У Мінску пачалі руйнаваць будынак першай электрастанцыі

Источник материала:  
01.03.2011 18:14 — Новости Общества
У Мінску пачалі руйнаваць будынак першай электрастанцыі Арцём Мартыновіч, Еўрапейскае радыё для Беларусі Замест яго каля цырка з’явіцца гатэль, а саму гісторыка-культурную каштоўнасць плануюць аднавіць бліжэй да праспекта. У Мінску пачалі зносіць першую мінскую электрастанцыю. Будынак 1890 года, які перажыў дзве сусветныя вайны, плануюць узнавіць у іншым месцы. Праз гэта ён можа згубіць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. У размове з Еўрарадыё пра гэта распавёў навуковы кіраўнік будынка электрастанцыі Вадзім Гліннік. Гліннік: “Прынятае рашэнне аб зносе, што ў прынцыпе супярэчыць заканадаўству, паколькі знос помнікаў архітэктуры забаронены. Каб апраўдаць гэта, прапануюць узнавіць частку забудовы ў іншым месцы, бліжэй да моста, на ўзроўні праспекта”. Пры гэтым адбудаваная нанава частка згубіць сваю вартасць. “Пабудаваная нанава частка не будзе мець статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Гэта будзе бессэнсоўнае марнаванне грошай”, – упэўнены Вадзім Гліннік. Да таго ж спецыяліст дадае, што калі электрастанцыю перанясуць бліжэй да праспекта, то гэта дрэнна адаб’ецца на ансамблі галоўнай вуліцы сталіцы. “Электрастанцыя знаходзіцца ў парку і не ўплывае на ансамбль праспекта, а калі яе ўзняць і вынесці на ансамбль праспекта, то гэта выклікае здзіўленне. Праспект – больш значны аб’ект у гісторыка-культурным і мастацкім сэнсе, чым электрастанцыя”, – дадае Вадзім Гліннік. Аб’екты электрастанцыі ўваходзяць у спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў з 1993 года. Гэтыя будынкі – помнікі прамысловасці. Пасля Першай сусветнай вайны станцыя абслугоўвала энергіяй усе будаўнічыя пляцоўкі аднаўлення праспекта Незалежнасці. На тэрыторыі Беларусі такіх помнікаў усяго два, а ў Мінску – адзін. “Яны цесна звязаныя з гісторыяй горада, з гісторыяй яго камунальнай гаспадаркі. Пры чым будынак дырэкцыі, адзін з лепшых адміністратыўных будынкаў пачатку ХХ стагоддзя. Распрацоўвалася цэлая серыя праектаў рэстаўрацыі гэтага помніка. Планавалася, што будынак будзе рэстаўраваны і прыстасаваны пад сучасныя патрэбы”, – распавёў Еўрарадыё член прэзідыума добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Уладзімір Дзянісаў. Але замест станцыі з’явіцца гатэльны комплекс “Кемпенскі” на восем паверхаў. Будаўніцтвам комплекса займаецца фірма "Эліт-Эстэйт". Дарэчы, кіраўніцтва будаўнічай фірмы адмаўляецца каментаваць лёс будынкаў электрастанцыі. Не змаглі патлумачыць далейшы лёс будынкаў электрастанцыі і ва Упраўленні па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры.
←У Літве адбудзецца першы Міжнародны кангрэс даследчыкаў Беларусі

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика