Як супрацьстаяць росту адмоўнага сальда?

Источник материала:  

Шляхі ліквідацыі дэфіцыту гандлёвага балансу наш карэспандэнт абмяркоўвае з беларускім эканамістам, членам Грамадска-кансультацыйнага савета пры Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Л.Ф. Заікам.

Як супрацьстаяць росту адмоўнага сальда?— У гады грамадзянскай вайны быў такі лозунг: "Усе на барацьбу з Дзянікіным!". Калі яго перайначыць, то сёння для нашай эканомікі надзвычай актуальны лозунг: "Усе на барацьбу з адмоўным сальда!". Чаму яго неабходна ліквідаваць "як клас" і чым гэтая з'ява пагражае ўсім нам, звычайным людзям, многія з якіх далёкія ад мудрагелістых эканамічных тэрмінаў?

— З'ява гэта сапраўды малапрыемная і дрэнна ўплывае на стан эканомікі краіны. З-за росту адмоўнага сальда гандлёвага балансу вымываюцца валютныя запасы і з часам можа ўзнікнуць небяспека стабільнасці курсу нацыянальнай валюты. Не выключана нават і дэвальвацыя, а яе наступствы вядомыя: рэзкі рост цэн і зніжэнне ўзроўню жыцця. А гэтага нікому не хочацца. Па выніках 2010 года адмоўнае сальда склала крыху менш за 10 млрд дол. ЗША. Па выніках крызіснага 2009 года — 7,3 млрд дол. ЗША. Відавочна, што сітуацыю трэба пераламаць.

У аснове нашага гандлёвага дысбалансу ў многім ляжыць, як гэта ні дзіўна прагучыць, недаацэнка схаванай пагрозы паскоранага росту спажывання. Глядзіце: летась валавы ўнутраны прадукт (ВУП) вырас на 7,6%, а зарплата — на 12%. Мы па-ранейшаму захапляемся імпартам як спажывецкіх тавараў, так і рознага абсталявання, запчастак. У мінулым годзе валютныя выдаткі на набыццё замежных камплектуючых, матэрыялаў выраслі ў паўтара раза. Як тут не павялічвацца лічбе мінуса гандлёвага балансу!

Ведаеце, а былі перыяды ў 90-х гадах, калі Беларусь мела станоўчае гандлёвае сальда. І самае цікавае, што мы і не імкнуліся яго дасягаць. Атрымлівалася неяк без асаблівых намаганняў. Цяпер прыйдзецца прыкласці велізарныя намаганні для таго, каб хаця б выйсці на нуль. Думаецца, невыпадкова старшыня Нацыянальнага банка Пётр Пракаповіч на адным з пасяджэнняў Савета Міністраў заклікаў засяродзіцца менавіта на паступовым змяншэнні адмоўнага сальда гандлёвага балансу, бо выкананне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2011-15 гады можа затармазіцца.

— Адмоўнае сальда гандлёвага балансу ўтвараецца з-за таго, што аб'ёмы імпарту перабольшваюць экспарт. Значыць, трэба як мага больш нарошчваць аб'ёмы экспарту?

— Само сабой, але не толькі. Не менш важны кірунак — скарачэнне імпарту. Я ўжо неаднойчы казаў і мушу яшчэ раз паўтарыцца: мы занадта шмат спажываем імпартных тавараў — усялякіх. У тым ліку і такіх, без якіх маглі б абысціся. Беларусы не хочуць зберагаць свабодныя сродкі, а таму з нейкім не заўсёды зразумелым спажывецкім азартам трацяць грошы. Летась на 17% вырас узровень спажывання насельніцтва Беларусі. У сярэднім кожны працоўны з сотні заробленых долараў адкладвае толькі пяць. Гэта вельмі мала па сусветных мерках. Дык вось, скарачэнне тэмпаў спажывання станоўча паўплывае на паніжэнне адмоўнага гандлёвага сальда. Бо з часам мы сапраўды станем перад неабходнасцю ўзяць на ўзбраенне лозунг: "Усе на барацьбу з адмоўным сальда!". І пачынаць трэба будзе з сябе.

— Гэта так цяжка — абмяжоўваць свае патрэбы, бо да добрага чалавек хутка прывыкае.

— Навошта моцна сябе абмяжоўваць, але можна ж дадатковыя грошы пасля павышэння зарплаты аднесці ў банк, размясціць на рублёвым ці валютным дэпазіце. І краіне карысць будзе, і чалавеку з часам грошы акажуцца вельмі дарэчы. Але не. Мы лепш возьмем нятанны крэдыт і купім дарагі джып.

— Імпартны, між іншым. Чаму імпарт ужо не першы год перамагае беларускі экспарт?

— Для нас сярод іншых прычын, якія ў той ці іншай ступені ўплываюць на рост адмоўнага сальда, галоўнай з'яўляецца гандаль з Расіяй. Гэта аснова гандлёвага дысбалансу Беларусі. Бо з краінамі Захаду мы ў цэлым маем станоўчае знешнегандлёвае сальда. Калі мы, як удзельнікі Мытнага саюза, будзем набываць у Расіі танную нафту, пасля перапрацоўкі прадаваць нафтапрадукты ў заходнія краіны, то адмоўнае сальда пачне хутка зніжацца. І ўвогуле варта было б павялічыць гандлёвую экспансію ў Расію, больш эфектыўна выкарыстоўваць стартавыя магчымасці Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі. Але гэта тэма асобнай размовы.

— А пакуль давайце пагаворым пра іншыя прычыны, якія садзейнічаюць росту адмоўнага сальда. Напрыклад, энергаспажыванні ў прамысловасці.

— Вялікая энергаёмістасць нашай прамысловасці, празмернае (па сучасных мерках) спажыванне энергарэсурсаў пры вялікіх цэнах на імпартныя энерганосьбіты таксама ўносіць значны ўклад у гэту праблему. Таму далей ужо нельга цягнуць, варта паступова пачаць цывільнымі спосабамі і без сацыяльных наступстваў для насельніцтва пазбаўляцца ад стратных гаспадарак і прадпрыемстваў, прадаваць неэфектыўныя вытворчасці інвестарам. Зараз самы час для прыняцця рашучых мер па ўкараненні энергазберагальных тэхналогій на айчынных прадпрыемствах, рэалізацыі новых падыходаў у энергазберажэнні ў маштабах краіны. Новыя вытворчыя памяшканні, у тым ліку і для малога і сярэдняга бізнэсу, узводзіць хутка і толькі з якасна новых энергазберагальных матэрыялаў. Замена паўсюдна традыцыйных электралямпаў на энергазберагальныя таксама дасць вялікую эканомію энергіі.

— У нашай знешнегандлёвай статыстыцы ёсць такая пазіцыя: "краіны па-за межамі СНД". Да іх залічваюцца і дзяржавы Лацінскай Амерыкі. У Бразілію нядаўна ад'ехаў першы беларускі пасол. Што ён можа і павінен канкрэтна зрабіць для прасоўвання нашага экспарту?

— Бразілія і самая вялікая краіна гэтага кантынента, і вельмі перспектыўны рынак для збыту прамысловай прадукцыі многіх краін. Хоць і вельмі і вельмі няблізкі рынак. А таму для яго асваення патрэбна фарміраванне новай стратэгіі экспарту. Я маю на ўвазе стварэнне сумесных зборачных вытворчасцяў. Практыка многіх вядучых замежных, ды ўжо і беларускіх прадпрыемстваў паказвае, што гэта эфектыўны шлях працы са знешнегандлёвымі партнёрамі. Напрыклад, "Фальксваген" пабудаваў у Бразіліі свой зборачны завод па выпуску аўтамабіляў. А чаму б нашым гігантам індустрыі не заняцца пераносам часткі вытворчасці ў краіны Лацінскай Амерыкі? У той жа Бразіліі можна развіваць сетку прадпрыемстваў па зборцы беларускіх трактароў, МАЗаў, халадзільнікаў.

— Арабскі Усход усё больш ахопліваюць перамены. Наколькі важным для нас партнёрам могуць стаць яго краіны?

— Яны — патэнцыйна выгадныя партнёры. Так, арабскі Усход пакуль перажывае этап палітычнай нестабільнасці, але гэта часова. Сёння там ёсць і потым будзе патрэба ў прадуктах харчавання. І нашы малочныя вырабы, у прыватнасці, сухое малако, там будуць запатрабаваныя. Аб сельскагаспадарчым экспарце, асабліва малочным, апошнім часам у нас гаворыцца шмат. Аднак для яго павелічэння трэба як мінімум забяспечыць рост аб'ёмаў прадукцыі сельскай гаспадаркі, каб было чым гандляваць з далёкім замежжам. Гаворым "экспарт" — маем часцей за ўсё на ўвазе прадукцыю нашых вядомых беларускіх брэндаў. А варта стымуляваць і экспартную актыўнасць сярэдніх і малых прадпрыемстваў, развіваць іх здольнасць зарабляць валюту.

— Рэалізацыя такой складанай задачы, як паступовы вывад на нуль адмоўнага сальда, запатрабуе мабілізацыі ўсіх магчымасцяў краіны, у тым ліку і яе выгаднага геаграфічнага становішча ў цэнтры Еўропы. Тут у нас шмат рэзерваў для папаўнення валютных рэзерваў?

— Дастаткова. Беларускі транзіт і прыдарожны сэрвіс — адзін з іх. Нагадаю, Саветам Міністраў зацверджаная стратэгія развіцця транзітнага патэнцыялу Беларусі на 2011—2015 гг. Чакаецца, што ў выпадку яе ўдалага выканання ўжо ў 2015 годзе агульны аб'ём прыбыткаў ад транзіту (без уліку прыбыткаў ад транзіту нафты і прыроднага газу па магістральных трубаправодах) складзе 2,4 мільярда дол. ЗША, або 160,2% да ўзроўню 2010 года. Паслуг аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу — 1,2 мільярда (180,3%). Каб выйсці на намечаныя лічбы, давядзецца напружана папрацаваць. Прычым і з розумам і, я сказаў бы, з элементамі дзелавой хітрасці.

— І якім чынам можна хітрыць на транзіце? Аблічваць і падманваць?

— Барані Бог! Як вы маглі такое падумаць. Наадварот, ствараць найлепшыя, кажучы мовай эканамістаў, канкурэнтаздольныя ўмовы транзіту праз нашу краіну. Працаваць лепш у двух кірунках. Прымаць канкрэтныя захады па паскарэнні міжнародных грузаперавозак чыгуначным і аўтамабільным транспартам па тэрыторыі Беларусі. Яно і зразумела: усе адпраўшчыкі і атрымальнікі грузаў зацікаўленыя ў іх хуткім і бяспечным руху праз тэрыторыю замежнай дзяржавы, у дадзеным выпадку Беларусі. Значыць, мы павінны ісці насустрач пажаданням кліентаў, думаць над тым, як паскорыць транзіт без страт яго якасці. А для гэтага варта хутчэй ствараць на тэрыторыі Беларусі запланаваныя 18 транспартна-лагістычных цэнтраў і 10 лагістычных цэнтраў, асабліва на пан'еўрапейскіх транспартных калідорах.

Іншая справа — прыдарожны сэрвіс. Праблематыку яго мы падрабязна абмеркавалі ў нашай папярэдняй гутарцы, таму не буду паглыбляцца ў яе. Дадам толькі, што вось тут у нас шырокае поле для таго, каб трохі запаволіць транзіт аўтаўладальнікаў-замежнікаў і іх пасажыраў па нашай краіне і па меры магчымасці надаць яму рысы прыемнага падарожжа. А для гэтага трэба ўсяляк ненавязліва пераконваць інтурыста не спяшацца, пераначаваць ноч-другую ў прыдарожнай гасцініцы, паспытаць прысмакі нацыянальнай кухні. Тактоўна падказваць адхіліцца ад маршруту і ў Барысаўскім раёне наведаць мясціны, якія памятаюць трагічнае адступленне арміі Напалеона, а ў Навагрудскім — музей і мясціны, якія памятаюць класіка сусветнай паэзіі Адама Міцкевіча. Ды ў кожным раёне ёсць нешта сваё адметнае і прывабнае для замежных турыстаў, толькі іх варта зацікавіць прыпыніць свой рух. Такі транзіт па аўтамабільных дарогах міжнароднага карыстання прынясе адчувальную валютную выручку.

Гутарыў Леанід Лахманенка.

←На чаше весов

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика