Куды будзе падоўжаны маршрут? Да Караганды!

Источник материала:  

Чыгуначныя зносіны з замежжам плануецца пашырыць і палепшыць

Беларуская чыгунка плануе адкрыццё новых міжнародных маршрутаў з уводам з 29 мая графіка руху пасажырскіх цягнікоў на 2011-2012 гады.

У Калінінградзе на нарадзе ўпаўнаважаных прадстаўнікоў чыгуначных адміністрацый краін СНД і Балтыі быў узгоднены парадак абарачэння міжнародных пасажырскіх цягнікоў, прычапных і бесперасадачных вагонаў у міжнародных зносінах на будучы сезон. Беларуская чыгунка нароўні з іншымі разам з захаваннем у новым графіку дзейных маршрутаў руху пасажырскіх цягнікоў узгадніла і запланавала да ўвядзення ў абарачэнне новыя цягнікі. Так, плануецца ўвесці цягнік па маршруце Мінск — Архангельск (праз Маскву) перыядычнасцю курсіравання адзін раз на тыдзень, што дазволіць больш актыўна развіваць сацыяльна-эканамічныя сувязі нашай краіны з паўночнымі рэгіёнамі Расіі.

У сувязі з устойлівым попытам і станоўчай дынамікай росту пасажырскіх перавозак маршрут руху цягніка Брэст — Баранавічы — Чалябінск запланавана падоўжыць да Караганды. Цягнік будзе ісці праз Астану. Таксама ўводзіцца новы цягнік па маршруце Гродна — Кіеў — Сімферопаль. Плануецца, што ў летні перыяд ён будзе хадзіць да Сімферопаля, а ў зімовы — да Кіева.

Запланавана, што на парытэтнай аснове з Латвійскай чыгункай адновяцца чыгуначныя зносіны па маршруце Мінск — Рыга, удакладніла прэс-служба Беларускай чыгункі.

У выніку рэалізацыі першага этапу плана сумесных дзеянняў беларускай і літоўскай чыгунак па арганізацыі хуткасных зносін Мінск — Вільнюс у новым графіку руху плануецца скараціць з 4 да 3 гадзін час руху двух цягнікоў, што ідуць па маршруце Мінск — Вільнюс. Іх адпраўленне прадугледжанае са сталіц Беларусі і Літвы ў зручны ранішні і вячэрні час у сустрэчным руху.

У сувязі з запланаваным сёлета ўводам у дзеянне спрошчанага візавага рэжыму для грамадзян, што пражываюць на сумежных пагранічных тэрыторыях Беларусі і Літвы, чыгуначныя адміністрацыі абедзвюх краін пасля ратыфікацыі адпаведнага пагаднення плануюць увесці ў абарачэнне на парытэтнай аснове дзве пары пасажырскіх цягнікоў па маршруце Ліда — Вільнюс.

З улікам зацікаўленасці пасажыраў у бесперасадачных зносінах з Азербайджанам плануецца ўвесці ў абарачэнне бесперасадачны вагон Брэст — Баку. Таксама плануецца ўвесці аналагічны вагон па маршруце Чыта — Мінск, што абслугоўваецца расійскай Федэральнай пасажырскай кампаніяй.

З мэтай палепшыць абслугоўванне пасажыраў плануецца змяніць маршруты руху цягнікоў №64/63 Мінск — Іркуцк, №113/114 Новасібірск — Брэст і №144/143 Брэст — Новасібірск. З уводам новага графіка маршруты гэтых цягнікоў будуць праходзіць праз Маскву, Уладзімір, Ніжні Ноўгарад і Перм.

Сяргей РАСОЛЬКА.

←Таланты под крышей ОНТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика