"Цягне да тэхнікі. Хацеў бы невялікі айчынны трактар з кабінай"

Источник материала:  
Аляксандр Анатольевіч Барэйка з вёскі Брольнікі Навагрудскага раёна 25 гадоў адпрацаваў механізатарам. Але і зараз, па ўласным прызнанні чытача, цягне яго да тэхнікі. Тым больш, што ёсць гектар зямлі, якую, натуральна, трэба апрацоўваць. А без тэхнікі — як? Вось і надумаў Аляксандр Анатольевіч набыць міні-трактар беларускай вытворчасці. Але абавязкова, каб мадэль з кабінай была — па стане здароўя ёсць такая патрэба ў чалавека. — Магутнасць рухавіка трактара не прынцыповая. Як і наяўнасць навяснога абсталявання: тут бы спачатку сам трактар набыць, а з ім ужо неяк пасля б разабраўся, — прасіў дапамагчы нас вясковец у пошуку патрэбнай тэхнікі. Першай справай мы патэлефанавалі на Мінскі трактарны завод. Папрасілі спачатку зарыентаваць увогуле па сітуацыі. Аказалася, нездарма. Большасць людзей не бачыць асаблівай розніцы паміж малагабарытнымі трактарамі і міні-трактарамі, называючы іх абагульнена: міні-тэхніка. А адрозніваюцца гэтыя класы як магутнасцю, так і заводамі-вытворцамі. Малагабарытныя трактары маюць магутнасць ад 30 да 40 конскіх сіл, выпускае іх Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. Міні-трактары — гэта ўжо прадукцыя Смаргонскага агрэгатнага завода, якая мае магутнасць ад 8 да 12 конскіх сіл. Міні-трактары выпускаюцца без кабін. Наколькі мы зразумелі, наш чытач меў на ўвазе якраз малагабарытныя трактары. Тэлефануем ужо на Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў. У аддзеле збыту прадпрыемства, які займаецца рэалізацыяй тэхнікі на тэрыторыі краіны, нам таксама пацвердзілі, што, сапраўды, да іх часта звяртаюцца прыватнікі, блытаючы класы трактароў. — Зыходзячы з патрабаванняў вашага чытача, мы можам прапанаваць яму малагабарытны трактар "Беларус — 320.4". Гэта мадэль з кабінай, магутнасць рухавіка складае 35 конскіх сіл, прадаецца без навяснога абсталявання, якое пры жаданні можна набыць і пасля. На ўсялякі выпадак дададзім, што ёсць яшчэ мадэль "Беларус — 321", якая вырабляецца без кабіны, — распавялі нам спецыялісты аддзела збыту. Тут трэба крыху спыніцца. Справа ў тым, што Аляксандр Анатольевіч паведаміў нам, якую суму прыкладна гатовы выдаткаваць на набыццё патрэбнай яму тэхнікі. Бяда ў тым, што яна істотна адрозніваецца ад тых лічбаў, што мы пачулі ад прадстаўнікоў завода. Напрыклад, першая са згаданых мадэляў малагабарытнага трактара з кабінай каштуе 40 мільёнаў рублёў, другая — без кабіны — крыху больш за 34,2 мільёна рублёў... Тым не менш агульную інфармацыю чытачу мы далі. А спецыялісты аддзела збыту Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў занатавалі хатні адрас Аляксандра Анатольевіча і паабяцалі даслаць яму больш падрабязныя звесткі па пытанні, што цікавіць чытача — па мадэлях, навясным абсталяванні, цэнах. Як кажуць, для роздуму і магчымага выбару. Сяргей РАСОЛЬКА.
←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика