РОЗГАЛАС

Источник материала:  
Новыя пашпарты мінчан — пры дапамозе SMS-апавяшчэння

У хуткім часе пра дзень атрымання пашпарта мінчане змогуць даведацца пры дапамозе новай паслугі — "SMS-апавяшчэнне".

Як паведаміў начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі ГУУС Мінгарвыканкама Ігар Дарашчонак, цяпер падобная паслуга тэстуецца ў Ленінскім, Першамайскім і Партызанскім раёнах сталіцы. Калі яна будзе карыстацца попытам, падобнае новаўвядзенне з'явіцца і ў іншых раёнах горада.

— Паслуга бясплатная, — патлумачыў Ігар Дарашчонак. — Пры падачы дакументаў на афармленне нацыянальнага пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь дастаткова ўпісаць у невялікі бланк сваё прозвішча, хатні адрас і нумар мабільнага тэлефона, а калі дакумент будзе гатовы, яму аператыўна паведамяць пра гэта пры дапамозе SMS-паслання.

Яўген АЛЕЙНІК, "Мінск—Навіны".

Афера з аўто

Хітрун прадаў чужую машыну, а ў міліцыі заявіў пра тое, што яе ўкралі

Няхітрую аферу з продажам аўтамабіля "Сітраен С4", на якой мужчына ездзіў па даверанасці, ён пракруціў у верасні мінулага года. А пасля гэтага, паводле звестак Ленінскага РУУС сталіцы, прайдзісвет прыйшоў у міліцыю з заявай: маўляў, машыну нехта ўкраў са стаянкі, якая не ахоўваецца. І гаспадыні аўтамабіля слова ў слова выклаў такую ж версію таго, што адбылося. Жанчына, у сваю чаргу, не падазраючы пра тое, што адбылося насамрэч, звярнулася ў сваю страхавую кампанію з патрабаваннем выплаціць ёй кампенсацыю.

Аднак у хуткім часе афера была раскрыта. А ў адносінах да зламысніка заведзена крымінальная справа адразу па трох артыкулах КК: "Прысваенне і растрата маёмасці", "Заведама несапраўдны данос аб учыненні злачынства, учынены з карыслівых мэт" і "Замах на завалоданне маёмасцю шляхам падману і злоўжывання даверам".

У чужое жыллё — пад выглядам сына

Пакуль знаёмы спаў, зламыснік пераапрануўся ў яго куртку, узяў ключы ад кватэры і пайшоў красці...

Натхніла на "подзвігі" злодзея сумеснае застолле: паводле звестак прэс-афіцэра Заводскага РУУС Тамары Рулінскай, ён убачыў, што знаёмы моцна спіць, і, "замаскіраваўшыся" пад яго, у шэсць гадзін раніцы пранік у чужую кватэру. Там ён адразу накіраваўся ў пакой сябра, дзе разжыўся 800 доларамі ЗША. Толькі тут шанцаванне і скончылася: гаспадыня дома пачула шум і раскусіла, што ў кватэры знаходзіцца не сын, а чужы чалавек. Прыйшлося візіцёру ўцякаць праз акно. Толькі вось пакідаў ён месца злачынства ў спешцы, а таму забыў у куртцы сябра свой мабільны тэлефон, што ў выніку яго і падвяло...

Ігар ГРЫШЫН.

Не заплаціў падаткі на 1,8 мільярда

Работнікамі ўпраўлення Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі па Віцебскай вобласці заведзена крымінальная справа ў дачыненні да дырэктара прыватнага прадпрыемства, жыхара Віцебска, які "зэканоміў" на падатках больш за 1,8 млрд рублёў.

Фірма спецыялізуецца на аптовым гандлі металапракатам. Устаноўлена, што ў 2009-2010 гадах пры рэалізацыі металапракату шляхам зламыснага заніжэння падатковых баз дырэктар ухіліўся ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры.

Па вуліцы з... наркотыкамі

У Віцебску недалёка ад чыгуначнага вакзала — на вуліцы Касманаўтаў а дванаццатай гадзіне ночы супрацоўнікі міліцыі затрымалі 35-гадовага мужчыну, мясцовага жыхара, пры якім былі наркотыкі. Гэта адбылося падчас правядзення аператыўных мерапрыемстваў па спыненні каналу пастаўкі наркатычных і псіхатропных сродкаў з тэрыторыі Расіі.

Пры асабістым аглядзе затрыманага, як высветлілася, беспрацоўнага, вартавыя парадку знайшлі больш за 11 грамаў асабліва небяспечнага наркотыка — метамфетаміна і больш за 7,2 грама гашышу. Толькі з аднаго грама метамфетаміна зелля можна зрабіць 10-15 доз для ўжывання, кошт кожнай — прыблізна 10 долараў. Заведзена крымінальная справа.

Аляксандр ПУКШАНСКІ.

Суд разабраўся

Грамадзянка Расіі, якая пражывае ў Германіі, пазнаёмілася праз інтэрнэт з жыхаром Баранавічаў, і неўзабаве яны сустрэліся.

Мужчына пазычыў у расіянкі 1 тыс. еўра і паабяцаў вярнуць часткамі. Пазыку яны аформілі пісьмова. Калі праз пэўны час жанчына даведалася, што яе выбраннік жаніўся на былой сужыцельцы, то прыйшла да яго на кватэру з незнаёмым мужчынам і патрабавала грошы. Грошай не было, і тады "госці" моцна пабілі даўжніка і прыхапілі яго фотаапарат. Міліцыя расіянку затрымала і пасадзіла ў ізалятар. А затым быў суд, які аштрафаваў затрыманую на 7 мільёнаў, і адзін мільён яна павінна выплаціць пацярпеламу. Той палічыў рашэнне суда мяккім і абскардзіў прыгавор. Брэсцкі абласны суд пакінуў яго ў сіле.

Сеў за руль...

25-гадовы жыхар в. Гірава ехаў ад Баранавічаў у бок Стоўбцаў на аўтамашыне "Сеат".

Каля в. В. Каўпеніца ён не справіўся з кіраваннем і аўтамашына вылецела на абочыну. На кіроўцы не было пояса бяспекі, і калі "Сеат" некалькі разоў перакуліўся, то кіроўца выпаў з аўтамабіля і трапіў пад яго. Хлопец загінуў. У мінулым годзе ён быў пазбаўлены правоў за кіраванне аўтамабілем у п'яным стане, але тым не менш зноў сеў за руль.

Сымон Свістуновіч.

Жыхаркі Чэрвеньскага раёна абвінавачваюцца ў забойстве

39-гадовая жанчына абвінавачваецца ў забойстве свайго сужыцеля, 46-гадовая — у забойстве знаёмага.

Пацярпелыя, 42-х і 45-ці гадоў, загінулі ад удараў, нанесеных нажом у грудзі і спіну падчас сваркі, у тым ліку ў адным выпадку пасля сумеснага распіцця спіртнога. Як паведаміла старшы памочнік пракурора Мінскай вобласці Таццяна КАЛІНІНА, абедзве жанчыны знаходзіліся нападпітку. Адна з іх, 39-гадовая, нідзе не працавала, раней прыцягвалася да крымінальнай адказнасці. Другая працавала майстрам вытворчага навучання ў навучальнай установе. Вядзецца следства. Да ведама: летась у Мінскай вобласці жанчыны здзейснілі 12 забойстваў.

Надзея ДРЫЛА.

←Таланты под крышей ОНТ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика