Ігар Фамін: "Мы не чакаем нейкага абвальнага росту ці падзення цэн"

Источник материала:  
З 1 сакавіка набыў моц Указ Прэзідэнта № 72 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання цэн (тарыфаў) у Рэспубліцы Беларусь", які быў падпісаны ў мэтах скарачэння дзяржаўнага рэгулявання цэн. Свой каментарый наконт неабходнасці прыняцця гэтага дакумента і яго наступствах журналістам даў Ігар ФАМІН, дырэктар Дэпартамента цэнавай палітыкі Міністэрства эканомікі: — У краіне праводзіцца планамерная сістэмная праца па лібералізацыі цэнаўтварэння і па развіцці дзелавой прадпрымальнасці. Указ № 72 быў прыняты ў рамках рэалізацыі Дырэктывы № 4, у ім вызначаны пералік тавараў, прац і паслуг, на якія ажыццяўляецца дзяржаўнае рэгуляванне цэн, вызначаны органы дзяржаўнага кіравання, якія ўпаўнаважаны ажыццяўляць гэтае рэгуляванне. На тавары, працы і паслугі, якія не ўвайшлі ў пералік, цэны і тарыфы будуць устанаўлівацца суб'ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці самастойна з улікам кан'юнктуры рынку. Указам таксама адмяняецца права ўрада ўстанаўліваць гранічныя індэксы змянення цэн, неабходнасць рэгістрацыі цэн і тарыфаў суб'ектам прадпрымальніцкай дзейнасці, неабходнасць абавязковай рэгістрацыі тарыфаў на новыя віды платных медыцынскіх паслуг, а таксама адмяняецца патрабаванне аб абавязковым складанні эканамічных разлікаў, — тлумачыць нормы Указа № 72 Ігар Фамін. — Пунктам 2.3 таксама прадугледжана, што правапарушэннямі не з'яўляюцца дзеянні, якія суб'екты прадпрымальніцкай дзейнасці ажыццяўлялі з парушэннямі (па перавышэнні гранічных індэксаў змянення цэн, па рэгістрацыі цэн, па іх эканамічным абгрунтаванні) — такім чынам, аб'яўлена прававая амністыя, і штрафныя санкцыі за гэтыя дзеянні прымацца не будуць. Ігар Фамін дадаў, што ў шасцімесячны тэрмін павінен быць прыведзены ў адпаведнасць з указам КаАП: меры адміністрацыйнай адказнасці стануць адэкватныя зробленым парушэнням. Таксама ўсе нарматыўныя акты, якія супярэчаць Указу № 72, будуць адменены. — Указам значна скарочаны пералік тавараў, прац і паслуг, на якія ажыццяўляецца дзяржаўнае цэнавае рэгуляванне, а на асобныя віды — сфера дзеяння скарачаецца. Напрыклад, у будаўніцтве рэгуляванне цэн будзе прадугледжвацца толькі на працы, якія ажыццяўляюцца за кошт бюджэтных сродкаў, у медыцыне рэгуляванне тарыфаў будзе ажыццяўляцца па пераліку Савета Міністраў, у платнай адукацыі прадугледжваецца рэгуляванне цэн у дзяржаўных арганізацыях, якія забяспечваюць атрыманне вышэйшай і сярэдняй адукацыі, у грамадскім харчаванні рэгуляванне цэн на прадукцыю будзе толькі ва ўстановах адукацыі, — патлумачыў Ігар Фамін. Па словах Ігара Аляксеевіча, Указ № 72 павінен паменшыць бюракратычныя працэдуры, спрасціць дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, скараціць іх выдаткі ў частцы складання эканамічных абгрунтаванняў. Што тычыцца магчымых негатыўных наступстваў ад прыняцця новага дакумента, то дырэктар Дэпартамента цэнавай палітыкі Мінэканомікі іх не бачыць: — Якіх негатыўных наступстваў мы чакаем? У прынцыпе, ніякіх. Бо гранічныя індэксы не ўстанаўліваліся ўрадам на працягу двух гадоў, але назіраліся выпадкі ўмяшальніцтва ў працэс цэнаўтварэння органаў дзяржкіравання. Сёння ж Указ № 72 адназначна ў рамках рэалізацыі Дырэктывы № 4 трактуе, што органы дзяржаўнага кіравання могуць умешвацца ў працэс цэнаўтварэння толькі па тых пазіцыях, якія пазначаны ва Указе або якія вызначаюцца Прэзідэнтам згодна з Законам "Аб цэнаўтварэнні", — сказаў Ігар Фамін і дадаў: — Мы не чакаем нейкага абвальнага росту ці падзення цэн. Мы з 1 лютага адмянілі рэгуляванне гандлёвых надбавак, і ў выніку рост цэн адбыўся, але ў межах разумнага і дапушчальнага. Таму я не думаю, што адмена нейкіх умоў, прадугледжаных Указам № 72, выкліча ажыятажны попыт. Калі мы самі не будзем раскручваць інфляцыю чакання (хоць, магчыма, нехта ад гэтага хоча атрымаць выгаду), то я не думаю, што адбудзецца значны яе рост. Інфляцыя будзе кантралявацца, бо захоўваецца дзяржаўнае рэгуляванне на сацыяльна значныя тавары, працы і паслугі, цэны на якія будуць змяняцца толькі пад кантролем дзяржавы. Што тычыцца наступных магчымых крокаў па лібералізацыі цэнаўтварэння, то Ігар Фамін перакананы, што яны будуць рабіцца з улікам унутранай і знешняй эканамічнай сітуацыі: — Пры адкрытай эканоміцы мы не можам заставацца ўбаку і не рэагаваць на тыя працэсы, якія адбываюцца ў свеце. Вы ведаеце, што адбываецца рост цэн на сыравінныя рэсурсы: нафту, цукар-сырэц, металы — гэта таксама адбіваецца на эканоміцы. Але ў нашай краіне цэны і тарыфы не павышаюцца без прыняцця мер сацыяльнай абароны — існуюць механізмы, якія дазваляюць абараніць грамадзян рэспублікі ад змянення цэн і тарыфаў, і ў будучым, я мяркую, палітыка дзяржавы застанецца нязменнай. Мы будзем глядзець на эканамічную сітуацыю, на знешні контур, на падзеі ўнутры і звонку краіны, і ад гэтага будзе залежаць далейшае лібералізацыя цэнаўтварэння, — сказаў Ігар Фамін і дадаў, што гэта можа быць як скарачэнне пераліку тавараў, прац і паслуг, на якія цэны рэгулююцца, так і прымяненне рыначных механізмаў для тавараў у пераліку. Павел БЕРАСНЕЎ.
←Есть вопрос

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика