Міхась Зізюк - Рог

Источник материала:  

Міхась Зізюк — наш даўні і адметны з плыні самацёку аўтар. У свой час быў у ліку пераможцаў нашага конкурсу. Схільны да эпічнасці пісьма, што часам перашкаджала лаканічнай форме апавядання. Але ў яго творах заўсёды прысутнічала думка... і сур'ёзнасць. Спадзяюся, што чытачы адчуюць гэта і ў новым творы Міхася. Творы жорсткім і сумным, але ж у нечым і літасцівым, і высокім.

Віктар КАЗЬКО.

Рог паціху корпаўся ў сметніку, час ад часу азіраючыся: ці не ідзе хто-небудзь. Людзі розныя. Каторы пройдзе — не зверне нават увагі, а іншы нядобра гляне і аблае. А некаторыя і паскудства ўтварыць могуць. Як было надоечы. Шукаў ён бутэлькі па сваёй тэрыторыі і не заўважыў, як з-за рога выйшла групка хлапчукоў. Здаровыя ўсе, як бугаі, не скажаш, што і падлеткі. Заржалі табуном. Адзін падляцеў да яго:

— Ну што, бамжара, як жывеш?

І тут жа ўдарыў нагой па твары. Рог зваліўся, заенчыў, а яны ржуць задаволеныя. А потым паднялі яго, закінулі ў сметнік і пайшлі. Яму было вельмі крыўдна і балюча. Яно, быццам бы, і не прывыкаць. Колькі ўжо яго абражалі, штурхалі, лаялі. Але ў той раз было чамусьці нясцерпна балюча ад таго, што вось так — проста, проста... Ды што зробіш, такая яго доля. Калі ты бомж — ты ніхто. Рог гэта засвоіў добра і крыўду доўга ніколі не трымаў.

Сёння з самага ранку хмурылася. З неба час ад часу церушыла дробнай снегавой крупкай, дзьмуў сцюдзёны вецер. Чорныя ўкамянелыя таполі матлялі голлем у такт ветру.

Непрытульнасцю і сіверам надзяліла сённяшні дзень прырода. Вароны і тыя не снавалі, як звычайна, каля сметніка. Нешматлікія людзі, што беглі па сваіх справах, праходзілі ўгнуўшы галаву ў плечы, хутаючыся ў паліто і курткі. Сам жа ён да холаду ўжо прыцярпеўся. Таму можна спакойна прайсціся па тэрыторыі ў пошуках сякіх-такіх прыпасаў. У старой ірванай скураной сумцы з лейбам "Аdіdаs" ужо ляжала некалькі яблыкаў, паўбохана яшчэ не чэрствага хлеба, кавалак каўбасы. За плячамі, у рукзаку, коўзалася пяць ці шэсць пустых бутэлек. Трохі назбіралася. Калі прайсціся па ўсёй тэрыторыі, то і зусім будзе няблага. Рог уздыхнуў, паволі выбраўся са сметніка і пакрочыў далей. Вечарэла. Зноў зацерушыла дробным снегам, падобным на рысавыя зярняткі. Ён усміхнуўся сам сабе такому параўнанню. Не, і сапраўды, крупінкі нагадваюць рыс. А які ён, той сапраўдны рыс, калі яшчэ ляжыць ва ўпакоўцы, у краме? Ці памятае Рог?

