"Чаму кубак кавы каштуе, як абед у сталоўцы?"

Источник материала:  

Наш даўні падпісчык і чытач з Наваполацка Віктар Віктаравіч Багданаў, калі быў праездам у сталіцы, быў узрушаны ўбачаным на чыгуначным вакзале. Настолькі, што мусіў патэлефанаваць у рэдакцыю з пытаннем. Але пра ўсё па парадку.

— Быў вольны час, таму зайшоў у пункт грамадскага харчавання — хацеў выпіць кубак кавы. Месца было ўтульным, цёплым, абслугоўванне вялося каля такіх стоек, памятаеце, і раней гэткія ў аддзелах кулінарыі былі, — расказваў нам заяўнік. — Але як пабачыў цэны... Кубак кавы — 3,5 тысячы рублёў, гарбаты — 2 тысячы рублёў. Адкуль такія цэны? У нас у Наваполацку ў заводскай сталовай можна узяць паўнацэнны абед за 4 тысячы рублёў, а тут 3,5 тысячы — толькі за кубак кавы?!. Вось я і прашу рэдакцыю патлумачыць формулу, па якой выходзіць, вылічваецца такі кошт...

На жаль, чытач не змог паведаміць назву пункта грамадскага харчавання на чыгуначным вакзале, у якой яго так узрушылі цэны на гарачыя напоі. Пагадзіцеся, арыенціроўка — "побач з месцам адпраўлення электрычак на Маладзечна, там дзе ходзяць звычайныя людзі, а не якія багацеі" — не самая дакладная інфармацыя. Як і падказка, што ў той кавярні (ці чым яшчэ?) былі стойкі для абслугоўвання. Віктар Віктаравіч толькі змог дадаць, што быццам бы той пункт грамадскага харчавання падпарадкоўваўся "Дарожнаму аддзелу рабочага забеспячэння" (на рускай мове — "ДОР-ОРСу").

Начальнік аддзела арганізацыі грамадскага харчавання і гандлю гэтага ААТ Уладзімір БЛІЗНЮК зрабіў ласку: не адмовіў у каментарыі, нягледзячы на адсутнасць дакладнай інфармацыі.

— Калі б ваш чытач паведаміў назву пункта грамадскага харчавання, можна было б правесці праверку, а так магчыма паразважаць толькі ўвогуле. Найперш трэба сказаць пра свабоднае цэнаўтварэнне: урад кантралюе цэны толькі на сацыяльна значныя тавары. Зноў жа, трэба ведаць калькуляцыю (якая сыравіна, тая ж кава, паступіла, колькі вады, цукру, колькі выдаткавана электраэнергіі і інш.) Пры прыгатаванні кавы выкарыстоўваюцца спецыяльныя апараты, якія мы арандуем, а яны могуць быць запраграмаваныя і на 5, і на 6, і на 7,5 грамаў кавы. А цукру колькі было, зноў запытаю? — распавёў Уладзімір Іванавіч. — Дарэчы, гэтую самую калькуляцыю ваш чытач мог папрасіць паказаць сам прама на месцы. Да таго ж трэба ведаць, да якой катэгорыі адносіцца пункт грамадскага харчавання, паколькі ад гэтага залежыць і ўзровень нацэнкі. А ён можа быць розным — ад 70-90 і да 250 працэнтаў. Напрыклад, нашы міні-кавярні, што месцяцца на прывакзальнай тэрыторыі, маюць другую катэгорыю. Заводская сталоўка, пра якую кажа грамадзянін, мае, як можна меркаваць, трэцюю катэгорыю, адпаведна, і нацэнка там самая мінімальная.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Для милых дам

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика