Сад у Вялікіх Канюшанах

Источник материала:  
Марына Залеўская з казахстанскага горада Петрапаўлаўска стварае прыгожыя ўзоры на льняных палотнах, некалі сатканых яе бабуляй на Гродзеншчыне Пад час аднаго з прэс-тураў у Петрапаўлаўску парадаваў “цёплы бонус” ад Сяргея Залеўскага: дзякуючы калегу мы хутка і бясплатна тэлефанавалі дадому. Аказалася, жонка ў Сяргея, цяпер кіраўніка аднаго з інфармагенцтваў, — беларуска, а мову цешчы перасыпаюць трапныя слоўцы, прывезеныя на цаліну з Лідскага раёна Гродзеншчыны. Летась, пад Новы год, Сяргей скінуў ссылку: у інтэрнэце з’явілася галерэя вышывак ягонай жонкі Марыны. Адкрыта выстава і ў мастацкім салоне горада. “Беларусь сапраўды — радзіма маёй мамы, і мне заўсёды цікавае ўсё, што звязана з гэтай краінай, — напісала Марына ў рэдакцыю. — Спадзяюся прыехаць сюды ўсёй сям’ёй! Вельмі хочацца паглядзець вёску, дзе жыла мая матуля, дзе і мае родавыя карані…” Марына Валер’еўна выкладае англійскую мову ў Першай гімназіі Петрапаўлаўска. Дзве дачкі ў сям’і Залеўскіх таксама ведаюць пра Беларусь: бабуля ім часта расказвае пра сваё дзяцінства. Зінаіда Канстанцінаўна родам з Лідчыны, з вёскі Вялікія Канюшаны. З Масявіч, таго ж раёна Гродзеншчыны, і бабуля Марыны, Марыя Міхайлаўна. Гэта яна панаткала столькі льняных палотнаў, што хапае і нашчадкам. “Мама прыехала ў Казахстан у жніўні 64-га, ёй было толькі 16 гадоў, — удакладняе Марына. — На той час ужо асвойвалі цаліну яе два зводныя браты, Мікалай і Аляксей, сястра Соф’я. Мама стала кухарам. Працавала ўсё жыццё па спецыяльнасці, а на пенсіі яе радасць — лецішча, праца на зямлі, унучкі. Прыкладна ў 1980-м пераехала да нас, у Казахстан, і мая беларуская бабуля, разам з ёй яшчэ адзін мамін брат, Анатоль. Сувоі льнянога палатна, якое ткала ў Беларусі бабуля, па гэты час зберагаюцца ў нашай сям’і. І менавіта на ім я вышываю большасць сваіх работ. А на рукадзелле я “запала” дзякуючы бабулі, бо ўвесь час круцілася побач, калі яна прала, вязала. Яна прывезла з сабой прыгожыя пакрывалы, дарожкі, адзенне — усё самаробнае. Мову беларускую я амаль не ведаю, толькі песні: яны гучалі ў нас на кожным сямейным свяце, бабуля спявала іх і ў будні. Можна сказаць, што вырасла я на беларускіх песнях”. Цяпер Марына актыўна вывучае адметнасці беларускіх вышывак, арнаментаў, а яшчэ займаецца пошукамі беларускіх родзічаў, маміных суседзяў, сябровак з Лідчыны — з развалам Саюза сувязі абарваліся. Некаторыя ўжо знайшліся, так што казахстанцам будзе куды пайсці ў госці ў Беларусі. Марына і Сяргей хочуць і паездзіць па краіне, адпачыць “на добрым і недарагім” курорце, яны ў захапленні ад беларускіх краявідаў, якія бачаць у інтэрнэце. На адным з фотаздымкаў, дасланых з Казахстана, — верацёны Марынінай бабулі, рэліквіі зберагаюцца ў сям’і Залеўскіх. І як жа гэта па-нашаму, па-беларуску: выбіраючыся ў далёкі свет, браць з сабою часцінку Бацькаўшчыны. А старалася Марыя Міхайлаўна не дарма: яе верацёны, палотны, узоры, песні занялі ганаровае месца ў жыцці роду. “Днямі з вялікай цікавасцю мы ўсе разглядалі ў інтэрнэце на здымках, зробленых са спадарожнікаў, Вялікія Канюшаны — вёску, адкуль родам мама Марыны, — напісаў зусім нядаўна Сяргей. — Яна з хваляваннем расказала, што вучні пад час вучобы пасадзілі каля школы пладовыя дрэвы — кожны сваё. І цяпер, мяркуючы па фота, вырас там цэлы сад! Я спадзяюся, што ў нас атрымаецца з’ездзіць туды, пабачыць усё гэта сваімі вачыма. Дарэчы, і ў мяне таксама ёсць рoдзічы ў Беларусі — у Мінску жыве дваюрадная бацькава сястра. Мы даўно не бачыліся, а нядаўна праз інтэрнэт зноў наладзілі сувязь”. Іван Ждановіч
←Спросите у юриста

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика