Каб усё жыццё — Масленiца!..
У гэтым годзе Масленiца святкуецца з 28 лютага па 6 сакавiка. Аднак, мне падаецца, што яе ўрокi мы павiнны праносiць праз увесь год. I нават больш – праз усё жыццё. Бо гэтае свята вучыць нас многаму.
Масленiца – самае вялiкае i яркае зiмовае свята. Да яе заўсёды звярталiся пяшчотна, лагодна, велiчна, называючы яе «ласухай», «касатачкай».
...З маленства ў маiм сэрцы гучаць шчодрыя i мiлагучныя масленiчныя песнi, якiя так велiчна i залiхвацка выконвала заўсёды мая бабуля Таццяна i пры гэтым не забывала казаць, што такiя песнi душа хоча спяваць тады, «як на вясну пацягне».
Кожны дзень масленiчнага календара меў сваю назву i значэнне.
Напрыклад, сёння, у суботу, — Залвiцыны пасядзелкi: нявестка запрашала родных мужа да сябе ў госцi.
Заўтра – апошнi дзень Масленiцы. Нядзеля – Даравальная. Прасiлi прабачэння за ўсе крыўды, вялiкiя i малыя, i самi ад чыстага сэрца даравалi iншым. Гэта час ачышчэння душы ад крыўды, ад злых думак, чорных памкненняў i помслiвых пачуццяў. Кланялiся ў ногi, просячы дараваць, а ў адказ чулi: «Бог даруе, i я дарую». Так што не забывайце ў гэты дзень усмiхнуцца адзiн аднаму, паспачуваць, i, я ўпэўнены, вашы сэрцы адразу стануць не такiмi халоднымi i абыякавымi да блiжняга...
Спальвалi i старыя рэчы. Бо з чыстым сэрцам, з адкрытай душой i жыццё лягчэй!
Быў пашыраны абрад вiтання маладых, якiя ўступiлi ў шлюб на працягу папярэдняга года, iх частавалi сырам – адсюль i пайшла назва «Сырны тыдзень». I таму бясспрэчна, што масленiчныя традыцыi садзейнiчалi ўмацаванню маладой сям’i – пра гэта, на жаль, рэдка хто ўспамiнае сёння.
Блiн нездарма галоўная дзеючая «асоба» Масленiцы. Сваiм залацiстым колам ён сiмвалiзуе доўгачаканае сонечнае цяпло — жоўты, гарачы.
Лiчу, што менавiта блiн стаў прабацькам сучасных пiрагоў i бутэрбродаў: у яго зручна загарнуць тварог, мяса, каўбасу i г.д.
Векавая цяга народа весела развiтвацца з зiмой iдзе ад продкаў. I як добра, што не выпала гэтае звяно з залатога ланцужка нашых традыцый. Усе радуюцца, што зiма канчаецца i прыходзiць доўгачаканая вясна: «Трэба вясну-красну шукаць, у родны край яе зваць». Нашы продкi ўспрымалi вясну як пачатак новага жыцця.
Маслены тыдзень – гэта своеасаблiвыя вароты поста. У краiнах Заходняй Еўропы Масленiцы адпавядае карнавал. Але не ўсе ведаюць, што слова «карнавал» паходзiць ад лацiнскага «carne» – мяса i «vale» – бывай. Iншымi словамi, бывай, мяса!
А ў Чысты панядзелак пачынаўся Вялiкi пост, i святочнае жыццё замiрала на доўгiя 7 тыдняў. Па царкоўнаму статусу свята носiць назву – Сырная седмiца. На Масленiцу прынята рыхтавацца да Вялiкага посту, прыязней ставiцца да блiзкiх i знаёмых, а галоўнае, тварыць дабро. I зразумела, што час даравання больш высакародны, чым час аб’ядання блiнамi...
Як бачым, Масленiца — свята хлебасольнае. Так што хадзiце часцей адзiн да аднаго ў госцi, стварайце прыгожыя i шчаслiвыя сем’i! Гэтаму на ўсё жыццё нас таксама вучыць Масленiца.