Рогам ён быў не заўсёды. Калісьці ён быў Рогавым Аляксандрам Пятровічам, нядрэнным майстрам па рамонце бытавой тэхнікі. Правіў пральныя машыны, прасы ды шмат чаго яшчэ. Знаёмых было шмат, усім быў патрэбен. Хто грошы даваў, а хто і магарыч. Асабліва суседзі. Як з іх грошы браць. Так, неўпрыкмет, і ўцягнуўся. У адрозненне ад многіх, ён ніколі не буяніў. Вып'е — і спаць. Жонка лаялася, вядома, дык то баба, яна павінна лаяцца на мужыка. Потым ён стаў болей выпіваць, кожны дзень. Да таго часу дачка ўжо вырасла, пайшла вучыцца. Ды жонка стала хварэць. Працягнула пару гадоў і сканала. Дачка падчас вучобы хлопца знайшла сабе, пераехала да яго. Маўляў, жыць буду з ім. Нейкім грамадзянскім шлюбам. Напрыдумлялі распусту. Як гэта жыць нераспісаным? Але яму было ўсё роўна. З працы Рога вытурылі. Ды сябры не далі сумаваць: штодзень кватэра патанала ў папойках. У рэдкія гадзіны прасвятлення задумваўся: што ж ён робіць, што будзе далей? Але пасля першага ж кілішка гэтыя думкі знікалі. Якраз у той час і з'явіўся злашчасны Ахмет, "гарачы хлопец" з Каўказа. Ён даваў Рогу грошай на выпіўку, нават прадукты прыносіў калі-нікалі. Казаў, што Рог яму падабаецца і яны могуць пасябраваць. Але хутка "сяброўства" скончылася. Ахмет паказаў яму лісток з пазыкамі. А там набегла, па яго падліках, круглая лічба. Ён прапанаваў Рогу прадаць кватэру. А за гэта абяцаў спісаць доўг і даць іншую кватэру, крыху горшую. Рог спачатку вагаўся. Ахмет хадзіў некалькі дзён да яго і прыстрашыў, што за даўгі Рог будзе харкаць крывёю. Яму прыйшлося пагадзіцца. Дачцэ ён нічога не паведамляў, бо нават і нумара тэлефона не ведаў. Вырашыў, што потым паведаміць свой новы адрас. Пасля пераафармлення кватэры Ахмет прапанаваў абмыць пагадненне. Яны выпілі ў аўтамашыне, і Рог заснуў. А прачнуўся на сметніку, у суседнім горадзе. Зразумеў, што яго ашукалі. Ён застаўся без кватэры, без грошай і дакументаў. Выйсця не было. Некалькі дзён Рог бадзяўся па звалцы. Потым пазнаёміўся з такім жа таварышам па няшчасці. Той прапанаваў перабрацца на гарадскую ўскраіну, у падвал. Там і цяплей, і сытней. Яны перабраліся. А праз колькі дзён таварыш недзе згінуў. Проста не з'явіўся начаваць, і больш Рог яго не бачыў. Абжывацца прыйшлося самому. Рог зразумеў: каб выжыць, ён павінен быць непрыкметным. Нікога не чапаць, нікому не замінаць, быць, як той казаў, цішэй вады, ніжэй травы. Так ён і рабіў. Вось ужо два гады ён жыве ў падвале шматкватэрнага дома. Мае ўтульны куток каля цеплатрасы, сваю тэрыторыю, на якую ніхто не квапіцца.

Рог агледзеў апошні сметнік і вырашыў: на сёння ўсё, пара і дамоў. Ён абсталяваў сабе даволі нядрэннае жытло, там ціха і цёпла. Можна будзе павячэраць, ёсць нават крыху "чарніла". Ад гэтай думкі ногі самі рушылі шпарчэй. Па абледзянелых прыступках ён спусціўся ў падвал і ўпэўненым крокам накіраваўся да свайго "жытла". Вось і прыхаваная бутэлька. Саладкаватая вадкасць прыемным цяплом разлілася па жылах. А што, сёння не самы горшы дзень быў. Можна крышку і адпачыць. Розныя думкі палезлі ў галаву. От, некалі яму пашанцуе. Ён знойдзе ў сметніку сумку з грашыма. Ужо не раз знаходзілі ў сметніку каштоўныя рэчы. Ён чуў такое ад бывалых бамжоў. Вось тады ён зажыве. Па-першае, купіць цэлую скрыню "чарніла". Па-другое, купіць сабе кватэру. А па-трэцяе... Што будзе па-трэцяе, ён пакуль не ведае. Але абавязкова нешта прыдумае. Так, некалі яму абавязкова пашанцуе.

Яго салодкія думкі перапыніла ціхая валтузня, нейкія незразумелыя гукі. Падсвядома Рог адчуваў, што там робіцца нешта нядобрае. Бо ў такі позні час ніхто не палезе ў засмечанае сутарэнне. Але ж што там адбываецца? Можа, гэта нечым пагражае і яму? Рог паціху пасунуўся наперад і асцярожна выглянуў з-за рога. Спачатку ён нічога не зразумеў. А калі зразумеў, то ў яго перахапіла дыханне. Мітуслівае святло маленькага ліхтарыка выхапіла з цемры скурчаную дзяўчынку год дзесяці-дванаццаці з заклееным скотчам ротам. Яна сядзела каля сцяны, адчайна падавала мыкаючыя гукі і вадзіла перад сабой здзічэлымі вачамі. Каля яе стаяў высокі малады хлапец і скрозь зубы сіпеў:

— Сядзі ціха! Чуеш, што кажу? Калі будзеш паводзіць сябе добра — мы цябе адпусцім. Разумееш, што кажу?

Дзяўчынка не разумела. Гукі перайшлі ў скуголенне, яна нават паспрабавала прыпадняцца. Тады другі, той, што трымаў ліхтарык, ударыў яе нагой:

— Табе ж сказалі — сядзі ціха. Мы толькі крыху пазабаўляемся. Будзеш нас слухаць, і ўсё будзе добра. Давай, Дзімон, трымай яе, я першы.

Рог умомант успацеў. Што ж гэта робіцца? Няўжо яны будуць гвалтаваць беднае дзіця? Ці яны нелюдзі якія? Што за свет цяпер, калі такое магчыма? Яму ўспомнілася дачка, яго Каця. Чамусьці згадаў, як ён вёў яе за руку ў першы клас. З вялікімі белымі бантамі, ранцам, з непасрэднай дзіцячай сур'ёзнасцю яна ішла па вуліцы. І ён тады ганарыўся, што ў яго падрасла такая прыгажуня. Як даўно было ўсё тое. І дзе цяпер Каця, дзе цяпер ён... Як недарэчна склалася жыццё. Чаму ён не павёў гэтак жа ўнучку ці ўнука? Што ён зрабіў са сваім жыццём? Рогу раптам падалося, што гэта яго маленькую Кацю хочуць згвалтаваць, зруйнаваць яе жыццё, як ён зруйнаваў сваё. Яго кінула ў жар. Рог рашуча вылез са схованкі. Святло ліхтарыка трывожна прыпала да яго.

— Глянь, Дзімон, бомж. Ты адкуль узяўся тут, бамжара?

— Хлопцы, адпусціце дзяўчыну. Што ж вы вырабляеце? Ці ж так можна? — з надрывам выгукнуў Рог.

— Ну ты даеш, бамжара, — зарагатаў той, што трымаў ліхтарык. — Абаронца знайшоўся. А ну, валі адсюль. Калі не — то закапаем тут жа, на месцы.

— Хлопцы, па-добраму прашу, — Рог зрабіў крок наперад.

— Ага, ты хочаш, каб цябе правучылі. Зараз...

На яго рушыў Дзімон. Але як толькі Дзімон падступіў да яго, Рог ударыў гвалтаўніка падрыхтаваным загадзя кавалкам арматуры. Удар трапіў таму ў плячо, Дзімон гучна заенчыў не сваім голасам, схапіўся за балючае месца і аж прысеў ад болю.

— Ну, бамжара, трымайся, — зароў другі гвалтаўнік і кінуўся на Рога. У ягонай руцэ бліснуў нож.

— Бяжы, дзяўчынка, бяжы, — што ёсць моцы закрычаў Рог, — я затрымаю іх.

Ён замахнуўся арматурай на нападаючага. Той адскочыў і асляпіў святлом ліхтарыка Рога. Рог закрыў рукою вочы, спрабаваў яшчэ раз ударыць, але адчуў нешта халоднае і адначасова гарачае ў жываце. Востры боль пранізаў цела. Ён выдыхнуў і захлынуўся крыкам. Пасля адчайна схапіўся за руку, што на нейкі момант затрымалася каля яго і, падаючы, з усіх сіл упяўся зубамі ў перадплечча нападаючага. Пацягнуў за сабою і гвалтаўніка. Той упусціў ліхтарык, захрыпеў ад болю і паспрабаваў вызваліць руку. Другой рукой ён стаў лупіць Рога па галаве. Але Рог не здаваўся. З апошніх сіл ён сціснуў зубы і рукамі абшчаперыў нападаючага. Ужо страчваючы прытомнасць, ён чуў, як тупалі дзіцячыя ножкі па бетоне, як недзе ўдалечыні бухнулі дзверы.

"Уратаваў, дапамог, паспеў. У яе будзе добрае і доўгае жыццё. Хай жыве, невядомая Кацюша", — апошняя думка адляцела ў вышыню разам з прытомнасцю. Нядоўга кружыла ў цёмным скляпенні, вырвалася праз нябачную адтуліну, паднялася над домам, над горадам, над зямлёю і ціха паплыла ў далёкія хвалі Сусвету.

←На чаше весов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика