Бярозавы гай паблізу Малых Ліпак не крануць

Источник материала:  

Анатоль Антонавіч Гічанскі прыехаў праведаць сваю маці ў вёску Малыя Ліпкі Смалявіцкага раёна. І быў ўражаны, узрушаны ўбачаным: бярозавы гай, які даўно радаваў мясцовых жыхароў, пачалі высякаць. Навошта?

— Ён месціцца метраў за 200 ад вёскі, паміж двума меліярацыйнымі каналамі. Па-першае, гэта само па сабе вельмі прыгожае месца — тут і бярозы метраў пад 30 вышынёй, і малады беразняк. Па-другое, гай абараняе вёску ад вятроў. Па-трэцяе, здаўна сюды людзі хадзілі па бярозавік, нават у грыбы. Землі гэтыя належалі некалі мясцоваму СВК "Пліскі", які потым далучылі ў якасці філіяла да Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі. І вось быццам бы апошняя — так мне сказалі работнікі, якія толькі пачалі высечку дрэў, — вырашыла "акультурыць" гэтую тэрыторыю. Усё быццам бы збіраюцца павысякаць, павыкарчоўваць, а потым на гэтай зямлі сеяць нейкія сельскагаспадарчыя культуры. Але колькі там той плошчы — лапінка паміж каналамі недзе 50 на 100 метраў! — даводзіў нам заяўнік. Дарэчы, яго словы аб прыгожым месцы побач з вёскай нам потым у тэлефоннай гутарцы пацвердзілі і некаторыя іншыя месцічы.

Дык сапраўды, ці ёсць такі ўжо эканамічны сэнс кранаць гэты гай? Ці не атрымаецца так, што выдаткі па акультурванні невялікай плошчы будуць большымі, чым атрыманы ў перспектыве ўраджай з яе? Гэтыя і іншыя пытанні мы адрасавалі кіраўніку вытворчага аддзялення "Пліскі" ААТ "Смалявіцкая бройлерная фабрыка" Уладзіміру ПЕРАПЕЧКУ і намесніку дырэктара па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі гэтай жа фабрыкі Міхаілу СІМАНОВІЧУ. Абодва, выслухаўшы інфармацыю, паабяцалі даць адказ пасля азнаямлення з сітуацыяй на месцы. Праз дзень, пасля наведвання гаю паблізу Малых Ліпак, тлумачэнне даў, у прыватнасці, намеснік дырэктара Смалявіцкай бройлернай фабрыкі Міхаіл Сімановіч.

— Нашы работнікі высеклі толькі лічаныя дрэвы, што стаялі адзінока, і некалькі кустоў. Хоць, сапраўды, высветлілася, што нехта "заскочыў" у гай і "прыбраў" колькі дарослых дрэў. Мы гэтае пытанне ўзялі пад кантроль. Увогуле магу сказаць, што ніякага сэнсу ў высечцы пад корань усіх дрэў тут няма: гэта насамрэч вялікія аб'ёмы, сур'ёзныя выдаткі, бо многія бярозы дарослыя і давялося б прыкласці шмат высілкаў па выкарчоўцы пнёў. А пытанне, як вы кажаце, па атрыманні істотнага ўраджаю на такой плошчы гэта ўсё роўна не вырашыць, — сказаў Міхаіл Пятровіч. — Так што падстаў для хваляванняў у мясцовых жыхароў няма: гай кранаць не будзем. Больш за тое, можаце перадаць ім, што няхай самі таксама кантралююць, каб хто не "ўбіўся" туды і не чапаў дрэвы.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Таланты под крышей ОНТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика