"Шчасце" ў спадчыну

Источник материала:  

Перш, чым пакласці дзіця ў калыску, выконвалі шэраг рытуальных дзеянняў: абпырсквалі яе святой вадой, абсыпалі спасаўскім макам ці чацвярговай соллю, бабка-павітуха малявала вакол яе кола, чытала замовы, каб дзіця добра расло, добра спала па начах і г.д.

   Потым, на працягу ўсяго першага года, маці будзе чытаць малітву і выказваць блаславенне кожны раз, калі будзе класці дзіця ў люльку.

   Па ўяўленнях нашых продкаў, калі калыску гушкаць, гэта паспрыяе хуткаму росту і развіццю дзіцяці. Першы раз калыхаць дзіця ў люльцы неабходнай было правай рукой — "каб дзіцяці ў жыцці шанцавала".

   У нашых продкаў існаваў шэраг строгіх забаронаў, якія тычыліся калыскі: нельга было люляць пустую калыску, гушкаць яе ўдваіх, садзіцца ці абапірацца на калыску.

   У калысцы дзіцятка маглі трымаць ад аднаго да трох гадоў. Калі малое вырастала, калыску хавалі. Выкідаць ці ламаць калыску забаранялася пад страхам смерці. Толькі пасля таго, як калыска станавілася непрыдатнай, яе разам з іншымі старымі рэчамі спальвалі на купальскім вогнішчы.

   Калі ў сям'і больш не чакалі дзяцей, "шчаслівую" калыску перадавалі ў спадчыну маладым сваякам ці захоўвалі для ўнукаў.

   Калі ў сям'і на свет з'яўляліся адны хлопчыкі ці адны дзяўчаты, дзве сям'і мелі права абмяняцца калыскамі — з надзеяй, што "зменіцца" і пол наступнага дзіцяці.

   Калі калыску пазычалі, то абавязкова даведваліся, ці не паміралі ў гэтай сям'і дзеці, каб перасцерагчы сваіх дзяцей.

   Звычайна, калі дзіця памірала ў калысцы, яе ламалі і спальвалі, як і ўсе дзіцячыя рэчы, у якіх памерла дзіця.

   Катэгарычна забаранялася несці калыску з хаты ў хату пустой; у любым выпадку ў яе нешта неабходна было пакласці.

   Таксама, калі пераносілі калыску, яе нельга было ставіць на зямлю, каб не наклікаць на дзіця беды і нястачы.

   Вяртаць калыску неабходна было так: яе прыносілі да той хаты, дзе бралі, а ў хату яе павінен быў занесці сам гаспадар.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Дело по иску бывшей учительницы Тальковской школы решится 10 марта

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика