), у 2006-2007 гадах бланкі на аказанне паслуг перадаваліся ў сельскія Саветы — для заключэння дагавораў: з аднаго боку — наша прадпрыемства, з другога — канкрэтны грамадзянін. Аказанне ж саміх паслуг пачалося фактычна з красавіка 2008 года, — распавёў Юрый Уладзіміравіч. — І вось што далей часам атрымлівалася? Скажам, у сям'і — некалькі чалавек. Нехта з іх — муж ці жонка — наведаў сельскі Савет па якой патрэбе, напрыклад, даведку ўзяць. Між іншым вяскоўцу прапанавалі падпісаць і дагавор на вываз бытавога смецця. Чалавек падпісаў, і сам з цягам часу забыўся, а сямейнікам пра тое не паведаміў. Адсюль і шэраг пытанняў, маўляў, мы ніякіх дагавораў не падпісвалі. А сам факт подпісу дагавора з'яўляецца для бухгалтара падставай для налічэння аплаты за паслугу.

Як сказаў далей Юрый Коўш, зараз позвы ў суд ужо падрыхтаваныя на 20 чалавек. Яшчэ на 29 дадаткова яны рыхтуюцца. Па словах суразмоўцы, гэта менавіта той крок, які дазволіць расставіць усе кропкі над "і", вырашыць усе спрэчкі. Таму грамадзянам не варта загадзя палохацца. (Наша заяўніца якраз згадвала пра намер патрабаваць праверкі сапраўднасці подпісу — С.Р.)

— Туды з'яўляюцца ўсе члены сям'і з пашпартамі. І потым мы звяраем подпіс у дагаворы з подпісамі ў пашпартах іх уладальнікаў. Можа быць прызначаная і графалагічная экспертыза, але, думаю, нават простае параўнанне дапаможа разабрацца. І калі мы пераканаемся, што сапраўды ніхто з сямейнікаў дагавор не падпісваў, прадпрыемства адмаўляецца ад іскавога патрабавання, суд справу спыняе і гэта з'яўляецца падставай для спісання бухгалтарам налічанай неправамерна, калі так атрымаецца, запазычанасці, — зазначыў Юрый Уладзіміравіч.

Спадзяёмся, канкрэтна па сітуацыі мы нашых чытачоў зарыентавалі — у становішчы, што склалася, позва ў суд прызваная канчаткова высветліць пазіцыі бакоў. А нам напрыканцы ўяўляецца важным зноў вярнуцца да таго, пра што мы ўжо крыху гаварылі напачатку. Тым больш што з тымі думкамі не толькі салідарны, але і — па працы — на справе сутыкаецца Юрый Коўш.

— Добра, паперу чалавек спаліў у печцы. Пластык і поліэтылен ён так не ўтылізуе, а на агародзе раскладваць з іх вогнішча забаронена, паколькі забруджваецца навакольнае асяроддзе. Нармальны чалавек не стане закопваць такія небяспечныя адходы і на сваім участку, на якім вырошчвае нешта для сябе і сваіх дзетак. Так, некаторыя часам кажуць, што б'юць шкло і выкарыстоўваюць яго разам з жалеззем пры заліцці падмуркаў — для трываласці апошніх. Няхай так. Аднак усё роўна паўстае пытанне: калі ў вашай чытачкі, іншага чалавека запоўніцца цалкам бочка, куды і як ён павязе смецце?! — гаварыў суразмоўца. — Ці чалавек будуе дом і зразумела, што ў яго абавязкова будзе шмат будаўнічага смецця? Мне часам адказваюць: дык на ваш жа палігон і вывезу. Дык, грамадзяне, мы з той жа самай мэтай і ідзём вам насустрач — каб пазбавіць неабходнасці пад покрывам ночы весці смецце на звалку! Прапануем рэгулярны і за невялікую плату вываз... Мне бачыцца тут праблема яшчэ і ў тым, што, паставіўшы задачу ахапіць усё вясковае насельніцтва вывазам бытавога смецця, забыліся ў заканадаўстве прапісаць адказнасць чалавека за адмову ад гэтага. У прыватнасці, можна прыгадаць рашэнне абласнога Савета дэпутатаў № 104 ад 14 сакавіка 2008 года "Аб зацвярджэнні прыкладнага палажэння аб парадку забеспячэння індывідуальнымі домаўладальнікамі належнага ўтрымання дваравых і прылеглых да іх тэрыторый". У гэтым дакуменце гаворыцца пра тое, што грамадзяне павінны падтрымліваць на сваіх участках чысціню і парадак, аднак адсутнічаюць меры ўздзеяння ў выпадку невыканання названых патрабаванняў...

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Дело по иску бывшей учительницы Тальковской школы решится 10 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика