На Масленку трэба есці столькі разоў, колькі варона махне крылом
Блінцы з розным начыннем (ад мёду і да ікры), забаўкі і штодзённыя гасцяванні — нашы продкі адзначалі Масленку (менавіта так свята называлася на Беларусі) ад душы. Нездарма стагоддзе-два таму хадзіла прыказка: "Хоць сябе закладзі, а Масленку спраў". Даведацца пра масленічныя традыцыі беларусаў у Заслаўе ды Азярцо разам з кітайцамі выправілася Настасся Занько.
"Масленка прыйшла, вясну прывяла"
Масленку ў Заслаўскім гісторыка-культурным запаведніку давялося святкаваць разам з кітайцамі. Група замежных студэнтаў з розных ВНУ вырашыла спрычыніцца да беларускіх традыцый. Кітайцы са здзіўленнем разглядалі адзіны паравы млын на Беларусі і фатаграфавалі яго на мабільныя тэлефоны. Потым захіналіся ад пранізлівага ветру, пакуль Канстанцыя, "гаспадыня" дома завозніка (местачковай гасцініцы, дзе здарожваліся сяляне з суседніх вёсак) у святочным народным строі вітала гасцей сваімі песнямі. За 2,5 гадзіны арганізатары абяцалі паказаць увесь тыдзень Масленкі.
— На першы дзень Масленку сустракалі, — распавядае Канстанцыя. — У гэты дзень спявалі масленічныя песні, рабілі вялікую ляльку-Масленку, якую напрыканцы тыдня спальвалі, каб з попелам сышлі грахі і ўсякае зло разам з зімовымі маразамі.
У некаторых вёсках першы блін, які спякла гаспадыня, аддаваўся людзям у галечы і нястачы, каб тыя памянулі нябожчыкаў. У гэты ж дзень нявестка выпраўлялася да сваіх бацькоў з самага ранку, каб дапамагчы прыгатаваць ежу для свякроўкі ды свёкра, якія вечарам прыйдуць у госці. Не спяшаючыся, яны сядуць за стол. Будуць ласавацца блінцамі ды вырашаць, хто да каго і ў які дзень на прысмакі прыйдзе.
Халасцякам калоду да нагі прывязвалі
У аўторак беларусы жартавалі. Халасцякам, бабылям тады праходу не давалі. Яны нават на двор паказвацца баяліся.
— Хто з вас халасцяк? — праз перакладчыка пытаецца ў кітайцаў Канстанцыя. Адарваўшыся ад прыгожай кафлянай печкі, некалькі хлапцоў уздымаюць рукі.
— Адкупляйцеся, даражэнькія. За тое, што яшчэ пару не прыдбалі, — усміхаецца Канстанцыя. — Грашыма, каўбасамі, блінцамі ды цукеркамі...
Перакладчыкі на працягу дзесяці хвілін тлумачаць хлопцам, што ад іх хочуць. У рэшце рэшт нехта аддае гадзіннік, нехта тэлефон, а двое застаюцца.
— Ну, мае родненькія, — працягвае Канстанцыя. — Тады вось вам медаль за такія заслугі.
І на шыю кітайцам вешаюць палена на стужцы. Яны глядзяць са здзіўленнем на ўсіх, не разумеючы, да чаго гэта. А пасля тлумачэнняў пачынаюць гучна смяяцца.
— Беларускім халасцякам у вёсках не тое што палена на вяроўцы на шыю вешалі, але нават і калоду да нагі ланцугом прывязвалі і на замок замыкалі. — апавядае гаспадыня. — А ўсё з-за таго, што Масленіца лічылася самым часам, каб маладыя прыгледзеліся адно да аднаго, знайшлі сабе пару, "каб да Юр'я пабраціся" (6 мая). Ушаноўваліся маладыя пары, да іх наведваліся госці і віншавалі. Хто толькі-толькі пабраўся шлюбам, мог нават цалавацца на людзях, але пад наглядам бацькоў.
"З'еў ён сала пудзік, аж вырваўся гузік"
— У сераду аж стол гнуўся ад ежы. Беларусы на вёсках казалі, што есці на Масленку патрэбна столькі разоў, колькі варона махне крылом ці сабака хвастом, — апавядае Канстанцыя. — Беларуская душа гуляла на ўсю катушку. Елі шмат і што называецца "ад пуза". Нават прыпеўкі хадзілі: "З'еў сала пудзік, аж вырваўся гузік" ці "Блін не клін — бруха не распора". Блінамі патрэбна было ласавацца ад ранку і да вечара. І якога начыння ў іх толькі не было: мёд, тварог, сыр, варэнне, капуста, ікра, рыба і г.д. А таксама піражкі з ляснымі арэхамі і гарбузікамі (мяса ў гэты тыдзень есці не дазвалялася) і г.д. Быў і "збіцень" — своеасаблівы "кампот" з сушаных ягад ды зёлак...
Канстанцыя і яе "сяброўкі" спяваюць песні пра вырваны гузік з сарочкі ды штанцоў. І неўзабаве прыносяць духмяныя бліны з вішнёвым варэннем. Бліны кітайцам спадабаліся, уміналі іх без адзінага гуку.
У некаторых вёсках, як і ў Расіі, у гэты дзень цешча запрашала зяця на бліны. Ён павінен быў прыйсці ды пасядзець пэўны час, пад'есці блінцоў ды парадаваць цешчу.
На Масленіцу па вёсках хадзілі батлейшчыкі, ставячы калядную казку пра Ірада. Батлеечны спектакль паказваюць і ў Заслаўі. Жорсткі Ірад, як і больш за 2000 год таму, загадвае забіць усіх немаўлятак. Маці Рапунцэль плача над сваім дзіцем. Ірад не злітаваўся, аднак Марыя ды Ісус паспелі пазбегчы смерці.
Кітайцы са здзіўленнем глядзяць на батлейку і смяюцца ў самыя трагічныя моманты. З-за спазнення перакладу ды рознага менталітэту.
Ва Уласаў дзень навучалі коней ды валоў
У чацвер беларусы святкавалі дзень святога Уласа — абаронцы хатняй жывёлы. "Дзень Уласа адзначалі, коней ды валоў абучалі", — спявалі беларусы.
— У гэты дзень маладых жарабцоў упершыню навучалі, — апавядае Канстанцыя. — Справа гэта была складаная і небяспечная. Бывала і такое, што ногі ды рукі ламалі ды платы зносілі.
На Масленку, дарэчы, хадзілі таксама і валачобнікі як каляднікі на каляды. З герояў былі Масленка, Зіма ды Бабуля. Іх частавалі звычайна цукеркамі ды пернікамі.
— Ну, а ў пятніцу ды суботу гасцілі ў ахвоту, — гаворыць Канстанцыя. — Да гасцей хадзілі шмат. Асабліва да маладых пар, якія тыдзень-два таму гулялі вяселле. І нельга было адмаўляцца. Лічылася, што калі прасядзець яе ў суме і цішыні без гасцей ды гульняў, то год не заладзіцца.
А дзяўчаты варажылі на суджанага. Выносілі блін і частавалі першага сустрэчнага. Яго прасілі назваць сваё імя, якое павінна супасці з іменем будучага мужа.
Яшчэ, калі збіраліся за адным сталом нежанатыя ды незамужнія. І вось тут ужо дзяўчаты па блінах вызначалі, што за характар у хлапцоў. Лічылася, бліны з ікрой любяць сапраўдныя мужчыны. Па гаспадарцы ён будзе цягавітым і ўсё ў дом прыносіць стане. Аднак вось пяшчоты ды слоў ласкавых ад яго не дачакаешся.
Прабачэння прасілі спачатку ў самага старога
Праводзілі Масленку ў суботу ўвечары. Разам з саламяным пудзілам згаралі, па старажытным павер'і, усе маразы і надыходзіла вясна.
— У апошні дзень Масленкі бацька сядаў на куце. І ўсе дзеці, а таксама ўнукі падыходзілі да яго па чарзе і прасілі прабачэння, — расказвае Канстанцыя. — А пасля бацька таксама прасіў прабачэння ў кожнага.
Увогуле, гэты дзень яшчэ называўся "загвіны" ці "запускі". "Ідзе пост вялікі на бульбу і квас, хавай чаравікі, лапцёй ёсць запас", — спявалі нашы продкі ў нядзелю.
— Вельмі спадабалася, праўда, — казалі госці з Кітая на развітанне. — Прыедзем яшчэ.
"Маразуля" на Масленцы ў Азярцы
На Масленку ў Музей народнай архітэктуры і побыту, што ў Азярцы, патрапілася ехаць з рускімі.
— Хто яшчэ лічыць, што беларуская мова — дыялект рускай? — праз пятнаццаць хвілін аповеду па-беларуску спытаўся экскурсавод. — Для тых я магу працягнуць аповед па-беларуску.
Аднак піцерцы ды масквічы адмоўна заківалі галовамі.
Музей народнай архітэктуры і побыту — унікальны свет. Некалькі кіламетраў ад горада — і ты пераносішся на некалькі стагоддзяў у мінулае. Драўляныя хаты, крытыя чаротам, млыны, свірны і ўніяцкія цэрквы, шырокія вуліцы і рассыпаныя будынкі. І цішыня... Толькі рыпенне снегу і іголкі марозу на шчоках. Пасля шумнага Мінска адчуваеш, што ў цябе закладзены вушы.
У адрозненне ад Заслаўя, акцэнт тут робіцца толькі на сустрэчы і провады Масленкі.
Памерацца сілай можна, перацягваючы канат. Можна залезці на слуп, на якім вісяць прызы, паспрабаваць рассекчы яблык у конкурсе "п'яны кат", пакатацца на сярэднявечных лыжах.
Як аказалася, катацца на гэтых лыжах досыць няпроста: трое павінны сінхронна рухаць нагамі, каб хоць неяк перасоўвацца. А галоўны "сакрэцік" — можна трымацца за плечы адно аднаго.
Танчыць "Маразулю" ды "Ойру" можна было пад жывую музыку "Старога Ольсы". Сонца, мароз ды гарачыя бліны. Беларускі каларыт Масленкі спадабаўся і экскурсійнай групе з Расіі.
— Вельмі добра, — з захапленнем расказвае Эдуард з Санкт-Пецярбурга. — Нас сюды запрасіла сяброўка,. Мы ўвогуле першы раз у Беларусі, і вось так на Масленіцу патрапілі. І рыцары, і Маразуля... А больш за ўсё мне спадабалася самагонка ды свежы хлеб у карчме... На наступны год спадзяёмся прыехаць ізноў.
Фота Марыны Бегунковай і Таццяны Прус.
Кампетэнтна
"Масленка прыцягвае шмат турыстаў, але ўзровень сэрвісу пакідае жадаць лепшага"
— Масленка ў нас ідзе ўвесь люты і сакавік, — расказвае Алесь Кушнер, дырэктар турыстычнага агенцтва "Гісторыя-Тур", аднаго з ініцыятараў свят у Азярцы і Заслаўі. — Зараз раскуплены ўсе туры ў Заслаўе. Цікавяцца імі як беларусы, так і замежнікі. Аднак праблема ў тым, што ў нас практычна адсутнічаюць атэлі эканом-класа, нават у Мінску. А ў раёнах, калі гэта і прымальна па кошце, то не хапае месцаў, каб рассяліць нават сярэднюю групу чалавек 40. Таму і даводзіцца вяртацца з месца ад'езду. А гэта ўсе выліваецца ў кошт тура. Уявіце, што такое, завезці людзей у Полацк і вечарам вярнуцца назад... Аналагічная праблема і з харчаваннем, калі ў буйных турыстычных кропках адкрываюцца корчмы, то ў дробных іх няма... А гэта стварае пэўныя перашкоды для турыстычнага бізнэсу... Хоць нейкія захады і робяцца, але пакуль праблемы існуюць.