Лячэнне з дапамогай "грамніцы"

Источник материала:  

Людзі ставіліся з павагай не толькі да саміх свечак, але і да іх аплаўленых рэшткаў, якія ўтвараліся ў выніку няўмелай апрацоўкі воску, непрапарцыянальнасці таўшчыні свечкі і яе кноту, пры не дакладна вертыкальным утрыманні яе падчас выканання розных абрадавых дзеянняў.

 Невялічкія кавалачкі такога сплаву ўтыкаліся ў хлеб і даваліся як выключна эфектыўны народны сродак пры лячэнні сурокаў у чалавека і жывёлы.

 Выкарыстоўваліся яны і ў тым выпадку, калі карова пачынала даіцца крывёю.

 У народнай медыцыне шырока выкарыстоўваўся наступны метад лячэння. Той орган цела, які трэба было засцерагчы ад хваробы або паспрыяць аднаўленню яго паўсядзённай жыццядзейнасці, выраблялі з дрэва, гліны або воску грамнічнай свечкі, насілі пры сабе як абярэг або адносілі і клалі каля свяшчэнных дрэў, камянёў-следавікоў (паводле легенд, гэтыя сляды засталіся ад ступні Багародзіцы, Хрыста або якога-небудзь святога). У розных храмах Еўропы даводзілася бачыць, як побач з яўленай або міратачывай іконай, да якіх звярталіся па дапамогу аб пазбаўленні ад розных хвароб, знаходзілася мноства гэтых "органаў", выплаўленых з серабра і ахвяраваных храму і абразу пасля выздараўлення.

 "Сплавамі" грамнічнай свечкі падкурвалі малых дзяцей, калі тыя палохаліся; калі некага пачынала калаціць ліхаманка, то яго "ачышчалі" святлом і дымам свечкі і адначасова чыталі спецыяльныя замовы.

 Лічылася, што цяля будзе хутка расці, калі адразу пасля ацёлу абкурыць саскі каровы агаркамі грамнічнай свечкай і чаборам.

 Абкурванне агаркам выконвалі і тады, калі трэба было пачынаць прасці ніткі, калі закладвалі навой для ручніка або посцілак, калі заканчвалі плесці рыбацкую сетку, калі апраналі новае.

 Калі перад наступнымі Грамніцамі ад мінулагодняй свечкі заставаўся зусім маленькі агарак, яго пакідалі і надалей выкарыстоўвалі для розных мэтаў — як зноў-такі лекавы сродак і адзін з моцных амулетаў.

 Пры ўмове, што на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася яшчэ вялікая частка, яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды, а затым непасрэдна перад Грамніцамі.

Аксана КАТОВІЧ, Янка КРУК.

←Таланты под крышей ОНТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика