Афера прынесла махляру $780 тысяч
Гэтыя грошы прайдзісвету "ахвяравала" 20 пацярпелых
Знешнасць бывае падманлівай — у гэтым у чарговы раз пераканаліся людзі, якія даверылі зламысніку вялікія грошы, а ўзамен нічога не атрымалі. Купіўшыся на тое, што мужчына мае дарагі мабільнік і ездзіць на крутым аўтамабілі, прасцякі пагаджаліся з яго прапановамі на вядзенне сумеснага бізнэсу. Як яны ашукваліся...
Са сваімі ахвярамі, паводле звестак Ленінскага РУУС, прадпрымальны мінчанін знаёміўся на розных курсах і трэнінгах. Хітрун настолькі пераканальна распісваў "паветраныя замкі", што людзі ўкладвалі ў іх будаўніцтва дзясяткі тысяч долараў ЗША. Гэтыя грошы, між іншым, пасля знікалі на замежных рахунках аферыста. Такім чынам ён змог задурыць галовы 20 чалавекам, якія ў агульнай колькасці аддалі прайдзісвету 780 тысяч долараў. У дачыненні махляра заведзеная крымінальная справа.
Ігар ГРЫШЫН.