...А сродкамі абароны трэба карыстацца

Источник материала:  

Тэмпы росту выпадкаў інфекцый, якія перадаюцца палавым шляхам, у апошнія пяць гадоў паступова зніжаюцца, аднак да таго ўзроўню, які ёсць сёння ў развітых краінах, нам яшчэ далекавата. Летась у Мінску было выяўлена 6077 упершыню зарэгістраваных выпадкаў ІППШ, па Беларусі — 33 255 выпадкаў.

Калі вы маеце жаданне абследавацца на ІППШ, у тым ліку і на ВІЧ-інфекцыю, не абавязкова шукаць камерцыйныя медцэнтры. Абследавацца можна ў дзяржаўных скурна-венералагічных дыспансэрах краіны, а таксама ва ўралагічных кабінетах і жаночых кансультацыях тэрытарыяльных паліклінік. Вынікі праведзеных аналізаў будуць максімальна дакладнымі. Лабараторыі мінскага гарадскога скурна-венералагічнага дыспансэра валодаюць сучаснымі магчымасцямі для дыягностыкі венерычных хвароб і ІППШ — такімі як бактэрыяскапія, імунаферментны аналіз, рэакцыя імунафлюарэсцэнцыі, культуральны метад, малекулярна-біялагічны метад (палімеразная ланцуговая рэакцыя ў рэжыме рэальнага часу). Арганізавана ў дыспансэрах і работа кабінетаў ананімнага абследавання-лячэння ІППШ. У прыёмных аддзяленнях дыспансэраў кругласутачна, ананімна, бясплатна праводзіцца экстранная прафілактыка палавых інфекцый.

— Бясплатна можна абследавацца на сіфіліс, ганарэю і ВІЧ-інфекцыю, — тлумачыць галоўны ўрач Гарадскога клінічнага скурна-венералагічнага дыспансэра, галоўны пазаштатны спецыяліст камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама па дэрматавенералогіі Алена КАВАЛЕНКА. — За дзяржаўны кошт абследуюцца на ІППШ і цяжарныя. Наогул інфекцыю трэба шукаць там, дзе яна можа быць, і спецыяліст павінен мець на ўвазе падставы для правядзення падобнага пошуку. Урач-гінеколаг можа выдаць накіраванне на бясплатнае выяўленне герпеснай інфекцыі, калі ў пацыенткі выяўляецца дыягназ, звязаны з наяўнасцю той ці іншай палавой інфекцыі, напрыклад, эрозія шыйкі маткі з дысплазіяй. Калі ж размова ідзе пра ўласнае жаданне пацыента абследавацца на ІППШ, то адбываецца гэта за яго кошт, што абумоўлена высокім коштам сучасных метадаў даследавання...

Інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам, з'яўляюцца актуальнай праблемай сучаснай аховы здароўя, паколькі непасрэдна ўплываюць на рэпрадуктыўнае здароўе насельніцтва, а таксама істотна павялічваюць рызыку інфіцыявання вірусам імунадэфіцыту чалавека. Наогул да ІППШ адносяцца так званыя класічныя венерычныя хваробы — сіфіліс, ганакокавая інфекцыя, венерычная лімфагранулёма, мяккі шанкр, а таксама трыхаманоз, хламідыёз, герпетычная інфекцыя, венерычныя бародаўкі. Палавым шляхам магчымае інфіцыяванне кандыдозам, мікаплазмозам, гепатытамі В і С, ВІЧ-інфекцыяй. Магчымае і заражэнне каростай і лабковым педыкулёзам, некаторымі іншымі інфекцыямі. Шкода ІППШ вымяраецца тымі ўскладненнямі, якія яны выклікаюць: праблемы невыношвання цяжарнасці, узнікненне пазаматачнай цяжарнасці, развіццё жаночай і мужчынскай бясплоднасці, зніжэнне патэнцыі і нават імпатэнцыя, павелічэнне рызыкі развіцця анкалагічных захворванняў мочапалавых органаў.

Важным дасягненнем стала разгортванне сістэмы першаснай прафілактыкі ІППШ сярод вучнёўскай моладзі, уключэнне пытанняў бяспечных сэксуальных паводзін у вучэбныя праграмы, укараненне індывідуальнага і групавога кансультавання па пытаннях ВІЧ/СНІДу і ІППШ. Атрымаць адказы на любыя пытанні, звязаныя з інтымнай сферай жыцця, а таксама прайсці неабходныя абследаванні падлеткі могуць у цэнтрах дружалюбных адносінаў да моладзі, якія працуюць на базе дзіцячых паліклінік.

Дзякуючы адпаведнаму праекту Глабальнага фонду, у васьмі гарадах краіны наладжана кансультаванне і абследаванне жанчын, занятых у сэкс-бізнэсе. Паводле праведзеных у гэтай групе рызыкі даследаванняў, 62 працэнты абследаваных жанчын маюць ІППШ, што, дарэчы, крыху менш, чым у папярэднія гады. Раней узровень падобнай захваральнасці ў названай групе трымаўся на ўзроўні 70—75 працэнтаў.

Святлана БАРЫСЕНКА.

Пад словамі "інфекцыі, якія перадаюцца палавым шляхам" маюцца на ўвазе ўсе віды сэксуальнай актыўнасці, паколькі многія ўзбуджальнікі інфекцый жывуць не толькі ў палавых шляхах, але і ў ротавай поласці, заднім праходзе, вачах і г.д.

Для поўнага і хуткага выздараўлення неабходна:

l Прайсці поўны курс лячэння і кантрольнае лабараторнае абследаванне.

l Не перарываць лячэнне, паколькі гэта можа прывесці да рэцыдыву хваробы ў больш цяжкай форме.

l Цалкам адмовіцца ад алкаголю.

l Спыніць палавыя кантакты на ўвесь перыяд лячэння і кантрольнага назірання.

l Абавязкова пралячыць палавога партнёра, нават калі падчас абследавання інфекцыя ў яго не выяўлена.

←Почка отсчета

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика