На "Лініі Сталіна" прадэманструюць рэканструкцыі баёў і ўнікальны экспанат Т-44

Источник материала:  

У выхадныя ўсе аматары актыўнага адпачынку маюць выдатную магчымасць з карысцю правесці вольны час. На тэрыторыі гісторыка-культурнага комплексу "Лінія Сталіна" пройдзе ваенна-спартыўнае свята, прысвечанае Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў і Дню абаронцаў Айчыны. Усе тыя, каго цікавіць гісторыя, змогуць убачыць рэканструкцыю фрагментаў бітвы ў гарах Афганістана і тое, як пачыналася вызваленне Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны (бітва за Мінск распачалася зімой якраз у месцах, дзе зараз знаходзіцца "Лінія Сталіна", у 1939-м тут праходзіла дзяржаўная мяжа Савецкага Саюза, а ў 1941-м — адзін з першых рубяжоў абароны). Не абыдзецца без паказальных выступленняў спецназу і кінолагаў. У рэканструкцыі возьме ўдзел толькі што рэстаўраваны танк Т-44, унікальны не толькі тым, што з 1944-га ўдзельнічаў у баях, але і сваёй рэдкасцю — іх было выпушчана менш за тысячу. Пахваліцца такім экспанатам можа далёка не кожны музей. На "Лініі Сталіна" яго збіралі літаральна па частках, і цяпер наведвальнікі могуць ацаніць вынікі працы рэстаўратараў.

Што яшчэ чакае гледачоў і ўдзельнікаў, нам расказаў адзін з арганізатараў свята, старшыня папячыцельскага савета дабрачыннага фонду памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў "Памяць Афгана" Аляксандр Галубовіч:

— Наша ваенна-спартыўнае свята прысвечана Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, якое мы адзначалі 15 лютага, і Дню абаронцы Айчыны, якое адсвяткуем 23 лютага. Распачнуць праграму паказальныя палёты верталёта МІ-2, які будзе пілатаваць старшыня мінскага аэраклуба Мікалай Мачанскі. Потым гледачы ўбачаць рэканструкцыі двух баёў. Разведчыкі 120-й дывізіі прадэманструюць рэканструкцыю "Дзесьці ў гарах Афгана" — яны "адаб'юць нападзенне душманаў на блокпост". Зімовае надвор'е не перашкодзіць успрыняццю — дзесьці высока ў гарах заўсёды ляжыць снег. Другая рэканструкцыя — бой за вызваленне Беларусі. Гэтая кампанія якраз пачалася зімой 1943-га. Арганізаваць рэканструкцыю ўдалося з дапамогай клуба "Салдаты Перамогі" — гэта хлопцы, якія цікавяцца гісторыяй, яны будуць у чырвонаармейскай і фашысцкай форме. Затым выступіць спецназ Унутраных Войскаў і кінолагі з кіналагічнага цэнтра Узброеных Сіл.

Пачатак усіх мерапрыемстваў — у 13 гадзін. Прадугледзелі арганізатары не толькі відовішчы. Акрамя двух кавярняў, да паслуг наведвальнікаў на тэрыторыі комплексу будуць разгорнуты палявыя кухні. Арганізатары запрашаюць на свята ўсіх тых, хто цікавіцца нашай гісторыяй і любіць актыўна і з карысцю адпачыць.

Алена КРАВЕЦ.

←Таланты под крышей ОНТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика