«Кар'еру спявачкі мне прадказаў святар»

Источник материала:  

Хто такая Анастасія Віннікава?

Нарадзілася 15 красавіка 1991 года, адна дачка ў сям'і. Бацька — падпалкоўнік у адстаўцы, маці — дацэнт, кандыдат псіхалагічных навук, загадчык кафедры БДПУ імя М. Танка. Анастасія скончыла беларускую гімназію ў Дзяржынску, займалася на харавым аддзяленні Дзяржынскай школы мастацтваў. Сёння дзяўчына — студэнтка 2 курса перакладчыцкага факультэта Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, вывучае англійскую і іспанскую мовы.

 

"Першым у мяне паверыў Раінчык"

Першае выступленне на вялікай сцэне ў Анастасіі Віннікавай адбылося ў студзені мінулага года — спявачка выступала на адкрыцці "Мінск-Арэны".

— 15 тысяч гледачоў і жывы гук — баявое хрышчэнне адбылося, — усміхаецца дзяўчына і дадае: — Я думала, насамрэч так не бывае. Ва ўніверсітэце я выпадкова апынулася на праслухоўванні. Пазней было другое праслухоўванне з удзелам Васіля Пятровіча Раінчыка. Гэта быў першы чалавек, які паверыў у мяне і дапамог зрабіць першыя прафесіянальныя крокі ў музыцы.

«Кар'еру спявачкі мне прадказаў святар»

Між іншым, кар'еру спявачкі, як зазначае сама дзяўчына, ёй напрарочылі яшчэ ў маленстве — і не абы-хто, а праваслаўны святар:

— Калі мне было чатыры месяцы, бацькі вырашылі мяне хрысціць. Хрост адбываўся ў саборы Пятра і Паўла ў Гомелі. Усе дзеці, якія там былі, маўчалі, а я — спявала. Айцец Георгій спытаў у хроснага, як мяне завуць, і сказаў: спявачкай будзеш, Анастасія. І акрапіў вадой.

Сёння за плячыма ў Насці — удзел у музычных праектах АНТ "Музыкальны суд" і "Эстрадны кактэйль". Навіна пра "Еўрабачанне" стала для дзяўчыны прыемнай неспадзяванкай.

— Першымі пачалі віншаваць сябры: званілі, пісалі смс-кі. Ад такой колькасці я, прызнацца, была збянтэжаная. Сёння яшчэ рана рабіць нейкія прагнозы, але я люблю сваю краіну і зраблю ўсё для таго, каб выступіць годна. Кіруюся толькі гэтым.

Што за песня і хто аўтары?

Кампазіцыя, выбраная фокус-групай для Дзюсельдорфа, была напісаная Віктарам Рудэнкам (словы) і Яўгенам Алейнікам (словы і музыка). Упершыню песня прагучала ў трэцім сезоне праграмы "Музычны суд" на АНТ, але ў фінал праекта яна не выйшла.

— Тэкст песні пісаўся зусім не для Еўрабачання, — тлумачыць аўтар слоў Віктар Рудэнка. — Гэта больш шаржавая кампазіцыя. Я меркаваў, што найперш яна будзе выклікаць усмешку, а не якімсьці чынам прэзентаваць краіну на міжнародным узроўні. Пад той варыянт тэксту, які мы чулі, можна, напрыклад, уявіць, як беларускія партызаны ідуць браць рэйхстаг, альбо як дзяўчынка з зорачкай акцябронка а-ля Лаліта выконвае кампазіцыю, а на заднім плане — хор геяў... Таму тэкст мы вырашылі перапрацаваць.

Дырэктар дырэкцыі спецпраектаў тэлеканала "АНТ" Анжэліна Мікульская, якая ўваходзіла ў тую самую фокус-групу, запэўніла журналістаў, што прадстаўнікі фокус-групы выбіралі найперш песню:

— Мы выбіралі найперш песню, а не спевака. Тэкст у кампазіцыі жартоўны, і мы разумеем, што некаторыя нюансы еўрапейскай публіцы будуць незразумелыя. У новым варыянце мы будзем шукаць моманты, якія больш станоўча ахарактарызуюць Беларусь і будуць зразумелыя еўрапейскім гледачам.

— Асноўным жартам песні "Bоrn іn Bеlоrussіа" з'яўляецца тое, што Насця некаторы час яшчэ паспела пажыць у Савецкім Саюзе, — тлумачыць сваё бачанне песні кампазітар Яўген Алейнік. — Мы хацелі абыграць гэты момант і думалі, што будзе цікава. Ніхто ніякім чынам не хацеў перайначваць назву нашай краіны Rерublіс оf Bеlаrus. Ніхто не планаваў, што гэтая песня пройдзе на Еўрабачанне. Таму зараз яна будзе вельмі сур'ёзна дапрацоўвацца. У выніковым варыянце тэкст песні стане больш лірычным, а напісанне нашай краіны будзе прыведзенае ў адпаведнасць з сучаснымі арфаграфічнымі нормамі. Хутчэй за ўсё, новая песня атрымае назву "Я — беларуска".

А па-беларуску слабо?

— Я хачу перакласці песню на беларускую мову і буду прапаноўваць варыянт гэтай песні як канчатковы, — адказаў на пытанне "Звязды" Яўген Алейнік. — Беларускамоўная песня магла б прынесці нам дадатковыя балы ад краін-суседак. Але тут ёсць і свае нюансы: у нашым паўфінале з блізкіх суседзяў толькі Украіна і Латвія, таму пры дапрацоўцы песні будзем зыходзіць выключна з кан'юнктуры галасавання.

Сама спявачка Насця Віннікава прызналася "Звяздзе", што вельмі любіць беларускую мову:

— Вельмі люблю спяваць па-беларуску. У маім рэпертуары нават песень на рускай няма: тры на англійскай і дзве на беларускай. Таму, калі будзе прынятае такое рашэнне, я буду толькі рада.

Але магчымае выступленне з беларускай песняй можа стаць не адзіным сюрпрызам ад беларусаў. Паводле слоў галоўнага дырэктара галоўнай дырэкцыі Першага канала Аляксандра Капёнкіна, цалкам магчыма, што і каментарый да трансляцыі таксама будзе беларускім:

— Мы думаем над тым, каб зрабіць каментарый на беларускай мове. Падобны вопыт у нас ёсць — трансляцыя "Грэмі". Але сёння мы яшчэ думаем, хто будзе каментаваць, на якой мове (<І>не выключана і двухмоўнае каментаванне — І.Л.), і хто будзе аб'яўляць ад Беларусі балы.

Што далей?

Які нумар рыхтуюць беларусы? Ці чакаецца змяненне стылю спявачкі? Хто будзе фінансаваць падрыхтоўку? Не на ўсе пытанні сёння ёсць адказ.

Па словах арганізатараў, на сёння для Насці прапанавана 25 вобразаў, але які з іх будзе абраны, казаць рана. Прынамсі, па дапамогу да замежнікаў творчая каманда звяртацца не плануе.

— Мы можам канкурыраваць пры выпуску праграм, але што датычыць "Еўрабачання", то Першы канал і "АНТ" працуюць у адной камандзе, — гаворыць Анжэліна Мікульская. —Дзяржаўныя грошы ні летась, ні сёлета скарыстаныя не былі. За ўсё плаціў тэлеканал "АНТ". Усімі арганізацыйнымі момантамі, звязанымі з паездкай, нумарам і стылем спявачкі, зоймецца творчая група АНТ, за трансляцыю конкурса адказвае Першы канал. Нам бы вельмі хацелася стварыць цалкам беларускі прадукт. Яўген — адзін з самых вопытных, здольных і таленавітых кампазітараў нашай краіны. Таму яго песню мы і выбралі.

— Я настойваю і вельмі хачу, каб прадукт быў падрыхтаваны цалкам у нашай краіне, — працягвае Яўген Алейнік. — У песні не зменіцца ніводнай ноты — зменіцца падача матэрыялу. Я лічу, што ў нас усё атрымаецца. Мая мэта — каб песня беларускага аўтара выйшла ў фінал. І хачу, каб так і адбылося.

— А Насця Віннікава — гэта рэдкі голас і рэдкія здольнасці, — заключае Анжэліна Мікульская. — Гэта тая выканаўца, якая стане адной з прым беларускай эстрады.

Ілья ЛАПАТО.

 

А як у суседзяў?

Ва ўкраінскім адборы перамагла спявачка Міка Ньютан, перавагу аддалі ёй, нягледзячы на тое, што ў адборы прымалі ўдзел пераможца "Новай хвалі-2009" спявачка Джамала і ўжо вядомая па выступленні на "Еўрабачанні" Анастасія Прыходзька.

Расія яшчэ не вызначылася з выканаўцам. Па чутках, краіну можа прадставіць спявачка Глюкоза альбо вакальны ансамбль "Буранаўскія бабулі", які стаў прарывам на леташнім адборы. Між іншым, сваю заяўку падалі таксама кіпрыёт Аўраам Русо, украінка Джамала, а таксама дуэт Дзімы Білана і Сяргея Лазарава.

←Для милых дам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика